— Уласна кажучы, вы, Аляксандр і Вольга, у гэтых апошніх сваіх пытаннях сфармулявалі і мае адказы на іх. Таму мне застаецца толькі дадаць трохі інтэрпрэтацыяў… У эпоху «выбуху мадэрнасці» нацыяналізм выявіўся універсальнай ідэалагічнай формулай для самых непадобных соцыумаў. Нацыяналізмам па-рознаму, але аднолькава плённа скарысталіся і даўно паўсталыя дзяржавы, і тыя, што ствараліся наноў (хаця дакладней было б сказаць, што гэта нацыяналізм імі скарыстаўся). Але трыумфальнае шэсце нацыяналізму было звязанае не з яго фантастычнай прыдатнасцю да гранічна розных сітуацыяў у якасці ідэалогіі, а з тым, што ён апынуўся найбольш эфектыўным інструментам у якасці тэхналогіі мадэрнага соцыуму. Дарэчы, на неверагодную тэхналагічнасць нацыяналізму амаль ніхто не звярнуў увагу… Зрэшты, сёння ўсё гэта ўжо амаль не мае значэння. Бо цывілізацыя культураў скончылася. Пачалася культура цывілізацыі, якая пакуль трымае назву «глабалізацыя». Зразумела, што глабалізацыя — гэта прынцыпова іншая (ад нацыяналізму) форма ідэалагічнага і тэхналагічнага ўладкавання быцця чалавека. І мы разам з усімі нацыяналізмамі (аформленымі, недааформленымі і толькі запачаткаванымі) ужо ўцягнутыя ў гэтую новую гульню ў жыццё, правілы якой, дарэчы, яшчэ толькі пачынаюць пісацца, і таму пакуль зусім не зразумела, хто ў канчатковым выніку ў ёй пераможа.
Таму натуральна, што з сітуацыі «глабалізму» перад кожным нацыяналізмам паўсталі свае і вельмі сур’ёзныя праблемы. Асноўная праблема беларускага нацыяналізму ў тым, што ён усё яшчэ застаецца без канвецыйнага нацыянальнага міфу, каб паспець з яго плённа скарыстацца перад тым, як глабальныя перарухі вельмі шмат чаго перайначаць і ў нашых сэрцах, і ў нашых галовах.
Вольга Шпарага:І як на гэтую праблему можам рэагаваць мы, інтэлектуалы?
— Тут займеннік «мы» наўрад ці будзе дарэчы, бо працоўнае месца інтэлектуала знаходзіцца ў адзіноце. І таму калі і ёсць у інтэлектуалаў нейкая агульная задача — дык гэта пашыраць і вялічыць дыскурс інтэлектуалізму… «Аднак жа ўсё існуе, каб быць прыдатным для нечага», — заўважыце вы. Ну так. Але каб не было інтэлектуальнага дыскурсу, дык ці адбыліся б мы з вамі як інтэлектуалы, а значыць ці адбыліся б і ўвогуле? За сябе адкажу, што напэўна не, я не адбыўся бы… Аб чым тут гаворка? Можа, інтэлектуалізм паўстаў і сфармаваўся як дыскурс зусім не для «нечага», а толькі для «некага». Можа, ён і існуе адно дзеля таго, каб было куды прыйсці і было дзе застацца тым, каму кон уплёў у зялёнае вецце жыцця папяровую стужку інтэлектуалізму?
Зрэшты, а чым яшчэ ёсць і само жыццё, як не ўсяго толькі месцам, куды можна прыйсці і дзе можна застацца на нейкі час?
Таццяна Слінка:У філасофскай супольнасці, ды і не толькі там, вы вядомы як той, каго няма. Аднак падаецца, што ваша дэкларацыя ўласнай адсутнасці была ўспрынятая ўсяго як эпатажнасць і выклік, але абсалютна не асэнсаваная як філасофская тэза. Можа, паспрабуйце ўдакладніць, што вы мелі наўвеце пад гэтым «мяне няма».
— Прынамсі, зусім не тое, на што зважаў Сартар, калі казаў: «Чалавек — гэта адтуліна ў быцці». Наўрад ці хто, акрамя вернікаў, спадзяецца, што я-чалавеку можна падшукаць анталагічнае алібі, але мала хто ставіў пад сумнеў наяўнасць экзістэнцыйнага алібі ў я-чалавека. Тым болей падобны сумнеў немагчымы быў для класічнага экзістэнцыялізму, які абсалютызаваў «Я» і цалкам трымаўся гэтай абсалютызацыяй. У маім выпадку ўсё выглядае радыкальна інакш. Я схільны лічыць, што «Я» — гэта толькі граматычная катэгорыя, якую мяне вымушае ўжываць мова (прыкладам таму і дадзены сказ); «Я» патрэбнае не мне, а мове, бо мова ўсёй сваёю структурай угрунтаваная ў гэтае катэгарыяльнае «Я».
Дый наагул, калі класічны экзістэнцыялізм лічыў, што чалавек напампаваны экзістэнцыяй, як футбольны мячык паветрам, дык я мяркую, што ўнутры чалавека — «экзістэнцыйны вакуум» (формула Вітара Франкла, якую ён выснаваў з досведу назірання за палоннікамі канцэнтрацыйнага лагера, ад пакутаў страціўшых «усё чалавечае»). Але ў адрозненне ад Франкла, я не бачу экзістэнцыйнай розніцы паміж чалавекам на волі і чалавекам у канцлагеры, бо з майго гледзішча, я-чалавек — гэта толькі пэўнае месца, на прасторы якога атабарваюцца і гуртуюцца самыя розныя феномены бытнага і быцця: фізічныя, біялагічныя, сацыяльныя, культурныя, ідэалагемныя і — «экзістэнцыйныя». І розніца вольнага чалавека ад палоненага не ў тым, што апошняга не выпускаюць за калючы дрот у шырокі абсяг бытнага, а ў тым, што ўся разнастайнасць феноменаў бытнага не прапускаецца праз калючы дрот на прастору чалавека. Заблакаваны ад бытнага (і тым спустошаны) вязень як найлепей дэманструе маю тэзу пра адсутнасць я-чалавека. Я — гэта толькі тое, што ёсць мною, а насамрэч — мяне, як «Я», няма… Дарэчы, я ўвогуле зачараваны феноменам Няма, прынамсі ён мяне хвалюе і трывожыць у значна большай меры, чым феномен Ёсць.
Читать дальше