Аляксандр Адамянц:Што вы думаеце аб праблемах мовы? Беларусь двухмоўная краіна, хаця гарадское насельніцтва ў асноўным размаўляе па-руску і ў многіх ёсць адмоўнае стаўленне да беларускай мовы? Якія перспектывы развою і ўзаемадачыненняў гэтых дзвюх моваў?
— Зусім нядаўна я нечакана для сябе зразумеў, што пасля маіх дзяцей самым дарагім для мяне ў гэтым жыцці з’яўляецца мова. Яна мне нават даражэйшая за свабоду і незалежнасць Беларусі. Чаму так? Можа таму, што быццё і нябыт у сваім цэлым размаўляюць са мной толькі па-беларуску (і ні на якой іншай мове яны са мной размаўляць не жадаюць). З гэтага вы лёгка можаце сабе ўявіць, як мне няўтульна ад той сітуацыі, у якой знаходзіцца сёння беларуская мова. Разам з тым, я выдатна разумею, што нават у спрыяльных умовах гэ-тая сітуацыя радыкальна не пераменіцца, і беларуская мова, бадай, ніколі не запануе спрэс. Я аб гэтым ужо шмат пісаў і таму не маю ніякай ахвоты зноў разгортваць аналітыку гэтай скрушнай тэзы. Але з яе вынікае, што ў нас няма іншага выйсця, як пазбыцца «неприятия» расійскамоўных да беларускамоўных і наадварот. Карацей кажучы: палюбі мову другога, як сваю. Інтэлектуалы тут маглі б стаць «жывым» прыкладам для ўсяго беларускага грамадства. Мірнае суіснаванне розных моваў (як канфесіяў ды рэлігіяў) — гэтак будзе натуральна для Беларусі. А ўсяляк інакш — будзе не натуральна.
« Трэці Шлях»:Дык што ў рэшце рэшт чакае беларускую мову, і на якой мове беларусы стануць размаўляць у будучым?
— Хацелася б верыць, што калі сённяшні рэпрэсіўны перыяд адносна беларускай мовы скончыцца, яна знойдзе сваё месца (і сваю ролю) у жыцці не толькі нацыянальна заангажаваных беларусаў, але і ўсяго грамадства. Разам з тым, найбольш пэўна, што Беларусь і надалей застанецца полімоўнай краінай (якой яна і была заўсёды).
Актыўна будзе пашырацца англамоўны дыскурс, патроху адсланяючы рускамоўны. Хаця, прынамсі ў бачнай перспектыве, дамінаванне рускай мовы бясспрэчна застанецца. А даўжыня гэтай перспектывы будзе залежаць ад заняпаду (ці росквіту) Расіі. У эпоху камунікатыўна адкрытых прастораў (глабалізацыі) з рускай мовай і ў Расіі неўзабаве паўстануць сур’ёзныя праблемы. І калі Расія ператворыцца ў глухую правінцыю глабальнага свету, дык хто захоча размаўляць мовай «дзярэўні», тым болей — не сваёй «дзярэўні»?
«Трэці Шлях»:Якую ролю адыгрывае родная мова ў нацыянальнай культуры, свядомасці, палітычнай стабільнасці і эканамічнай эфектыўнасці грамадства?
— Я не думаю, што, скажам, паміж мовай і эканамічнай эфектыўнасцю грамадства існуе хоць нейкая наўпроставая сувязь. Амерыканская нацыя на чужой мове стварыла самую магутную за ўсю гісторыю чалавецтва супердзяржаву. (Дарэчы, наўрад ці ў амерыканцаў атрымалася б падобнае, каб яны скарысталіся французскай альбо іспанскай мовамі, але гэта ўжо зусім іншая гаворка). А з іншага боку, немагчыма ўявіць немцаў у той значнасці, якую мы ведаем за імі, без нямецкай мовы (бадай, зусім невыпадкова немцы збудавалі сваю нацыю менавіта на этналінгвістычнай мадэлі). Адным словам, уласныя мова і нацыянальная культура камусьці дапамагаюць у палітычным і эканамічным уладкаванні, а камусьці і не (самымі беднымі і неўладкаванымі з’яўляюцца традыцыйныя грамадствы трэцяга свету, дзе родная мова і культура татальна дамінуюць).
Што да нацыянальнай самасвядомасці, дык адсутнасць уласнай мовы тут таксама адбіваецца па-рознаму. Аўстрыйцам, здаецца, не надта муляе, што яны яе не маюць (хаця, да свайго сораму, я пра гэтую праблему аўстрыякаў нічагусенькі не ведаю), а вось чэхі не супакоіліся, пакуль канчаткова не змайстравалі сабе ўласную мову. (Бачыце, суседзі, а як усё па-рознаму). У выпадку з беларусамі праблема мовы, як мне здаецца, чым далей, тым болей будзе муляць, але пры гэтым яна не будзе знаходзіць адназначнага вырашэння. Яшчэ праз нейкі (невялікі) час беларусы стануць спрэс ідэнтыфікаваць сябе беларусамі, аднак размаўляць будуць пераважна па-руску. Толькі ў адрозненне ад аўстрыякаў, унутры кожнага з беларусаў з гэтай «асіметрычнасці» запыніцца назаўжды трохі няўтульнасці, бо раз-пораз ім давядзецца перастракацца з беларусамі, якія размаўляюць па-беларуску. А ў тых яшчэ болей будзе няўтульнасці (і нязручнасці), бо бальшыня такіх самых беларусаў вакол іх гаворыць інакш.
Каб я быў палітыкам, дык узяў бы сабе адной з асноўных задач пазбавіць і тых і другіх беларусаў ад гэтай няўтульнасці.
Читать дальше