— Як толькі мы пачынаем выбіраць (хоць паміж чым), мы адразу губляем самі сябе. Мы можам быць толькі такімі, якія мы ёсць.
Андрэй Расінскі:На Беларусі, як і ў кнігах Сёрэна Кіркегара — «роспач», «страх», «няшчасце». Дык ці ёсць у нас выйсце, і дзе яно?
— Паводле Кіркегара, шчаслівы, задаволены сабой і сваім жыццём чалавек, гэта і не чалавек яшчэ, а толькі ягоная «балванка». Такімі «балванчыкамі» былі Адам і Ева ў Эдэме. І толькі калі Бог выгнаў іх у рэальнае жыццё з яго бедамі і нястачамі, яны спакваля пачалі рабіцца людзьмі. Страх, роспач і асабліва адчай — вось тыя станы, праз якія чалавек адно і можа знайсці самога сябе, адшукаць у сабе ўжо сапраўднага чалавека. Таму, калі пагадзіцца з крытэрыямі Кіркегара, у беларусаў куды болей падставаў лічыць сябе «чалавекамі», чым у самазадаволеных заходнеўрапейцаў ці амерыканцаў. Хаця, здаецца, у гэтым выпадку мы ўжо залішне спрошчваем сутнасць той этычна-рэлігійнай канцэпцыі чалавека, якую запрапанаваў нам Сёрэн Кіркегар.
Аляксандр Адамянц:Слова «інтэлектуал» адсылае нас да еўрапейскага культурнага кантэксту. Адразу згадваюцца такія прозвішчы як Ж. П. Сартр, А. Камю, М. Фуко, Ю. Хабермас, Э. Саід, М. Хомскі ды іншыя. З гэтага і пытанне: ці ёсць падставы казаць пра «беларускіх інтэлектуалаў». Ці не з’яўляецца выкарыстанне гэтага тэрміну штучным, механічным пераносам заходніх рэалій на беларускую глебу. Магчыма, для нашага беларуска-расійскага культурнага арэала больш арганічным выступае слова «інтэлігенцыя»? Аднак феномен інтэлігінцыі, у прыватнасці, «рускай інтэлігенцыі» нясе на сабе цяжар гістарычнай адказнасці за бальшавіцкую рэвалюцыю 1917 года. Руская інтэлігенцыя, як вядома, вельмі жорстка крытыкавалася такімі выбітнымі філосафамі як М. Бярдзяеў, С. Франк, С. Булгакаў. Бярдзяеў, да прыкладу, абвінавачваў інтэлігенцыю ў «отщепенстве» і нігілізме, паказваючы на яе разбуральны, рэактыўны ( у ніцшэанскім сэнсе) характар. Як вы ацэньваеце інтэлектуальную сітуацыю ў Беларусі? Ці існуе ў беларускім грамадстве такая група, якую можна было б аднесці да інтэлектуалаў у еўрапейскім разуменні, альбо да інтэлігентаў ў расійскім сэнсе? Ці, магчыма, у нас ёсць нешта іншае, адрознае як ад першага, так і ад другога, нешта спецыфічна беларускае?
— У мяне алергія на даведкавую літаратуру (а, можа, гэта нават нейкая лакалізаваная форма бібліяфобіі?). Таму я ніколі не даведаюся, як прэзентуюць дэфініцыі «інтэлектуал» і «інтэлігент» розныя тлумачальныя слоўнікі. Хаця, што праўда, у сваю пару я добра такі начытаўся ўсялякіх расійскіх кніжак, дзе феномен інтэлігенцыі слынныя аўтары аналізавалі ў самых неверагодных камбінацыях. Але і тады, калі я тыя кніжкі чытаў, тэндэнцыя вінаваціць расійскага інтэлігента ў «кастрычніцкай» катастрофе не падавалася мне лішне пераканаўчай. Тым болей не бачыцца яна слушнай цяпер, калі я ўжо даўно не чытаю, прынамсі мітуслівых, расійскіх кніжак.
Што да «злачыннай» сутвы інтэлігенцыі, дык у гэтам плане расійцы проста падхапілі і перайначылі на свой капыл наіўную еўрапейскую схему, згодна з якой першапрычынай Вялікай французскай рэвалюцыі аб’яўляліся «энцыклапедысты» — Вальтэр, Русо, Дзідро і г. д. (Дакладней, спачатку яны падхапілі схему самой рэвалюцыі, а ўжо потым прафанаваную версію яе як бы першапрычыны). Аднак вінаваціць інтэлектуала ў сацыяльный катастрофе не больш разумна, чым доктара ў той смяротнай хваробе, якую ён выявіў у пацыента. Нямецкі фашызм паспяхова паўстаў нават насуперак інтэлектуальнаму супраціву, а сталінізм — з татальнага вынішчэння расійскай інтэлігенцыі…
Вяртаючыся да «апазіцыі дэфініцыяў» інтэлектуал — інтэлігент, я б яе тут засведчыў не арыгінальна, але затое гранічна проста. Інтэлектуал — гэта эўрыстычная катэгорыя, а інтэлігент — этычная. Класічны расійскі інтіэлігент у сваёй масе быў не вельмі адукаваным чалавекам і гэтую сваю хібу кампенсаваў этычным імператывам. Але паколькі этычнае, як цэлае, ужо даўно апынулася спрэс інтэграваным у тэхналагічныя практыкі сучаснай цывілізацыі, дык інтэлігент застаўся без канстытуючай яго функцыі. (Тэхнакратычная цывілізацыя вызваліла этычнае з дыскурса ідэальнага, каб на ягонай базе сканструяваць паліткарэктнае сацыяльнае. Рэальнасць этычнага імператыва сёння — гэта турнікет на ўваходзе ў метро, рэгуліроўшчык на скрыжаванні дарог, прафсаюзны камітэт, сацыяльнае страхаванне, урэшце, будзільнік). Чым займацца ў такой сітуацыі інтэлігенту як інтэлігенту, я не надта сабе ўяўляю. Ды нічым сваім, інтэлігенцкім, ён даўно ўжо і не займаецца. Бо ад інтэлігента, як этычна-сацыяльнай падзеі, засталося адно толькі слова, якім, каб і хацеў, дык без іроніі і няма што назваць.
Читать дальше