Дарэчы, і сама Беларусь пачыналася з гэтага эсэ. Вось чаму эпітэт “генільнае” тут абсалютна да месца… Але адпаведнага працягу гэты вялікі пачатак не меў. Станаўленне беларускай літаратуры спалучалася з фармаваннем нацыі і таму перадусім бралася пад увагу не персанальнае “я”, а калектыўнае “мы”: мы – беларусы.
А пазней эсэ на Беларусі не было таму, што тут пачалася эпоха бальшавіцкага таталітарызму.
Ясная рэч, эсэ і таталітарызм з’явы несумесныя. Пры таталітарызме аўтар можа і мусіць пісаць не пра мітрэнгі ўласнай душы, а толькі пра тое, што мацуе паноўную ўладу. Да таго ж таталітарызм не дапускае нават магчымасці свабоднага мыслення. А без незацуглянага мыслення якое там можа быць эсэ?
І вось што яшчэ цікава. Як сітуацыя прыгнёту задоўжыцца, дык нават потым, калі маналіт таталітарызму распушыцца ў парахню, літаратар ужо не ўяўляе сабе, што можна пісаць не дзеля грамадскіх патрэбаў, а чаго самому схочацца. Па прыклады няма патрэбы далёка хадзіць. Старэйшыя беларускія пісьменнікі да гэтай пары так і не адважыліся скінуць парадныя мундзіры, каб распрануцца да галізны і ўвайсці ў сцюдзёную ды празрыстую плынь эсэістыкі.
* * *
У Францыі эсэ аднойчы выбухнула свабодай, у Беларусі наадварот – свабода выбухнулі эсэістыкай. З пачатку дзевяностых (прыдбання незалежнасці) эсэ запанавала ўсюды: у філасофіі, літаратуры, гісторыі, журналістыцы… І толькі нашыя літаратуразўнаўцы дасюль не зважаюць на гэты феномен. Яны па-ранейшаму шукаюць плён айчыннага красамоўства ў паэзіі ды прозе – і не знаходзяць. Што натуральна. Бо ўсё самае вартае, што адбылося ў беларускай літаратуры за апошнія паўтары дзесяцігоддзі -- адбылося ў жанры эсэ.
Ёсць яшчэ адзін надзвычай цікавы момант, што да эсэ на Беларусі…
Ужо колькі стагоддзяў таму на прасторах нашай бацькаўшчыны сутыкнуліся і з тае пары існуюць у супраціве дзьве ментальнасці. Адна з іх, уласна еўрапейская, вызнае за асноўную каштоўнасць індывідуума. Другая, расейская, аддае перавагу “саборнасці” – калектывісцкаму “мы”.
Няма сумневу, што беларуская літаратура і надалей будзе падзеленая адпаведна менталітэту яе аўтараў. Але калі чалавек сам заблытаецца, да якога свету ён належыць (еўрапейскага ці расейскага), папытайцеся ў яго: ці піша таварыш эсэ?
* * *
Эсэ ўжо болей як чатырыста год, але і па сёння дакладна ніхто не ведае, што гэта такое? Таму пра эсэ заўсёды можна казаць, што яно ёсць, але ніколі нельга сказаць, чым яно ёсць?
Рэч у тым, што выразнай мяжы паміж эсэ і якім іншым тэкстам няма – прынамсі, вонкі. Адрозненне палягае не ў форме і нават не ў змесце, а ў прычыне, якая кліча эсэ аб’явіцца.
Артыкулы, нарысы, трактаты ёсць рэхам на нейкія з’явы ці падзеі. І таму яны не могуць быць не напісанымі – ні тым, дык іншым аўтарам.
Не так у эсэ. Нішто з таго, што дзеецца знадворку, само па сабе не змушае яго адбыцца. У прыклад згадаю хаця б яшчэ адно геніяльнае беларускае эсэ – “Чорны квадрат” Казіміра Малевіча.
Эсэ – гэта падзея, раптам народжаная вярэдзівам сэрца і спавітая здумленнем. Вось чаму пра кожнае сапраўднае эсэ можна сказаць, што яно магло быць не напісаным. Прынамсі, ніхто не можа напісаць тое самае эсэ іншым разам.
У эсэ, як у адну ваду, нельга ўвайсці двойчы.
Напісаць эсэ – гэта зачарпнуць жменяй з вірлівай плыні быцця і нейкі момант глядзець, як быццё празрыстымі цуркамі сцякае паўз твае пальцы…
Калі вы напісалі эсэ, вы не напісалі нічога.
4. Скрушныя словы
Слова
Слова, што тут казаць – Бог. Цуд маўлення – найвялікшы на гэтай скрані бытнага. У параўнані з ім нішто нават само стварэнне свету. Не вымаўлены і праз маўленне не выяўлены свет – нешта настолькі жахлівае, што не можа мець свайго слова… Узнікаюць і гінуць галактыкі, запальваюцца і згасаюць сонцы, плывуць над снягамі аблокі, туляцца ў пушчах звяры, а ў карчах рыбы… Толькі ўсяго гэтага дзіва ніхто не заўважае, не трымае ў памяці, не беражэ да наступнага дня. І хаця свішча вецер, трушчацца камяні, рыкае звер, але вусцішная моўча пануе ўсюдна.
Усё ёсць і нічога няма. Як быццам чалавек яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр.
Інакш кажучы, пакуль свет быў адно сам для сябе, яго як не было. І толькі Адам, надаўшы істотам ды існасцям імёны, вызваліў іх з вязніцы саміх сябе. І ўсё, што было, сталася словам, а што не сталася словам, таго не знайсці.
Таму слова – Бог. І яно было на пачатку. Гэта бяспрэчна.
Напрыканцы слова зноў не будзе. Гэта напэўна.
Читать дальше