-- Дык кажаш на якім прыпынку цябе хапанулі?—запытаўся адзін.
-- На Чырвонаармейскім,-- адказаў другі і ў сваю чаргу пацікавіўся:
-- А цябе?
-- Аж на Варвашэні.
Да слова, гэтая размова адбывалася таксама на прыпынку каля станцыі метро “Усход” і я, пакуль падыходзіў тралейбус, паспеў падумаць:”Для многіх людзей майго пакалення той ці іншы прыпынак назаўжды застаўся ў памяці як месца першай сустрэчы з каханай дзяўчынай, а гэтыя хлопцы ўжо ніколі не забудуць ні прыпынак Чырвонаармейскі, ні – Варвашэні, бо тут іх, відаць упершыню, зняволілі за любоў да Бацькаўшчыны”.
Алергія
Некалі ў мяне быў сябар, карачаевец Махці. Сталін выселіў яго народ у Казахстан, дзе Махці нарадзіўся і асталеў сярод стэпавых прастораў. Калі карачаеўцам было дазволена вярнуцца на радзіму, хлопец не змог там застацца з суайчыннікамі, бо сярод гораў і далінаў пакутаваў на алергію.
У мяне алергія на Бацькаўшчыну, -- неяк з сорамам прызнаўся Махці
Я кожны раз згадваю свайго даўняга сябра, калі бачу, як блага робіцца якому чалавеку ад пачутага беларускага слова, ад пабачанага бел-чырвона-белага сцяга ці герба “Пагоня”. Я гляджу, як ён смыкае вуснамі, шчэрыць зубы, курчыцца целам і з жалем думаю: гэты чалавек хворы. У яго алергія на Бацькаўшчыну, як у Махці. Бо хаця гэты чалавек, пэўна, і не пакідаў роднага котлішча, але некалькі яго народ прымусова выселілі ў Расейскую імперыю, дзе ён нарадзіўся і вырас. А калі яму было дазволена вярнуцца на гістарычную радзіму, дык тут ён адчуў сябе блага. Без дай прычыны яго пачало няможыць, курчыць, ліхаманіць, і аднойчы ён зразумеў, што гэтая немач ад сустрэчы з Бацькаўшчынай – і ўзнелюбіў усё роднае.
Хворы на алергію варты жалю не менш, чым які іншы хворы. І было б залішне жорстка ганіць чалавека за нянавісць да беларушчыны, калі яна чыніць яму адныя пакуты. Таму я зусім не маю намеру кагосьці ўпікаць, а тым болей – абражаць. Мяне ў гісторыі гэтай адмысловай немачы хвалюе іншае…
Калі Махці казаў пра сваю хваробу, то ягоныя вочы вільгацелі сорамам… А чаму тады ў нашых людзей, якія маюць алергію на бацькаўшчыну, яны палаюць ненавісцю?
Самота
Наўрад ці ў якой яшчэ мове слова “ самота” мае столькі ж, як і ў нас, сінонімаў альбо проста падобных па сэнсу словаў: сум, нуда, жаль, роспач, маркота, скруха, паныласць, смутак, жальба, нэндза, шкадоба, ростань, туга… І гэта толькі тое, што згадалася адразу, а колькі засталося. Вось яшчэ адно: вусціш – той гранічны стан бязмежнай самоты, калі сэрца чалавека раптам працінае жах смерці і небыцця.
Магчыма я і перабольшваю, але часам мне здаецца, што і ўсе астатнія нашыя словы – самотныя…
Долю мы выбіраем самі – лёс нам наканаваны мовай. Мы не можам быць іншымі ад таго, чым ёсць наша мова. І як бы калі шчасна не склалася для Беларусі гульня гістарычных падзеяў і на які б заможны лад аднойчы не ўпарадкаваўся наш дабрабыт, мы, бадай, назаўжды застанемся самотным народам.
Дарэчы, калі хтосьці старонні пытае, чаму гэта беларусы цураюцца роднае мовы, з чаго яны на злом галавы кідаюцца ад яе у хоць якую іншую, то я зазвычай удакладняю: яны не ад мовы ўцякаюць, а ад таго лёсу, што наканаваны ім мовай.
Але не варта зайздросціць тым, хто эміграваў ад нас у больш бадзёрыя мовы. Уцекачы хутчэй вартыя шкадобы. Бо якая гэта пакута жыць з сэрцам, набрынялым спадчыннай самотай і не знаходзіць, колькі ў той мове не шукай, патрэбных словаў, каб гэтую самоту вымавіць хаця б самому сабе…
Скарга
Беларусы шмат да чаго здатныя. Але што мы сапраўды добра ўмеем рабіць, дык гэта наракаць і скардзіцца. Між іншым, нас гэтаму ўмельству само жыццё навучыла. Калі не хочаш, каб да цябе розныя прыхадні лішне чапляліся, наракай перад імі на сваю гаротную долю. Мы і наракалі дзень пры дні, бо прыхадняў у нас ад веку не менела. І так з гэтага да гаротнай мовы прызвычаіліся, што цяпер ужо нават спаміж сабой не гаворым, а толькі крыўдуем: на галечу, недарод, спёку, начальства ды іншую халеру…
Натуральна, што мы і свайго першага прэзідэнта абіралі не па якіх там адмысловых здольнасцях, а каб лепей за іншых умеў наракаць ды скардзіцца. І не памыліліся ў сваім выбары. На каго ён толькі не крыўдаваў за пару прэзідэнства: на апазіцыю, Пазняка, карупцыю, прафсаюзы, засуху, Расею, НАТА, сусветны імперыялізм – усяго да ранку не перабярэш.
Але, што праўда, мы таксама гэтым часам у шапку не спалі. Як толькі на свайго абранніка не наракалі, да якіх толькі міжнародных супольнасцяў не звярталіся са скаргамі на яго.
Читать дальше