Ужо прыкметна развіднела, калі мы спынілі матацыклы ў гушчары і пехатой рушылі скрозь непралазныя нетры.
– Трохі далей Віскулі, – паказалі мне рукой. - Тут Брэжнеў любіў паляваць.
На тую пару Брэжнева ўжо не было, аднак яшчэ і далёка было да снежня 1991 года, калі блізу гэтай глухой балаціны Ельцын, Шушкевіч і Краўчук паставяць крыж на Савецкім Саюзе. А потым добра хапануць адмысловай белавежскай самагонкі за спачын імпэрыі...
Неўзабаве мы выплюхалі на сухую выспачку і я ледзьве не абамлеў… Якое там кустоўе, якое цяпельца?! Тут быў сапраўдны бровар, адно што бяз даху і сценаў. На добра ўтаптаным лапіку сушы там і cям стаялі вялізныя бочкі (хіба іх з верталёта сюды скідвалі?), злучаныя паміж сабой гнутымі трубамі і гумовымі шлангамі. Ля дбайна ўпарадкаванага кастрышча былі ўкапаныя козлы для пілавання дроваў, трохі ўбаку – стол і лаўка, а пад невялічкім навесам ляжалі розныя прылады ды начынне...
Натуральна, хлопцаў мая разгубленасць усмак пацешыла. Каб дадаць дзіва, яны пачалі выцягваць то з-пад адной, то з-пад другой купіны закаркаваныя паперай пляшкі.
– Тут самагонка сама расце, – патлумачылі.– Галоўнае, каб потым не забыцца, дзе ты яе пасадзіў.
– Можа першачка дачакаемся?—наіўна запытаўся я.
– Хто ж цёплую самагонку п'е? – здзівіліся хлопцы і ўключылі «Спідолу».
Я кінуўся сьцішаць прыймач.
– Ты што? – спынілі мяне. – Іншыя з магнітафонамі і дзеўкамі прыязджаюць, феерверкі ладзяць… А мы цішком.
– Нічога сабе цішком, – абурыўся я.– А як ляснік пачуе?!
– Чаго яму слухаць, ён і так прыйдзе, – супакоілі мяне.
Ляснік сапраўды прыйшоў, але толькі пад вечар, калі саракалітровы бідон быў амаль поўны. Колькі гаёваму з бідону адлівалі, я не глядзеў. На тую пару мяне ўжо мала што цікавіла і нічога не палохала. Ачмурэлы ад самагонкі ды заедзі, а найбольш – ад саладжавага паху выпаранай бражкі (ён слупом стаяў да самага неба), я і думаць забыўся на свае ранейшыя страхі. Што там ляснік, цяпер я ўжо не баяўся ні дзікоў, якія прыходзілі да гэтай балаціны ласавацца адпрацаванай бражкай, ні нават амапаўцаў, якіх гады ў рады пасылалі на зачыстку пушчы, каб яны, не шкадуючы аўтаматных куляў, рабілі з жалезных бочак альтанкі для скразнякоў.
Зрэшты, на страхі і лішняга часу не заставалася. Трэба было секчы і цягаць сухамліны, а потым пілаваць іх на дровы, трэба было вёдрамі насіць з балаціны ў бочкі халодную ваду, а з бочак выбіраць гарачую і зліваць у другую балаціну, трэба было сачыць за вогнішчам і гатаваць абед, а яшчэ і халодную самагонку трэба было спажываць, што таксама адымала і час, і сілы.
Дарэчы, працы было б значна больш, ды хлопцы прыладзіліся замест дроваў паліць салярку. З прымацаванай на дрэве каністры яна па тонкай трубцы самахоць цякла ў фарсунку, а тая пырскала па дне самай вялікай бочкі роўным і моцным полымем. Таму дровы мы падкладвалі адно ў вогнішча пад той бочкай, з якой празрыстым струменчыкам цвыркаў у вядро гатовы прадукт. Толькі мне на яго нават глядзець было млосна, не кажучы ўжо пра тое, каб каштаваць ды ласавацца. Я быў настолькі правэнджаны алкагольнай парай, што каб сёньня патрапіў на вячэру канібалам, дык назаўтра яны не ўніклі б апахмелкі.
Ужо добра сцямнела, калі мы разбоўталі ў бочцы з вадой мех мукі на новую порцыю бражкі, пасеялі пад купінамі некалькі пляшак цёплай самагонкі (хай астываюць да наступнага разу) і сяк-так упарадкаваўшы начынне, пацягнулі праз балота паўнюткі бідон з-пад малака.
Як мы ехалі дахаты (і як даехалі) – гэта асобная гісторыя, але нават пасля лазні я і сам ад сябе нос вярнуў. Цяпер я добра разумеў, чаму мой дзед, які жыў на хутары за кіламетры тры ад бліжэйшай вёскі, мог некалькі начэй запар чакаць ветру ў пусты далягляд, каб паставіць на агонь бражку з цукровых буракоў. Бацька ж, наадварот, пільнаваў ціхай пагоды, бо ў мястэчку суседзі з усіх бакоў. Ужо на пенсіі, ён зрэдзьчас «ціснуў» сабе на летняй кухні некалькі літраў таксама «цукроўкі», толькі не з буракоў, як дзед, а з кубінскага рафінаду.
А вось як вырашаюць праблему смуроду ў горадзе, я і дагэтуль не ведаю. Адзін з маіх гарадзкіх сяброў, хімік па адукацыі, падчас гарбачоўскага рушэння за агульную цвярозасць рабіў на гаўбцы такі напой, што яго і піць было шкада, хіба адно замест дэзадаранту на сябе пырскаць…
Дарэчы, якраз з гэтым сябрам мы добра насёрбаліся ў Туве самагонкі з малака. Дзён дваццаць наш спартовы хаўрус бадзяўся сам-насам высока па гарах, а як спусціўся ніжэй у даліну, дык сустрэў пастухоў і яны вынеслі нам з юрты тазік (пазней дакладна ў такі будуць грукаць Бум-Бам-Літаўцы), поўны нейкай бляклай вадкасці. Самагонка была слабенькая, як нашае піва… Зрэшты, пасля трох тыдняў голаду і холаду мацнейшая нам была б і залішне.
Читать дальше