Пасьля знаёмцы (а было іх вельмі шмат) пачалі пераходзіць на другі бок вуліцы, як забачаць здалёк Шурыка. Пачалі класьці слухаўку, як пачуюць голас у тэлефоне. Карацей, хавацца ў бульбу пры набліжэньні цяжкіх крокаў Помніка. “А куды ж вы схаваецеся, дзетачкі мае!”
Помнік ведаў дні нараджэньня ўсіх больш-менш заўважных у горадзе творчых пэрсонаў: і вялікіх акул, і драбнейшых рыбак. Помнік уважліва праглядаў анонсы імпрэзаў. І каб не забываліся на яго, велічнага, нагадваў пра сваё існаваньне гучна ды эфэктна. То аблае як мае якога куміра публікі проста ў часе выступу. А то чэлес выцягне ў фае тэатру ў антракце якой прэм’еры. Ці што яшчэ вясёлае падобнае выкіне. І заўжды зь вераю ва ўласную веліч.
Шурыка пачалі паціху біць. Спачатку мянты, якія ня ведалі пра ягоную значнасьць і ўнёсак у сусьветную літаратуру. Сьледам – найменш сьвядомая інтэлігенцыя. Найбольш сьвядомая і далікатная інтэлігенцыя навучылася хавацца.
У самога Шурыка проста прапарцыянальна абструкцыі ўзрастала адчуваньне ўласнае велічнасьці. Праўда, спонсарская “пэнсія” ператварылася ў нерэгулярныя падачкі – на пахмелку. Але от вялікая бяда! Падпільнуе Помнік знаёмца: “Давай паэму прачытаю”. – “Не, Шурычак, сьпяшаюся”. – “Тады налі сто грамаў...”
***
– Ну што – даў? – прасіпеў Помнік.
– Даў, – абыякава адказаў А.
– Я ж казаў, я ж гаварыў, што дасьць! – Помнік карцінна ўкленчыў на засьнежаным тратуары і ўзьняў рукі да нябёсаў, нібы той Распуцін у хвілі містычнага экстазу.
Мусіла выглядаць, што каб не “малітвы” Помніка, дык Галоўны не заплаціў бы заробку А. Сам жа Помнік баяўся Галоўнага, бо той быў адным зь першых, хто заплюшчыў вочы на велічнасьць “прарока-песьняра”, выставіўшы яго за дзьверы.
Помнік скіраваў позірк у бок зорачкі над шпілем дому, дзе месьціўся славуты ў Горадзе гастраном. А тады падскокнуў і зрабіўся мітусьліва-клапатлівым:
– На вуліцы піць ня будзем. Халодна, ды мянты тут злыя. Тыдзень таму далі дубца – дагэтуль баліць. Зараз скокну пад шпіль, вазьму дзьве пляшачкі... не – тры. Гэта, сёньня ў мастака С. народзіны. Майстэрня тут побач. Пасядзім культурна. Давай грошы.
– Дык нас жа да С. ніхто не запрашаў, – ашчэрыўся Кастыль.
– А, не пязь…і, – адмахнуўся Помнік. – А, чуеш? Давай грошы. А то магазін закрыюць, сёньня ж скарочаны дзень.
***
Ніхто не прымушаў А. даваць грошы, але ж ён даў. А. не спыняўся зьдзіўляцца фэномэну Помніка. Іншы ўжо даўно б капыты адкінуў. А гэты – аж пішчом лезе. Да таго ж, Помнік “трымаў марку”: калі й вадзіўся з “булдосамі”, дык адно з “элітнымі”: з запойнымі паэтамі, мастакамі, бардамі. Чым мацней звужалася кола ягоных ахвяраў, чым больш грамада мацавала абарону, тым болей Помнік кшталтаваў свае хітрыкі. Як той прусак-мутант. Ты яму ядахімікат, а ён сьпярша зморшчыцца, пасьля раскаштуе, а наастатак ячшэ і скажа “Дзякуй, вельмі смачна”. Сапраўды, трэба мець талент ці нават быць геніем. А. спужаўся раптоўнай блюзьнерскай думкі: “А можа, сакрэт Помніка – у веры? У сябе ці ва ўзвышсілы?”.
– Давайце выпьем за А., – грымеў сіпаты голас Помніка за сталом у майстэрні С. – Сёньня скаціна Галоўны звольніў яго з працы. З гэтае паскуднае газэцёнкі – цьху.
– Не трындзі, Шурык, – шчэрыўся Кастыль. – Газэта добрая. Проста ты зайздросьціш. Цябе ў ёй ужо пяць гадоў не друкуюць.
– А чаму не друкуюць? – узьвіўся Помнік. – А таму, што я бабу Галоўнага таго, цю-цю.
– Па-першае, пра бабу – хлусьня. Па-другое, цябе не друкуюць, бо ты ня пішаш.
– А во апошні верш: “Я ляжу ў жніве, / Вакол немцы мяне. / Схопяць ці не? / Не, не, не!..”
– Гэта яшчэ хтосьці ў пяцідзясятых напісаў – прыкалоўся.
– Та-ак? – непадробна зьдзівіўся Помнік. – А я таксама напісаў. Значыць, сапраўды геніяльны верш. Ну, налівай.
А. кульнуў і падумаў: “Мне гамон. Самае прыкрае, што калі я задушуся, на хаўтуры прыпрэцца Помнік і зробіць сябе галоўным героем імпрэзы. Будзе распавядаць, які ён быў мне сябра. Як ён мне дапамагаў, як падтрымліваў. І што астатнія – скаты. Не дагледзелі, не дапільнавалі такога выдатнага чалавека. І толькі ён – Помнік – папярэджваў”.
***
“Якое чысло, ці пасьпею да вёрсткі нумару? – думка прымусіла прачнуцца, аднак вочы А. не разлупіў. – Нумар, здаецца, выходзіць за дзень да Калядаў. Трэба прынесьці такі тэкст, каб Галоўны выкінуў іншы горшы. Патрэбны шэдэўральны тэкст – толькі тады я маю шанец…” А. паспрабаваў расплюшчыць вочы і ня здолеў. Нос упіраўся ў штосьці мяккае са сталым моцным пахам. А. ледзь дыхаў цьвільлю, перагарам і ўласным потам ад немянянае колькі дзён вопраткі. – “Цікава – дзе я?” – ён паспрабаваў павярнуцца – нібы малаток ляснуў у галаву. А. застагнаў.
Читать дальше