***
Калі А. вярнуўся, перад Фэліксам на стале ляжалі некалькі сьвежараздрукаваных на прынтары аркушыкаў. На першым стаяла імя А.
– Напісаў?
– Амаль, – змрочна адказаў Фэлікс. – Я зьняў твой расповед са стужкі слова ў слова. Але дзеля канцоўкі не хапае аднаго апошняга сказу. Я зрабіў колькі даведак, і…
Фэлікс працягнуў А. запісаны нумар тэлефону:
– Звані!
– Куды?
– Звані й кажы, што кахаеш яе. І не забудзься купіць кветкі, як паедзеш. Цягнік праз гадзіну.
А. паглядзеў на паперку з нумарам і ўзяў слухаўку.
– Для Галоўнага я напішу за цябе іншае апавяданьне, а гэта, – Фэлікс уклаў у руку А. аркушыкі, – ты прывязеш для Яе. На Каляды.
І дадаў:
– Шампанскае ў шафе.
Выпадкова Кантралёрка заўважыла, што ўсё зьмянiлася ў ейным жыцьцi. Гэта было непрыемнае адчуваньне, бо сапраўднае жыцьцё пачалося ня так даўно, каля дзесяцi гадоў таму, калi ў горадзе праклалi першую лiнiю мэтро. Тады кабета зразумела, што мусiць прысьвяцiць усю сябе для служэньня людзям, i зрабiлася Кантралёркай.
Як хораша было ў тыя гады! Цэлымі днямі не сьцiхаў звон манэтак – любых зь дзяцiнства пятачкоў. Бясконцы струмень маленькiх грошыкаў нiбы малпаваў людзкую плынь у фае мэтрапалітэна. Прапускаючы праз свой пiльны позiрк людзей, што ішлі да падземных харомаў, Кантралёрка быццам прапускала празь сябе iхнюю радасьць. Радасьць ад спрычыненьня да грандыёзнай казкi.
Натуральна, усякае бывала ў гэтым вялiкiм, бясконцым жыцьцi. Часам радасьць плямiлася горыччу: сьлязьмi, крыкам i нават кроўю. Але гэта толькi ўзмацняла адчуваньне сапраўднасьцi жыцьця. I вось сёньня Кантралёрка ўцямiла, чаму апошнiя некалькi гадоў яна пачала адчуваць няўтульнасьць у сваёй душы.
Не, рэч нават ня ў тым, што звон манэтак зьнік. Гэта яна адзначыла даўно. Але зараз яе абмінуў, прайшоў адзiн, другi, трэцi... пятнаццаты пасажыр, ня кiнуўшы жэтон у турнікет. Кантралёрка злавiла сябе на тым, што ня сочыць, цi паказваюць ёй дакумэнты ўсе тыя iльготнiкi i цi сапраўдныя іхнія дакумэнты. Бо Кантралёрка адчула, што перастала быць патрэбнай гэтым людзям. Iм, якiм яна аддала лепшыя гады свайго жыцьця!
* * *
– Стой, прад’явi студэнцкi!
– Цётачка, няма...
– Тады купляй жэтон.
– Няма грошай.
– Тады йдзi пешшу.
– Што з вамi, цётачка? Хiба сёньня акцыя?
– Не затрымлiвай.
– Цi, можа, вас асабiста Прэзыдэнт папрасiў? – зыранiзаваў стомлены студэнт.
– Так, Прэзыдэнт папрасiў мяне АСАБIСТА!
Студэнт ужо даўно зьнiк за шклянымi дзьвярыма ўваходу, а Кантралёрка ўсё ўслухоўвалася ва ўласныя словы, якiя рэхам пульсавалi ў ейнай сьвядомасьцi – «папрасiў, папрасiў... асабiста, асабiста...» Яна ўзгадала штосьцi падобнае. Хутчэй гэта была ня згадка, а толькі яе бляклы цень. Так, так, аднойчы, цi нават некалькi разоў, Прэзыдэнт зьвяртаўся да яе праз тэлевiзар. Ён штосьцi казаў... Не, ён нават прасiў. Прасiў i прасiў, а яна, дурнiца, ня слухала, бо ў стоме пасьля працоўнага дня прысынала проста перад экранам.
Ёй заўжды было хораша чуць гэты надзвычайны голас. Яна забывалася на нявыкiнутае сьмецьце, на зламаны ўнiтаз, на нявыбiтыя дываны i на цела мужа, якое ляжала ў вiтальнi ў клубох сьпiрытусовае пары. Голас абуджаў у ёй даўно забытыя жаданьнi, выклiкаў салодкую млосьць, яна засынала ў мроях...
Станцыя, дзе працавала Кантралёрка, месьцiлася побач з Унiвэрсытэтам. А студэнты – гэткае племя, якое не абыходзiць сваёй увагай касту вахтораў, лiфтораў, дыспэчараў i, пагатоў, кантралёраў. Кожны, хто быў студэнтам, можа прыгадаць мянушкi, больш падобныя да званьняў, якiмі ўганароўвалі ўлюбёных «пэрсанажаў» гэтай адмысловай касты, кшталту «Гiтлераўна», «Аднаногі Сiльвэр», «Грамазека» цi проста «Гарыныч». Таму ня дзiва, што праз пэўны час сярод студэнтаў, і ня толькі сярод іх, распаўсюдзiлася зьвестка, што на станцыi працуе Сяброўка Прэзыдэнта.
Калi ў першы раз пачула ад незнаёмай старой жанчыны просьбу да Прэзыдэнта, Кантралёрка абсалютна не зьдзiвiлася, «Добра, – адказала яна, – я абавязкова перадам. Ня ведаю дакладны тэрмiн, але неўзабаве ў нас будзе прэзыдэнцкая праверка, i мы аб усiм перамовiмся. Толькi трэба пiсаць просьбы на паперцы, каб я не забылася». Гэтак Кантралёрка завяла невялiкую скрынку, здаецца, з-пад кiвi, куды стала зьбiраць просьбы людзей.
Цяпер праца стамляла нават больш, чым пасьля адкрыцьця мэтро, калi плынь людзей была шчыльная, як ледавiк. Якая гэта была стома! Людзей пабольшала, але амаль усе яны ўсьмiхалiся, вiталiся, прамаўлялi цёплыя словы i, натуральна ж, паказвалi дакумэнты. Яна ўглядалася ў твары людзей i штохвiлiны чакала ЯГО (чаму яна яго чакала, з апавяданьня не высноўваецца). «Праверка – сустрэча – салодкая млосьць. Плынь людзей – пошук – жаданьне». Тым часам стос паперак-прашэньняў рос гэтаксама, як колькасьць экскурсiяў на станцыю, якiя ладзiлi прадпрымальныя студэнты. Здавалася, увесь горад жыў чаканьнем СУСТРЭЧЫ.
Читать дальше