Сяргей Астравец
Райскія яблычкі
Апавяданні з берагоў Нёмана і Гараднічанкі
Літаратурна-мастацкая творчасць цікавая перш за ўсё непаўторнасцю аўтарскага ўспрымання жыцця. Уменне адкрываць чытачу свой асабісты свет, у якім знаёмыя рэчы і з’явы выглядаюць зусім іншымі, незвычайнымі, захапляць гэтым магічным светам — хіба не тут адзнака сапраўднага мастацтва? Такое пытанне ўзнікае, калі знаёмішся з новай кніжкай Сяргея Астраўца “Райскія яблычкі”. Бо гродзенскі празаік валодае гэтай здольнасцю ўражваць яшчэ як. У свой час я стараўся схіліць яго да стылю класічнай прозы: раннія яго апавяданні давалі для гэтага падставу. Ды і ўвогуле ў нас, у беларускай літаратуры выпрацавалася працяглая традыцыя ўвасабляць у прозе рэалістычна канкрэтныя адбіткі жыцця, ствараць жывапісныя яго малюнкі. Але С.Астравец настойліва зварочваў убок ад гэтай традыцыі, шукаючы разняволеныя формы выказвання, не цураючыся публіцыстычных, эсэістычных прыёмаў.
Ён прыйшоў у літаратуру з журналістыкі. І цяперашняя манера пісьма складвалася, як відаць, на сумежжы літаратурна-мастацкай і журналісцкай творчасці. З прыкметнымі асаблівасцямі апошняй. Што ніяк не зніжае эстэтычнай вартасці твораў у цэлым. Можа нават дадае ім пэўнага шарму, асабліва, калі глядзець на іх з пазіцый сучаснага маладзёвага чытача. Публіцыстычны элемент у творах С.Астраўца выяўляецца найбольш у іх палемічнай скіраванасці, імкненні аўтара рэзка высветліць парадаксальнае, анамальнае, стварыць іранічна-сатырычны кантэкст. Нярэдка аўтарская іронія прыхаваная за звычайнымі назіраннямі, размовамі і паступова разбурае гэту звычайнасць. Зноў жа такім чынам адкрываюцца недарэчнасці нашага жыцця.
У цэлым проза С.Астраўца, даволі вопытнага ўжо пісьменніка, зусім не аднатонная паводле стылю. Шэраг яго “апавяданняў з берагоў Нёмана і Гараднічанкі” характэрныя глыбінёй і значнасцю думкі пра чалавека на скрыжалях мінулага і сённяшняга жыцця. Мне найбольш імпануюць тут маналогі-развагі, што добра сумяшчаюць плынь аўтарскага пачуцця, пераважна стрыманага, з прадметнасцю жыццёвых рэалій (“Мармур не смяецца”, “Рэпрадукцыя Брэйгеля”, “Далакопы”, “Флот каўчэгаў”). Аўтар углядаецца ў мінулае, у яго цікавыя асобы і з’явы, стараючыся “прачытаць” па-свойму, зусім нават суб’ектыўна нейкія фрагменты тагачаснага жыцця, бо яны варушаць душу менавіта цяпер. Даюць урокі. С. Астравец тут далёкі ад адназначных ацэнак, нібы прапануе нам падключыцца, каб зрабіць высновы. Напрыклад, адносна постаці, вельмі супярэчлівай, апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, або драматычнага лёсу арміі Урангеля, якая, адступаючы з Крыма ў 1920 годзе, назаўсёды пакідала радзіму. А чаму менавіта пра гэта? Таму, напэўна, што Крым, дзе, дарэчы, ступалі ногі многіх беларусаў, у тым ліку герояў твора — экзатычны асяродак, дзе незвычайная расліннасць, сонца, мора, скалы, што выклікаюць захапленне, нават душэўна расслабляюць. І тут жа — сляды страшнай баявой эпапеі Белай гвардыі, дваранскай інтэлігенцыі тагачаснай Расійскай імперыі. Як гэта сумясціць? Але гарадзенскі празаік любіць сумяшчаць несумяшчальнае — далёкія гістарычныя рэаліі і наш сённяшні дзень, эстэтычна высокае і нізкае, сур’ёзнае і камічна-недарэчнае, выяўляючы сапраўдныя каштоўнасці жыцця.
У згаданых вышэй маналогах-рэфлексіях добра працуюць і выяўленчыя сродкі прозы. Аўтар, углядаючыся ў мінулае ці ў сённяшнія парадоксы жыцця, таленавіта стварае прадметныя рэканструкцыі, нярэдка і паэтычныя, прыкмячае красамоўныя дэталі. Так што С.Астравец у сваёй новай кнізе не толькі публіцыстычна здзеклівы, а і эпічна канкрэтны, па-мастацку дакладны і яшчэ па-філасофску ўдумлівы, неардынарны ў сваіх аналітычных развагах. Вылучаецца ў гэтых адносінах псіхалагічная рэфлексія пра жыццё на мяжы са смерцю, што прыходзіць да чалавека на бальнічным ложку і непасрэдна сутыкае яго і з суровай рэчаіснасцю і з вечнасцю.
Кнігу “Райскія яблычкі” трэба прызнаць у цэлым бясспрэчным здабыткам пісьменніка, сведчаннем яго літаратурнага росту. Лепшыя творы, напісаныя як унутраныя маналогі (“Мармур не смяецца”, “Флот каўчэгаў”, “Снежны Вялікдзень” і інш.), могуць цалкам прэтэндаваць на узоры сучаснай інтэлектуальнай прозы. С.Астравец добра валодае словам, абыходзячы пры гэтым стандартна-архаічныя пласты лексікі і аддаючы перавагу сучаснаму слоўніку. Інтанацыйны лад аўтарскага маўлення тым не менш не залітаратураны, а вольны і натуральны. Кніга добра чытаецца і, будзем спадзявацца, знойдзе свайго ўдзячнага чытача.
Читать дальше