У сакавіку канец лодарнічання. На чарговую ранішнюю паверку лагерфюрэр прыйшоў са спіскам „40”. Вядома, у трэфнай саракоўцы ашчэрыўся і дыверсант Wolkowyki. Чысцяць лагер. Нячысцікаў на Lovis Corinth Strasse.
Зноў на поўнач. Увесь час, ад млына, іду на поўнач. Зноў каля кіламетра дарогі. Бліжэй да рускіх. Наймацней ударылі па гродзенскай штубе. Разам са мною ідуць Дзюрбэйка, Саганоўскі, Грынцэвіч, Шуміцкі (мой „сват” і „перакладчык”). Выпадкова? У гэтым складзе мы не толькі гулялі ў футбол, але і „ўмацоўвалі” нёманскі бераг. Мішэля і ўсю беларускую штубу памілавалі.
Што ж, не баяўся Штутгофа — май! Лагер абнесены высокай загараддзю з калючага дроту. На вуглах вартаўнічыя вышкі. За брамай сустракае нас аднавокі вурдалак у чорнай форме, з пісталетам на жываце, з почтам стракатага пазаддзя. О, гэта лагерфюрэр! У вітальным слове вызначае ўзаемаадносіны:
— Выходзіць за браму толькі пад канвоем. Хто акажацца за дротам самахоць, той атрымае кулю. У маршы трымацца калоны. Хто адлучыцца, таго дагоніць куля. Klar?46
Ясней яснага, не сляпыя. Больш нам нічога не трэба.
Усю „саракоўку” змясцілі ў бараку № 1, хоць стаяў ён апошнім. За намі калючы дрот, артылерыя — а як жа! — і поле. Выпала мне спаць ля акна на верхнім ложку (заўсёды наверсе), прыпертым да паўночнай („артылерыйскай”) сцяны. У сцяне, над вухам, дзірка ад савецкага снарада: прабіў дошкі і ўграз, не ўзарваўшыся, у чыгуннай печцы. Тэмпература як на дварэ. Вады няма, помпа за дротам, у бачку толькі кроплі. На снеданне чорная кава, абеду няма, на вячэру апалонік баланды і дзве „шніткі” хлеба. Увесь дзень пры лапаце. Жорж, хто ты? І дзе ты? Галава дубее, на караку скула, а жывот:
— Есці! Есці!
Найцяжэй вытрымаць першыя гадзіны. Потым голад сціхае. Пасля вячэры зноў сваё:
— Есці!
І з большым нахабствам.
Мроя адубелай галавы: перажыць вайну — і нічога мне не трэба, апрача аржанога хлеба — пяцісотграмовай порцыі ў дзень. Між дужкамі: лагерная „шнітка” — каля 50 грамаў.
Але я ў акопе на Старым месце. І сыпле дождж. А ўверсе вахман з вінтоўкай. І мне цяжка выпрастаць чортаў карак.
— Wenn Krieg zu Ende?47 — ні з сяго, ні з таго блазную.
— Arbeiten, Mensch!48 — у адказ.
А карак баліць. Скуле падабаюся ў вертыкальнай позе. Коле, як згінаюся. Дзірку ў сцяне залатаў шматамі. Ад гэтага не пацяплела. Сплю ў мокрай куртцы. Буджуся ў гіпернізаваным стане, абледзянелы, спруцянелы. Толькі карак жывы.
Перад ранішняй паверкай іду да лекара:
— Ich bin krank49, — паказваю набухлы карак.
Лекар прыклеіў пластыр:
— Gesund, Mensch!50
І зноў у рабочай калоне. І сяродкам вуліцы — gerade!51 Немцы малымі групкамі, пад сценамі. А мы сяродкам. Рускія над намі. Гэтыя — высокі клас! — страляюць толькі ў немцаў. Так трымаць! А скула сваё.
Змеркла. За дротам ні жывой душы. Толькі гарматы. З гэтага боку на вышках вартаўнікоў няма. Разлічваюць на артылерыстаў. Пад дротам выемка. Можна праціснуцца. Прапаўзаю. І па загуменні — на Rathslinden, да докатара Філіповіча.
— Доктар, зрабі нешта са скулай, — згінаюся.
— Скулай? — здзіўляецца ён. — Сябра, выгадаваў ты калонію скул! У цябе карбункул!
Доктар з Усходу. Тут, як і мы, звычайны рабацяга. Пагробся ў куфэрку, выняў дапатопны шпрыц і ўбіў у мой карак.
Да пералазу на Lovis Corinth Strasse вяртаюся найкарацейшым шляхам. Не чую зямлі пад нагамі. Жыццё прыгожае! Яшчэ і якое!
Атрымаў тыднёвы камплект картак на ежу. У страўніку прыемнае цяпельца. Ажно ў кончыках пальцаў жар: замест аднаго талоннага лістка трымаю тры тыднёвыя надзелы. Лісткі зляпіліся, такое з паперай здараецца. Тры порцыі! Пажыву!
Нечаканы прыток шчасця скаламуцілі лагерныя прыдуркі. Уварваліся ў штубу:
— Тут згінулі два талоны. Хто іх узяў? Звярніце па добрай волі, бо ўсё роўна выкрыем. Тады наракайце на сябе.
Талонаў не звярнуў. І не выкінуў. Скарыстаў па прызначэнню. Кожны дзень знаходзіў спосаб маскіроўкі ў чарзе да катла. Хоць разам з баландою наеўся нямала страху, але тыдзень пажыў. Уяўляеце: кожны дзень тры апалонікі бручкі і трыста грамаў хлеба!
6 красавіка. І наступіў судны дзень. Падзея пачалася як бы непрыкметна. Звычайная раніца. Звыклае aussteigen! Абы-якое месца ў калоне. Ab! Асвоены ўчастак на Steindamm. Алавяныя вочы вахмана. За акопам яр, унізе чыгунка. Дзень як дзень. І раптам на ўскраіне горада ўсчалася пякельная навальніца. Так гвалтоўнага вогненнага шквалу Festung Königsberg52 яшчэ не прымаў. Не было сумліву, пачалося! Але апытваем немцаў:
— Што дзецца?
Толькі паціскаюць плячыма.
Працавалі мы непадалёк дарогі. Бачу, коціцца па ёй грузавік, набіты цывільнымі. І з гэтай бязладнай людской кучкі вырываецца пранізліва знаёмы голас:
Читать дальше