— А там што, не кормяць? — ніяк не магу ўцяміць, што я — лічы ўжо — мярцвяк.
Скончылася прадмесце, павярнулі ў поле, вядуць на кусты. Накаркалі!.. Раптам з за кустоў вынырнула вартаўнічая будка невядомага нам лагера. Ён пад аховай вермахта. Сабалеўскі наперад! Дасканала валодае нямецкай мовай. Мігам выбіў месца (Platz) у адной штубе. Малы свет! У штубе Шуневіч, брат майго школьнага сябра.
— Які гэта лагер? — пытаю.
— Прамежкавы, — адказвае. — Каго зловяць на вуліцы, валакуць сюды. Дрэнны корм, завостраны рэжым.
Падзяліўся весткай з Сабалеўскім.
— Пайду, панюхаю чым тут пахне, — кажа.
У яго добры нюх, прынёс сухароў. Жуем здабычу і мазгуем, як выбрацца з панурага круга. А што вымазгуеш? Не выцягне Сабалеўскі, будзем сустракаць рускіх у мышынай пастцы.
Нарэшце спімо ў ложках.
3 лютага. Субота. З ранішняга „нюху” вярнуўся Сабалеўскі. Вясёлы.
— Ну, хлопцы, хутчэй! Збірайцеся!
Выбіў пропускі. Важныя да 11-й. У нашым распараджэнні тры гадзіны. А тут паветраная трывога, не выпускаюць з лагера. Шанцуе, трывога доўжылася мінут дзесяць. Выходзім за браму. Плошча перад Галоўным вакзалам патрушчана снарадамі. Над намі рвецца шрапнель. На мосце жандары. Правяраюць пропускі. Ідзем правым берагам Прэголі. Дамовіліся: шукаем прыстанішча ў фабрыцы. Чаму не — Сабалеўскаму ўсё пад сілу.
У фабрыцы пустка, ціш. Інстынкт галадамораў вядзе ў сталоўку. Налезлі на салдат. Корпаюцца пры палявой кухні. Просім у іх essen42.
— Застаўся толькі суп, — кажуць.
Мішэль падсоўвае кацялок. Суп гарохавы! Бы з даўно забытага эйфарыйнага дня. На гару, у нямецкую сталоўку! Яшчэ не астыла ад чалавечага паху. Умомант апаражняем пасудзіну. Салдаты гасцінныя, паўтараем другі забег. Прапануюць яшчэ. Жыць, не паміраць!
З раздутым трыбухом мыю ў кухні кацялок. Нечакана ўваходзіць наш майстар:
— Wolkowyki, du auch hier?43
Дзіўнае дзіва! Ніколі не думаў, што ведае ён маё прозвішча. Ну й ну! Моцна пасунуўся за мінулы тыдзень. Голас як з магілы.
З прытулкам у фабрыцы нічога не выйшла, вярнуліся на Rathslinden.
5 лютага, панядзелак. З самай раніцы па лагеры гойсае „Факстрот”, фабрычны паліцыянт.
— Aussteigen!44
Сплюхоў вытурваюць з баракаў прыбочныя лагерфюрэра. А вось і ён, са спіскам у руках. Чытае прозвішчы. Там і я. „Факстрот” строіць шэраг.
— Ab!
Цяпер на фабрыку будзем хадзіць строем. Спярша прыстроілі мяне ў ачышчальную брыгаду, затым адправілі ў пекла, ліцейны цэх. Большай бяды ўявіць не магу. Справа ў тым, што ў мяне хранічны кан’юнктывіт (przewlekłe zapalenie spojówek) і праца ў дыме і пыле пагражала знішчэннем вачэй. Пасля некалькіх дзён змагання з формамі, едкім дымам і страшэнным пылам, рашаюся на стандартны акт роспачы: акалечуся! Выцягнуў з печкі распалены вугаль і прыціснуў яго да далоні левай рукі. Адняў — прысмажаная скура. І ўсё, чаканай бурбалкі няма. Паўтарыў парцэдуру — той жа вынік. Збіты з панталыку, махнуў рукой і пайшоў на пераклічку. Падыходзіць мая чарга адгукацца — зірк на далонь: збаўчы шарык!
— Krank!45 — выдыхнуў я з вялікай радасцю.
Такім чынам пазбавіўся пекла. Паслалі ў кухню абіраць бульбу. Во дзе жытуха! Дык як на злосць, рана хутка гоіцца. Пасыпаю яе соллю. А рускіх не відно. Толькі трымаюць горад у стальных клешчах і непакояць паветранымі і артылерыйскімі налётамі. А немцы? Капітуляцыя? Ніколі! Ужо выйшлі з апатыі. Арганізуюць абарону. На скрыжаваннях укопваюць бетонныя гнёзды для кулямётаў, горад абносяць акопамі, на баявыя пазіцыі выходзіць артылерыя: стаіць і пад прыкрыццём нашага лагера. Мы — жывы шчыт і заложнікі.
9 лютага. Разбудзіла нас артылерыйская кананада. Нарэшце, ідуць! Сарваліся з ложкаў і да вокнаў. Чорт ведае што! Вогненныя палосы смаляць у кірунку Metgethen! Чаму не ў нашым?
Пайшлі, толькі не тыя, каго мы чакалі. Замкнёныя ў горадзе немцы разарвалі блакаду і злучыліся з групоўкай, якая наступала з Пілау. Прабілі дарогу да мора. Клешчы, што сціскалі Кенігсберг, былі не з якаснай сталі.
Рана мая, на жаль, загоілася. Але левую руку надалей бінтую і трымаю ў пазіцыі „кранк”. І „Факстрот”, выбіраючы асілкаў паводле свайго меркавання, шчасліва мяне абмінае. І я, задаволены, далучаюся да выбракаваных, якіх забірае войска рыць акопы. Салдаты наогул дастасоўныя, дазваляюць запускацца ў апусцелыя дамы на нейтральнай паласе: аматараў пажывіцца ў нямецкіх паграбах хапае. Горш з фольксштурмам, у старых прусаў не згас баявы дух, не спускаюць нас з вока.
Капаем пад Juditten. На рускім баку хістаецца на прывязі назіральны шар. Яны таксама глядзяць на нашы рукі. Часам нейкі рассеяны — хутчэй блізарукі — арыенціроўшчык перадасць нам фаршыраваны ўсведамляльнай энергіяй гасцінец. Выбухае не кожны. Цікава, хто іх фаршыруе?
Читать дальше