Ходзячы па ваколіцах Заслаўя i па яго вуліцах, я даволі-такі прытаміўся. Убачыўшы за паўрасчыненымі варотамі прамкамбіната зацененую лавачку ля прахадной, я прайшоў да яе і сеў адпачыць. З будкі ў прахадной выйшла пажылая, з вострымі вачыма нізкарослая жапчына:
— А вам чаго тут?
— Ды от хачу пасядзець трохі, цётка. Хіба няможна?
— Чаму ж не, пасядзіце. Толькі не заходзіць на тэрыторыю!
Жанчына прысела каля мяне на лаўку. Да яе якраз падышоў чарнявы, добра апрануты хлапец з лагодным тварам. Жанчына адразу пачала яго ўшчуваць — за тое, што не так, як яна хацела, перасыпаў ёй веранду. Хлопец цярпліва даводзіў ёй, што так якраз лічыцца добра. Але жанчына стаяла на сваім i ca слязьмі ў голасе пачала абвінавачваць хлопца, што ён не хоча ёй памагаць, што ўсё робіць абы збыць з рук. Так ён i пайшоў, нічога не даказаўшы жанчыне, якая сыпала яму ўслед свае крыўды.
— Гэта сын,— сказала яна мне, трохі заспакоіўшыся.— Жыве тут, у Заслаўі, з жонкай i дзецьмі. Вы, мусіць, чулі трохі, пра што мы гаварылі. Але ж, канешне, не ўсё панялі. Я б вам расказала пра ўсё, але ж доўга гаварыць. А тут толькі доўга трэба. Я, ведаеце, люблю хадзіць на суд, слухаць. Дык от, бывае, калі падсудзімы надта загаворыцца, суддзя перапыняе яго i кажа: сакрашчона гаварыце, сакрашчона. А сакрашчона яно, ведаеце, не заўсёды i палучаецца. Дык от i тут так: сказаць сакрашчона — не поймеце. Але хай, папробую...
I жанчына добрую гадзіну расказвала мне «сакрашчона» пра ўсё, што ў яе набалела. Яна нават не звяртала ўжо ўвагі на тых, хто праходзіў на тэрыторыю прамкамбіната. Толькі зрэдку спыняла каго-небудзь:
— Вам куды? — і, паслухаўшы тлумачэнне, зноў паварочвалася да мяне.— Яно, сказаць па праўдзе, тут няма чаго i красці. Але я пытаю так проста, каб не стаяць тут без дзела. Аднаго прапушчу, а другога — вазьму i астанаўлю, патрэбую дакументы. Хай ведаюць, што ёсць стораж!
Пад канец, калі я сабраўся ісці, жанчына — не без удзячнасці за тое, што я выслухаў яе,— сказала:
— От пагаварыла з вамі, i аж лягчэй стала. Сыны мне, ведаеце, колькі раз казалі: хаця ты не гавары многа, не разнось пра нас абы-чаго па горадзе. А як жа мне не гаварыць. Калі буду маўчаць — я ж лопну.
Я толькі ўсміхнуўся, слухаючы шчырую споведзь жанчыны, якая, відаць, прывыкла ўвесь час быць сярод людзей і, выйшаўшы на пенсію, не магла сядзець дома склаўшы рукі.
У Заслаўі я пачуў легенды, звязаныя з Рагнедай, расказы пра гераічныя справы мясцовых партызан, якія не давалі праходу гітлераўскім салдатам i паліцаям. Кожны камень, знойдзены на гэтай зямлі, быў, здавалася, частачкай самой гісторыі, сведкам слаўнага мінулага краю.
Тут у вочы кінулася мне ўся ў рыштаванні старажытная Праабражэнская царква. Яе, як i Мірскі замак, па рашэнню ўрада пачалі таксама аднаўляць. Для мяне, чалавека, што звязаў свой лес з інстытутам, у назву якога ўваходзяць такія словы, як «мастацтвазнаўства», «этнаграфія», «фальклор», было радасна бачыць падобнае. Мне ўспомніліся словы А. Кіркора: «Многа гістарычных помнікаў у Беларусі знішчана часам, яшчэ больш невуцтвам i абыякавасцю». Добра, што гэты час невуцтва i абыякавасці адыходзіць у нябыт...
Вечарам я сеў на электрычку, якая імкліва панесла мяне ў Мінск, адкуль я пачынаў сваё падарожжа. Вяртаўся я туды ўжо зусім з другога боку, скалясіўшы добрую частку поўдня Беларусі.