Была б страха, хоць i нізкай хаты,
Сэрда пры сэрцу, крынічка ў травах,
Тытунь для цыгаркі, шклянка гарбаты,
Больш ні пра што я не сніў бы нават...
Ды на арэндзе маёй дагэтуль,
На жаль, я не маю такой раскошы:
Амаль не родзіць пясчаны палетак,
З кішэні як бачыш знікаюць грошы...
Між тым, працягвае паэт, пан патрабуе хутчэйшай выплаты за арэнду, бо інакш зусім выганіць з яе, a ляснічы пагражае, што «на камінак дрэва не дасць мне». Таму Сыракомля просіць сябра-рэдактара, каб ён змясціў у сваёй газеце аб'яву пра тое, што адзін сціплы паэт «хоча купіць зямлі з чатыры валокі»,
Купіць страху, што яго заслоніць
Ад зімняй сцюжы i спёкі лета,
Дзе, вольны, з лютняй сваёй у далоні
Складаў бы песні ён ды санеты,
Дзе б мог ён бачыць з вакна небасхілы,
Вясковыя стрэхі, крыжы на магілах,
Альбо сустрэцца б мог з селянінам,
Свабодна паплакаць горкай часінай.
Няхай была б мне сялянская хата
Рада, калі б я яе наведаў.
Хай мяне дрэў акружалі б шаты,
I побач бачыў сядзібу суседа.
A калі б чуў я звон кос між ракітаў!
A калі б бачыў, як жнеі жнуць жыта!..
Як бы там пелася! Хіба ж не ўцеха:
З лесам ва ўласнасць купіць сабе рэха!
Нягледзячы на гэта, усё ж газета не дапамагла Сыракомлю.
Аднойчы паэт, завітаўшы да сваіх сяброў у Мінск, пачуў аб продажы ў яго ваколіцах зямлі. Ён праз колькі часу сеў у вазок i рашуча пакаціў да прадаўца.
Прадаўцом аказаўся памешчык Юльян Гарайн, таксама літаратар. Цікава расказвае пра ўсё гэта сам Гарайн, які яшчэ да гэтага добра ведаў па друку Уладзіслава Сыракомлю як паэта, друкаваўся разам з ім у віленскіх выданнях, захапляўся яго вершамі, але вось асабіста з ім не быў знаёмы.
У пакой, піша Гарайн, увайшоў «малы чалавечак, нядбала апрануты, прыгнуты», але «з разумным выразам твару». «Досыць нязграбна пакланіўшыся, папытаў нясмелым, прыцішаным, ды ўсё ж сімпатычным голасам:
— Ці не вы будзеце Юльян Гарайн?
— Але, я. З кім маю гонар...
— Мяне зваць — Людвік Кандратовіч... Я чуў ад нашага, можна сказаць, агульнага прыяцеля, пана Жыські, што вы ў аколіцах Мінска прадаеце невялікі фальварачак. А я маю намер купіць якраз у гэтых мясцінах колькі валок зямлі».
Гарайн запрасіў яго сесці. Выкарыстоўваючы парады пранырлівага i хітрага гандляра Жыські, які падахвоціўся памагчы яму ў гэтай справе, Гарайн пачаў па ўсе лады расхвальваць свой фальварак Рабушкі, хоць замест прыбыткаў ён даваў яму адны толькі страты. У Рабушках, даводзіў прадавец, можна пабудаваць добрую карчму, пасадзіць туды паваротлівага чалавека, i ўжо адно гэта дало б двайны прыбытак уладальніку фальварка. Бо там куплялі б гарэлку не толькі мясцовыя сяляне, але i жыхары суседніх вёсак. Сыракомля адразу ж насцярожыўся:
— Дык, значыць, там у вас ёсць падданыя? — Жыська мне пра тое нічога не казаў.
Пачуўшы, што ў Гарайна ёсць там чатыры хаты з адзінаццаццю душ сялян, Сыракомля ўстаў i ўзяў шапку:
— Вольмі шкадую, што патурбаваў вас. Я хачу купіць фальварак без падданых. Сам з сям'ёю хацеў бы абрабляць зямлю. Бывайце здаровы!
Але размова на гэтым не скончылася. Сыракомля быў запэўнены, што падданыя сяляне з Рабушак выедуць пад Слуцк — яны даўно мараць пасяліцца на слуцкіх чарназёмах. Пасля гэтага паэт згадзіўся паехаць з Гарайнам на агледзіны фальварка.
I вось зграбны панскі вазок нясе абодвух у бок Заслаўя. Памалу распачынаецца гаворка. Пасля некалькіх роспытаў пра гаспадарчыя вартасці той мясцовасці Сыракомля нечакана папытаў:
— A ці ёсць там салаўі?
Пытанне здзівіла Гарайна. Ён пачаў больш пільна прыглядацца да свайго субяседніка, гадаючы, што ж гэта за чалавек. Гарайна цікавіла адно: як бы з найбольшай выгадай збыць свой няўдалы фальварак, i ён ізноў загаварыў пра яго даброты:
— Ад Мінска — міль тры, ад Радашковіч,— дзе некалькі разоў на год, асабліва ў дзень Святой Тройцы, бываюць не горшыя, чым у Міры,— кірмашы,— дзве мілі, ад касцёла парафіяльнага ў Заслаўі — некалькі вёрст. А вунь Сёмкаў... Бачыце, якая тут лёгкасць для збыту прадуктаў.— Прытым, гляньце, якія ў гэтым баку ўраджаі! Жыта i пшаніца — як шчотка. Зараз пачнуць красаваць. Ячмяні такія бываюць густыя, што аж вылягаюць.
З размовы Гарайн даведаўся, што яго субяседнік знаёмы з вядомым пісьменнікам Юзафам Крашэўскім, што нават гасцяваў у яго.
Читать дальше