Сюды, у ціхі паэтаў куток, мяне прыкаціла «Волга», якую мне далі ў рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Ca мной былі фатограф газеты Міша Пражэнік i сакратар партарганізацыі мясцовага калгаса Мікола Кавальчук, хлапец гадоў дваццаці двух, якога мы «прыхапілі» ў Аталезі — цэнтры калгаса. Абодва хлопцы вельмі зацікавіліся сваім земляком Уладзіславам Сыракомлем i з ахвотай ездзілі са мной па яго мясцінах.
Па шырокіх, здзічэлых кустах бэзу, што зелянеў, як астравок, сярод паджоўклага ўжо жыта, мы адразу пазналі на ўзгорку арандатарскую сядзібу. Пра яе нам расказала ў Жукавым Барку васьмідзесяцігадовая бабулька, дадаўшы пры гэтым, што недзе там, як чула яна ад старых, схавана залатая калясачка. Сярод травы мы знайшлі валун з падмурка, старыя, з імхом цагліны, не зусім яшчэ засыпаныя ямы — ці не ад склепаў? Так, якраз тут i стаяла, пэўна, Сыракомлева хата. Канчаткова ўнэўніліся мы ў гэтым, прачытаўшы раздзел «Вандровак» пра Залуча i верш «Пра маю старую хату», у якім паэт пакінуў вельмі дакладнае яе апісапне:
Паркановай трапіш вулкай
Да старой пахілай хаты.
Да зямлі яе прыгнула,
Мох страху закрыў i латы.
Цераз шчыліны ў драніцы
Можна немаль бачыць неба.
Гэта ўсё — мая святліца,
Лепшай мне нідзе не трэба.
Астракол, нібы на варце,
Каля весніц, перад ганкам.
A ў аградачцы, пры хаце,
Густалісты бэз альтапкай.
Праз аградку бачыш поле,
Як плыве здалёку Неман.
А пры шчыльным астраколе
Ля вулля пчаліны гоман.
Тут мае ўсё ў агародзе,
Хоць убога ў ім i дзіка.
Тут я ў радасці, ў нягодзе
З рукапісам i матыкай.
(Пераклад Ул. Дубоўкі.)
Магчыма, у гэтым кутку «ціхай працы» Сыракомля застаўся б да канца свайго жыцця, калі б аднойчы не напаткала яго няшчасце: смерць дзяцей. «Магіла на Стаўбцоўскім могільніку,— пісаў пра гэта паэт,— забрала ў мяне двое дзяцей — маю самую светлую надзею на будучыню. Хто не быў бацькам, ніколі не марыў, не зразумее таго болю...» З гэтай часіны,— прызнаваўся ён,— «старана, так дарагая сэрцу, стала для нас невыноснай... Не ведаючы, дзе ўзяць сілы для таго, каб застацца сярод тых мясцін i тых успамінаў, кінуўшы жменю пяску на апошнюю дамавіну, вырашыў я, як сапраўдны бадзяга, падацца адсюль, куды вочы глядзяць». «17 верасня 1852 года,— з роспаччу працягваў Сыракомля...— развітаўшыся з добрымі прыяцелямі i кінуўшы затуманены слязамі погляд на дом, які перастаў ужо быць маім, i на аколіцы, так любыя сэрцу, рушылі мы ў дарогу на Мінск — да Вільні». (У Вільні, заўважу, паэт так i нe знайшоў ужо шчасця: змучаны непасільнай працай, прыціснуты бясконцымі нястачамі, паэт хутка згас, пакінуўшы за плячыма ўсяго 39 год жыцця.)
Злева ад Залучы, калі стаць тварам да Немана, відаць хаты Жукавага Барка. Залуча — гэта бліжэйшая аколіца вёскі, яе выган. Нездарма паэт называў Жукаў Барок сваім. Мікола Кавальчук, які быў не абыякавы да гісторыі свайго краю, расказаў мне, што ў Жукавым Барку нарадзіўся знаны вучоны XVIII стагоддзя Саламон Майман, які быў знаёмы з Кантам i Гётэ i выдаў на нямецкай мове каля 30 прац па філасофіі i матэматыцы. Я ведаў пра Маймана з «Вандровак» Сыракомлі, які пісаў пра яго як пра «вялікага чалавека», «вядомага ў свеце вучонага», ведаў пра тое, што Майман некаторы час жыў у Нясвіжы, а вось што ён родам з Жукавага Барка — пачуў упершыню. Гаворачы пра Саламона Маймана, Мікола прызнаўся, што, як гэта ні сорамна, ён дасюль чамусьці нічога не ведаў аб пражыванні ў Залучы Сыракомлі i цяпер быў прыемна здзіўлены. Ён здзівіўся яшчэ больш, калі я расказаў, што ў Жукавым Барку ў той жа час, што i Сыракомля, жылі яшчэ два пісьменнікі — аўтар многіх раманаў i аповесцей з жыцця Беларусі Адам Плуг (сапраўднае імя Аытоні Пяткевіч; дарэчы, Пяткевічы i цяпер ёсць у вёсцы) i беларускі паэт Вінцэсь Каратынскі, якога, паводле сведчання літаратара Юльяна Гарайна, адкрыў тут Сыракомля, дапамог яму выйсці ў людзі. Адным словам, мы прыйшлі да вываду, што Жукаў Барок — цэлае гняздо паэтаў. Мусіць, якраз яго i меў на ўвазе крытык Спасовіч, калі пісаў у 1889 годзе ў артыкуле «Уладзіслаў Сыракомля»: «З усіх родных зямель нашых найбольш багаты не толькі на мінеральныя крыніцы, але i на кастальскія крыніцы самароднай паэзіі — край прынёманскі». I гэта гаварылася задоўга да таго, як у «прынёманскім краі» забілі новыя, магутныя i чыстыя «крыніцы самароднай паэзіі». Гэта — Нізок з аколіцамі, дзе загучалі такія самабытныя галасы нашай беларускай літаратуры, як Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка. Гэта — Пясочнае, якому мы абавязаны многімі папулярнымі песнямі, напісанымі яго ўраджэнцамі — Анатолем Астрэйкам i Адамам Русаком. Гэта, нарэшце,— Мікалаеўшчына, калыска неўміручага Якуба Коласа, дзе сёння ўзышоў новы літаратурны падлесак — маладыя, здольныя беларускія паэты Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі, Мікола Міцкевіч.
Читать дальше