Адгэтуль праз крыніцу Кедронавую павялі Мучаніка да першасьвятара. Паломнікі ідуць той-жа дарогаю, па якой вялі Богачалавека. Справа ўздымаліся высокія сьцены Ерусаліму. Ніжэй у даліне ў ночнай цішы журчаў вядомы сьвету ручай. Зьлева хутка мінулі помнік Авесалому, прайшлі паўз грабніцы. Раздуваныя начным вецярком з Елеону паходні воінаў выхоплівалі з цемені кавалкі краменчатай дарогі, што вілася з узгоркаў далавах і зноў на ўзгоркі. Часам з-за хмарынак паказваўся месяц, і тады залітая бледным сьвятлом даліна набывала яшчэ большай таямнічасьці; узвышша Офель і гарадзкая гара Сіён над купельлю Сілаамскай выглядалі ўначы дзіўнымі страшылішчамі, дакорамі ня меньш страшным чалавечым справам.
Ісуса Хрыста прывялі спачатку да першасьвятара Анны, як сьведчыць эвангеліст Іоанн, які з сьв. Пятром ішоў усьлед Госпада. Па дарозе, пазнаўшы настаўніка, малады чалавек дапытваўся, куды вядуць арыштаванага. Вырываючыся ад стражнікаў, пакінуўшы ў іхніх руках свой плашч, ён здолеў голым уцячы. Іншыя вучні пазналі ў ім аднаго з 70 апосталаў - Марка. Цяпер у паўночна-ўсходняй частцы армянскага кварталу на месцы дома апостала і эвангелістага Марка стаіць сірыйскі манастыр. А на месцы дома першасьвятара Анны цяпер манастыр армянскіх сёстраў, г.зв. Аліўкава, бо ў двары багата аліўкавых дрэваў, да аднаго з якіх быў прывязаны Збаўца. У царкве таго ж манастыра ў адным з аўтароў паломнікам паказваюць месца допыту Збаўцы Аннаю і дзе адзін з прыганятых ударыў Богачалавека ў твар.
Зьвязанага Хрыста далей вядуць у дварэц Кайяфы што каля Давідавай Брамы. Тое месца цяпер на Ізраільскім баку. Гэта там адбылася трагедыя адрачэньня Пётры, пасьля чаго ён горка плакаў у пячорах. На тых месцах была пабудаваная царква Плачу сьв. апостала і само мейсца называецца па лацінску «Галлі Канту», што значыць «сьпяваючы певень».
Зьвязаны Хрыстос быў асуджаны сінэдрыёнам на сьмерць уначы. Каб атрымаць згоду Прэтора Пілата, трэба было чакаць раніцы. Разбэшчаны рымлянін не любіў уставаць рана. Ён звычайна хроп у пасьцелі да паўдня. Асуджанага сьмяротніка вялі ў перадранішнім мораку, каб схаваць ад вачэй натоўпу і вучняў па гулкім бруку вузкіх вуліцаў старажытняга Ерусаліму. Яго прывялі да Прэторыі, вежы Антонія, што цяпер на вуліцы ад Авечай Брамы. Грубы стражнік адмаўляўся прымаць арыштаванага: Прэтор яшчэ сьпіць і ня любіць, каб яго турбавалі гэтак рана. Але жыды ўзмаліліся, каб недзе знайшоў месца арыштанту. Тады рымскі стражнік забраў Хрыста і пасадзіў яго ў турму ў піўніцы, якая пад сучасным будынкам аж да сяньня захавалася.
Паломнікі спушчаюцца ў маленькую царкву на месцы колішняй турмы, дзе вязьнем быў сам Богачалавек. Там жа трымаліся разбойнікі Варавва і іншыя з ягонай шайкі. Камэра Вараввы была ў ніжнім ярусе, куды арыштантаў спушчалі па лесьвіцы праз дзірку ў столі. Там у нішы за кратамі сядзелі найбольш небясьпечныя злачынцы. У камэры Хрыста і цяпер можна бачыць каменную лаўку з праробленымі ў скале дзіркамі для ног, якія закоўваліся ў кайданы.
Другі ярус гэтае турмы пазьней паміж сотым і трохсотым гадамі служылі катакомбамі для першапачатнай хрысьціянскай царквы ад перасьледу жыдоў.
Верхняя частка ўсё ж яшчэ значна ніжэй сучаснага ўзроўню глебы становіць сабою заходнюю частку Ліфастротана, дзе ён выходзіў у горад з Прэторыі. Там некалі перад тысячным народным морам Пілат паставіў на памосьце сваю Ахвяру ў барвовым вянку і выгукнуў: «Се, Человек!» Ён ужо знаходзіўся пад уплывам свае жонкі, якая пасьпела паслаць яму на судзілішча просьбу не караць сьмерцяй: вязень ужо цэлую ноч змушаў яе пакутваць і не пакідаў яе думак. Пілат прапанаваў абмежавацца адно бічаваньнем. Але на пляцу Ліфастротана варожы Хрысту натоўп ніяк не хацеў задаволіцца жалюгодным выглядам пакаранага Пакутніка. Юдэі голасна крычалі: «Распні Яго!
- Гэта Цар ваш! Ці ж я вашага цара распну? - пытаўся ў натоўпу Пілат.
- Распні, распні, укрыжуй яго! - адным немым голасам вымагаў разьюшаны натоўп. «І перамог крык іх і архірэяў» (Лука 23, 23). Пілат памыў рукі і аддаў Хрыста на ўкрыжаваньне. Тут жа быў прадыктаваны і падпісаны Пілатам прысуд і тут жа на плечы Хрыстовыя быў узложаны Крыж.
Цяпер над уваходам у тое самае месца адна з трох арак Брамы Прэторыі на вуліцы завецца «Се, Человек», бо туды былі перанесеныя два камні, на якіх стаялі Богачалавек і Пілат у тыя вызначныя хвіліны.
Адгэтуль, з Ліфорстратону і пачынаецца Крыжовы Шлях Гасподзен. З цяжкім крыжом Хрыстос сышоў з Ліфостратону, прайшоў пад аркаю і далей па пакутным шляху. На рагу першага перакрыжаваньня вуліцаў некалі стаяла пабудованая царыцай Аленай у 4-м стагодзьдзі царква Божай Маці, бо там якраз, паводле паданьня, Марыя стаяла, стомлена чакаючы пастановы Пілатавага суду. І вось яна пабачыла скрываўленага пад крыжом Сына. Мазаіка ІV стагодзьдзя паказвае дробнымі каменчыкамі сляды ейных ног. Некалі там быў Бізантыйскі храм, цяпер - армянскі каталіцкі прастол.
Читать дальше