Паломнікі моляцца далей, сьпяваюць сьвятыя песьні ў сваёй роднай мове. Чуюцца незнаёмыя словы сірыйскае, армянскае, грэцкае, арабскае мовы; у іхняе разнагалосьсе плаўна ўліваюцца латынскія псальмы. Для праваслаўнага вуха нашых суродзічаў наймілей гучыць медзь стараславянскае, звыклае ім, мовы. Усе разам урачыста сустракаюць нядзелю, як дзень вялікага Ўваскрошаньня. Нядзельны Трапар у вуснах нашых суродзічаў асабліва вылучаецца сілай слоўнае выразнасьці і надзвычай уразліва гучыць асаннаю ідэі перадоленьня сьмерці праз самую сьмерць. Вось прарэзьлівы жаночы голас высока ўзносіцца над іншымі:
«Христос воскресе из мертвых...
Дзесяткі і сотні розных галасоў магутна падцягваюць:
смертию смерть поправ...
І ўжо як у набат усе разам сьцьвярджаюць вялікі гуманістычны сэнс Хрыстовага чыну:
и сущим во гробех живот даровав».
Ніколі яшчэ ў жыцьці Ўсеваладу Ціхановічу не даводзілася гэтак глыбака прымаць да сэрца гэтыя простыя і разам з тым наймудрэйшыя словы, напоўненыя самым асэнсаваным і найбольш прачулым зьместам. Яны рабіліся тут гэтулькі многазначнымі і так прыпадалі да сэрца, будзячы ў ім што ёсьць найбольш добрадзейнага і закранаючы самыя патаемныя струны чалавечай існасьці.
Ён пачуваў, што ўжо ніколі тыя струны не замоўкнуць у ім на ўсю моц і што ўжо цяпер ён ведае, да каго будзе ляцець у парываньнях скранутая са здраньцьвеньня душа. Ён вяртаўся з Храма апусьцелым перадранішнім Ерусалімам і ўся ягоная ўсхваляваная істота сьпявала хвалу Сьвятому Гораду, які прасьвятляў ягоную збалелую душу, лячыў яе раны, надзяляў яе сьвятлом і ўздымаў увысь. Усевалад цяпер ведаў, што недарэмна ён абраў гэтае далёкае падарожжа. Ужо дзеля адной той трапяткой радасьці, якая агарнула яго цяпер і будзіць надзею на лепшае, больш набліжанае да ўзору Хрыстовага, жыцьцё, паўнейшае ахвярнасьцяй і добрымі справамі, варта было сюды ехаць. Ён пачуваў сябе на сваёй хрысьціянскай Бацькаўшчыне, тут у гэтым абраным месьце. Сьвяты горад уводзіў яго ў вечны Ерусалім Нябесны, даў змогу дакрануцца да яго духоўных палацаў і апаліць сэрца тым вечным нязгасным агнём любові Хрыстовай, за які Табе, Творца, вечная ўдзячнасьць і найвялікшы Дзякуй. І Ўсевалад прыкленчыў да Ерусалімскае зямлі каля Дамаскае Брамы на пляцу і ад усяго расчуленага сэрца пацалаваў яе. І адразу пачуўся яшчэ больш акрыленым і лёгкім.
Першыя праменьні ўзыходзячага сонца неяк раптам асьвятлілі тую плошчу і кінулі колькі пасмаў на ягоны твар. І ён засьвяціўся нязнаным дагэтуль, сукрытым раней сьвятлом, што рабілі тыя хвіліны хады па вуліцах Сьвятога Граду найбольш шчасьлівымі з усіх зазнаных у жыцьці. Пачуцьці самі сабою выліваліся нескладанымі радкамі вершу ў гонар Вечнага Сьвятога Места, на вялікі жаль незапісанымі!
«Ісус, каб асьвяціць свой народ,
быў мучаны, за варотамі».
Ап. Паўла, да жыдоў 13, 12
Незабыўныя ўражаньні пакідае на ўсё жыцьцё ў кажным паломніку Крыжовы Шлях Хрыстоў ад Гефсіманіі да Галгофы. З паказаньняў Эвангелістаў ведама, што пасьля Разьвітальнай Вячэры і раздачы вучням Свайго вельмі чыстага Цела і Крыві, Збавіцель павёў іх з Сіёнскай Сьвятліцы на гару Елеонскую, у паселішча Гефсіманіі, за паток Кедрон, дзе быў сад. Гэта на заходнім усхоне Елеонскай гары, насупраць Ерусаліму. Там дагэтуль захаваліся пячоры, у якіх Гасподзь маліўся з сваімі вучнямі ў халодныя зімовыя ночы. Пакінуўшы вучняў на звычайным, ведамым Юдзе месцы, Гасподзь з трымя з іх падаўся далей у сад. Пасьля, адыйшоўшы ад іх на адлегласьць кіненага камня, маліўся да крывавага поту. У сярэдніх вякох там была Царква Хрыстовага Маленьня. У вялікі чацьвер крыжовы ход з Елеону, пасьля страстной службы ў базыліцы Ўзьнясеньня, спушчаўся ў Гефсіманскі сад да месца Хрыстовага Маленьня і ўкленчыўшы, падобна Хрысту, усе маліліся. У царкве Хрыстовага Маленьня чыталася Эвангельле да словаў: «Чувайце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу» (Мацьв. 26, 41). Далей спушчаліся ў самое мястэчка Гефсіманію, куды быў прыйшоў Юда з воінамі, каб здрадзіць Ісуса. Цяпер няма тае царквы. Але каля цяперашняй расейскай царквы сьв. Марыі Магдалены каля Гефсіманскага саду, у нішы па дарозе да расейскага саду, стаіць абломак калёны той царквы з грэцкімі словамі, што азначаюць: «Ойча Мой!». А ў Гефсіманскім садзе мы бачым ступені на крамяністым камені, што вядуць на Віфанскую дарогу. Там Юда спаткаў Госпада і выдаў яго воінам здрадніцкім пацалункам. На гэтым месцы таксама некалі стаяла Царква Вялікага чацьвярга. Сірыйцы ў ІХ стагодзьдзі пры пабудове тут Храму напаткалі фундамант і мазаіку ІV стагодзьдзя. Цяпер там узвышаецца прыгожая францісканская базіліка, пабудаваная намаганьнямі 12 эўрапэйскіх дзяржаваў. Сьцены яе ўпрыгожаныя мазаікай. Перад прастолам агароджаны прыродны камень. Вокны з сіняга шкла, каб у сярэдзіне стаяла вечная Гефсіманская ноч. А вакол - аліўкавыя дрэўцы, што паходзяць ад тых самых аліўкаў, якія чулі тужлівую малітву сьмяротна засмучанае душы Гасподняй.
Читать дальше