А неўзабаве атрымаў новы ліст, у якім родзічы паведамлялі пра наступную падзею. На гэты раз падзея была незвычайная:
«…Мы тут камеціну бачылі. Дзіва дзіўнае! У Амэрыцы, кажуць, яе не было, але мы вельмі баяліся і за цябе, бо некаторыя палохалі, што яна зачэпіць сваім доўгім хвастом зямлю, засыпле яе каменнем і пылам або атруціць газамі. Мы вельмі непакоіліся, са страхам узіраліся ў неба, выглядалі, калі яна з'явіцца. Дзядуля сказаў, што калі хто сядзіць на той камеціне, то ён бачыць і нас, і адначасова Лявонку ў той Амэрыцы. Напачатку, праўда, у нас тут не зразумелі: палічылі, што не камета, а нейкая вялізная кабета з вогненным хвастом, але потым усё ж такі разабраліся, што не чалавек гэта. Некаторыя даказвалі, што гэта вогненнае страшыла сутыкнецца з зямлёй і будзе канец свету. Пракоп Пахолак казаў, што камета прарочыць людзям вайну ці рэвалюцыю. Газеты пісалі, што гэткая ж камета пагрозліва чырванела над Масквой перад нашэсцем Напалеона. Перад гэтым, у пазамінулым годзе, быццам бы гэткая камета ўпала на Сібір і нарабіла шмат шкоды, папаліўшы вакол сябе ўсё на некалькі вёрст. Пруску апанаваў страх. Дзядуля наш першы ўгледзеў і ядро, і хвост. Паклікаў нас, сабраліся ўсе прускаўцы. З'явілася яна з поўдня. Зырка, на ўсё неба ззяла гэтае яе ядро, а доўгі чырвоны хвост і сапраўды нагадваў меч Божы. Цёмна стала, але зор не відаць было. З жахам глядзелі мы на нябесную госцю: куды, у які бок яна рухаецца, зачэпіць ці не зачэпіць зямлю. Хвост яна вяла на поўнач. Настаўнік Шпронька перасцерагаў, каб не глядзелі на камету голымі вачыма, бо можна аслепнуць. Таму некаторыя глядзелі праз закопчанае шкло. Праз пару-другую гадзін камета знікала за даляглядам і ў наступныя некалькі вечароў з'яўлялася пазней, нанач, меншых памераў і з карацейшым хвастом. Асабліва шырока распускала хвост у бязмесячныя ночы. Мы якраз выбіралі бульбу. Думалі: а раптам назаўтра што здарыцца. Жахаліся: „Знаменіе нябеснае!“ Кузёмка, які якраз на гэты час аказаўся ў Прусцы, пераправіў нас: „Не, кажа, мілыя, тут, мусіць, нешта большае: кара Боская! Вось што… Нядоўга ўжо, відаць, пратрымаецца сучасны свет, хутка ўжо канец“.
Бацюшка айцец Глеб адслужыў у царкве малебен і сказаў: „Усявышні папярэджвае нас, грэшнікаў. Усё ва ўладзе Бога“.
Людзі радаваліся і цешыліся, што ўсё абышлося па-добраму, што камета не кранула зямлі, паляцела сваёй дарогай.
Застаёмся, твае родныя, моцна ўсе цалуем..
2 лістапада 1910 года».
(Трэба дадаць, што вернецца гэтая «камеціна» ў 1984 годзе, але нашы героі да гэтага часу не дажывуць.)
Так прайшла яшчэ адна зіма. Мінаў ужо красавік.
Перад выхадным, пад вечар, Лявонка звычайна ішоў у горад. Калі быў Цімоша — з ім. Цяпер сябар з'ехаў у Нью-Йорк або, можа, яшчэ куды. Вядома, ля канвеера стаяць было цяжка. Ад стомленасці, казаў, блыталіся думкі, і аднойчы ён, не жадаючы таго, даў сабе паслабленне, збавіў тэмп, прапусціў пару трубачак. Побач, невядома адкуль, як з-пад зямлі, узнік формай — закрычаў, замахаў рукамі. Брак! Брак! Брак!.. Давялося змабілізаваць усе сілы, папакруціцца, але нарэшце змогся, не вытрымаў і прапусціў сваю змену, праваляўшыся ўвесь дзень на ложку. На другі дзень атрымаў разлік. У акенцы не пацікавіліся нават прозвішчам, спыталі толькі нумар.
— Нумар 55–09 вызвалены! — пачуў Цімоша за сваёй спіной і нечакана для сябе самога ўзрадаваўся, нават зарагатаў.
Развітаўшыся з Лявонкам, падаўся, відаць, да Піліпка ў Нью-Йорк. На вакзале Цімоша загадкава пасміхаўся, але казаць нічога не казаў. Сеўшы ў вагон, памахаў рукой. Лявонка застаўся адзін на пустым пероне. У галаве таўкліся думкі:
«Не схацеў Цімоша працаваць. Завод. Канвеер. Праца ў Форда цяжкая, але што зробіш!..»
Сёння ён быў адзін. Паклаў у кішэню камізэлькі некалькі сігар — курыў няшмат, апрануў пінжачок, насунуў на лоб капялюш і выйшаў на вуліцу. Ноч хутка апускалася на гэты вялікі горад. Начны Дэтройт зырка асветлены электрычнасцю — нават больш, чым Нью-Йорк. У вольны час ён любіў наведваць адзін танны салун, на якім, ля ўвахода, красавалася шыльда з надпісам «Разгавор па-руску». Трымаў яго яўрэй з-пад Пінска. У гэтым месцы можна было паесці. Звычайна тут прапаноўвалі свініну з фасоллю — самае дэмакратычнае блюда. Але была магчымасць заказаць і боршч з капусты, грэчневую кашу з маслам, нават дранікі, праўда, гэта каштавала значна даражэй. Бутэрброд ці пончык або селядца кліент атрымліваў без праблем. Ідучы сюды, Лявонка старанна падлічваў свае кішэнныя грошы, бо трэба было ведаць, колькі іх, каб не нарвацца на канфлікт з афіцыянтамі.
Читать дальше