Сябар жыў адзін у пакоі: яму, як чалавеку, што мае справы з паперамі, фарбамі, гуашамі, на якім вісіць уся сценгазета і якому трэба разгарнуцца, зрабілі такую ільготу. У пакоі былі тры сталы, і ўсе тры заваленыя трубкамі ватману, кнігамі, пэндзлямі, застаўленыя слоікамі, таму сядалі на ложак, а піва ці віно, якое звычайна прыносіў Снарскі, ставілі на адзінае, парэзанае нажом і заляпанае фарбамі, крэсла.
Гаварылі пра ўсё на свеце, што на язык.
— У мяне цяпер такі перыяд, — казаў Снарскі, папіваючы віно ці піва, — што хоць ты вешайся. Поўная пустата ў думках і няведанне, што рабіць, для чаго жыць… Нашто? Перавесці тоны мяса, хлеба, цыстэрны піва, каб скончыць усё гадоў праз пяцьдзесят, неяк пад раніцу, у анкалагічным аддзяленні, у палаце на чатырох, дзе зачуханы дзяжурны, нядаўні студэнт, злы і нявыспаны пасля ўчарашняй п’янкі, пазяхаючы, адганяючы ад рота перагар, памацае пульс, ногі, зробіць каравым почыркам, дрыжачымі пальцамі запіс у кніжачку, п’яная баба з беламорынаю — а я бачыў такіх у арміі, вазілі неяк хлопца ў морг, б-р-р! — разрэжа жывот, пакалупаецца ў кішках, попел туды саб’е, зашые абыяк, вывезуць за горад, закапаюць — вось і ўсё, што мы знаем… I для чаго тады жыць? Што такое жыццё? Ніхто не скажа.
Белабрысаму такія тэмы падабаліся страшна — як і літаратурныя тэмы, — ён плаваў у іх, як рыба ў вадзе.
— Жыццё — ты сам, — адказваў ён. — Даўно і не мною заўважана: як толькі чалавек пачынае задаваць сабе нейкія глабальныя, касмічныя пытанні, так адказ трэба шукаць у маленькай закавырачцы, у драбязе — туфлі ціснуць, жонка кепска варыць, пломба ў зубе не пастаўлена і гэ дэ. У тваім канкрэтна выпадку трэба пастарацца знайсці гэтую драбязу і выправіць, тады само сабою знікне і анкалагічнае аддзяленне, і зашыванне жывата.
Белабрысы думаў, што Снарскі прыходзіць да яго толькі таму, што хоча вывудзіць нешта пра ТУЮ, а ў перспектыве — збіраецца разводзіцца з Галяю і сыходзіцца з ТОЮ, таму і наводзіў яго на «жонка кепска варыць».
— Ну, якія прычыны?.. Усё ў мяне ёсць, усё добра і ўсё неяк само сабою прыйшло: і кватэра, і праца, і абстаноўку ўсю шурын купіў і прывёз — я пальцам не паварушыў, і жонка варыць… Спакою няма.
— Вось і прычына! А ты як хацеў? Не мною сказана: чым больш ты паклаў бы на ўсё гэта сілы, нерваў, крыві, тым больш і цаніў бы. Нездарма ж раней жонак кралі, рызыкуючы жыццём, альбо плацілі за іх выкупы, альбо заваёўвалі на вайне… Мусіць, і табе трэба была б жанчына, якая дасталася б табе з цяжкасцю — тады б ты больш цаніў яе і думаў бы не пра анкалогію праз пяцьдзесят гадоў, а пра тое, як яе ўберагчы праз пяць дзён…
— Усе аднолькавыя, — казаў Снарскі і чырванеў.
— Не ўсе. Кажу смела, бо добра ведаю пра тваё восьмае сакавіка і добра ведаю, прабач, Галю, жанчыну, якая не роўня табе ні духоўна, ні, прабач, у фізічным, сексуальным плане…
— Давай вып’ем, хопіць… — Снарскі і сам ведаў, што Галя духоўна бедная і не пара яму, але непрыемна і чамусьці сорамна было чуць гэта ад іншых.
Выпівалі. Сябар, як большасць творчых людзей, п’янеў хутка і ад малых дозаў, яму рабілася ўжо нецікава падыгрываць Снарскаму, і ён гаварыў толькі пра сваё — пра літаратуру і нелады з рэдакцыямі, якія рэгулярна вярталі яму назад творы. Тады голас яго рабіўся нервовы і рэзкі, быццам ён спрачаўся з кімсьці, вочы рабіліся вузкія, а пальцы сціскаліся ў кулак.
— Што такое літаратура? Тое ж, што і жыццё, — гэта мы самі! I ты, і я, і ўсе мы! А хто можа быць суддзёю ўсім нам? Бог, цар, воінскі начальнік ці рэдактар — хто? Вось паслухай… — ён кідаўся да сталоў, корпаўся ў нейкіх лістках і, адшукаўшы, пачынаў зачытваць верш — блытана, не разбіраючы свайго ж почырку. — Ну, як? — прачытаўшы, пытаўся і не зводзіў з Ігара вачэй, а калі той крышку марудзіў, белабрысы бялеў.
— Нармальна… — няпэўна адказваў Снарскі, які любіў толькі школьную хрэстаматыйную класіку і зусім не чытаў літаратуры сучаснай. Зрэшты, адзін радок і з вершаў белабрысага яму падабаўся: «Ты проходишь, власть Советов, словно с белых яблонь дым!» — Па-мойму, добра, — казаў ён.
— Праўда? — радасна перапытваў белабрысы. — А там, — махаў ён некуды рукою, — не нармальна! Прастаты мала! А калі нехта скажа — прастаты многа? Вучыцеся ў класікаў! А што такое класікі? Я Валодзя Навіцкі, а ён Якуб Колас — вось і ўся, у прынцыпе, паміж намі розніца!..
— Так, ты жывеш гэтым, у цябе ёсць нешта наперадзе, і, вядома, даб’ешся свайго, — казаў Снарскі, бачачы, што ўсё выпіта і што ўжо нярана. — А ёсць людзі, якім нічога не трэба, нічога не цікавіць… Ну, пайду.
Читать дальше