— Дурань ты мой… Ты ж сам не ведаеш, які ты… Стой, стой тут!.. — і яна знікла ў пакоі, потым ляснулі дзверы на калідор.
Снарскі, выцершы шчаку, дакурваў, чуў, як у пакоі, побач, варочаецца пад прасцінаю раздзетая флегматычная гультайка Зоя, слухаў смех унізе на лаўках, глядзеў на ярка-зялёную, падсвечаную знізу ліхтаром лістоту грушы, на інстытут, дзе дасюль яшчэ свяціліся вокны, — і нібы па накаце, не могучы спыніцца, расказваў у думках далей: «…хочацца крэсла, чыжа ў клетцы… хочацца ўсяго эгаістычна-мяшчанскага, супраць якога заўсёды так распіналіся, рабілі рэвалюцыі, вялі войны, — а ўрэшце выяснілася, што толькі ў свеце і ёсць разумнага, што гэтае бяскрыўднае мяшчанства…»
У пакоі запалілася вялікае святло, і Галін голас крыкнуў: «Зоя, пад’ём!»; сама яна, задыханая, выскачыла на балкон і сунула ў рукі Снарскаму цяжкую пляшку.
— Адкаркоўвай шампанскае! — ізноў сухія дотыкі на шчацэ. — Толькі шумна — я хачу, каб усе чулі! Усе! — крыкнула яна ўніз.
I заціснула вушы, калі Снарскі, паклаўшы на падаконнік недакурак, пачаў абдзіраць фольгу і адкручваць дроцік.
* * *
На вяселлі, якое згулялі не лепшае і не горшае, чым у людзей — нанятыя таксоўкі, роспісь, фатаграфаванне каля Вечнага агню, заказаная вечарынка ў рэстаране — асабліва ўсім спадабаўся брат маладой (той самы, які дарыў кватэру). Малады, дужы, ён многа і з ахвотаю выпіваў, крычаў «горка!», гаварыў смешныя тосты, шчодра плаціў музыкам за песні — адну «Галю маладую» сыгралі разоў пяць — словам, паказваў усяляк, што весяліцца, гуляе, як і трэба гуляць на вяселлях. Калі надышоў час адорваць маладых, сказаў проста, ціха: «Галінка, я рады твайму шчасцю, і пакуль жыць буду…» — не дагаварыў, згроб маладых у ахапак, расцалаваў і заплакаў. I ўсе ўбачылі, як ён любіць сястру, і неяк цяплей пасля яго слоў і руху зрабілася ўсім за сталом (а спачатку нацягнутасць паміж Ігаравымі і Галінымі сваякамі была, не ўсе ж маглі падараваць цэлую кватэру).
З рэстарана паехалі ў братавую трохпакаёўку — ужо размененую, але з якой пакуль не выбіраліся, афармлялі ордэры. Госці селі ў залі дагульваць, а маладым паслалі ў дальнім пакоі.
I толькі цяпер, калі яны асталіся адныя, да Снарскага, які ўвесь гэты тлумны, душны дзень толькі і чакаў, калі ж усё скончыцца, пачало даходзіць, што ўсё яшчэ толькі пачынаецца. Ён проста выпусціў неяк з-пад увагі, забыўся на самае важнае — што з гэтага дня ён ужо сам сабе не належыць, што цяпер ім з Галяю давядзецца быць разам не толькі ўдзень, але і ўночы. Галя ляжала на ложку, раздзетая, больш чым калі падобная на дзіця альбо на вераб’я, папраўляла на галаве ўзлахмачаныя пасмачкі, глядзела на яго шчасліва і аддана, а Снарскі стаяў, глядзеў у люстэрка на дзвярах шафы і адчуваў сябе злодзеем, што залез у чужы пакой і якога раптам засталі. Хацелася павярнуцца і ўцякаць. Але ён перамог сябе, пазяхнуў і прысеў на край ложка, каля жонкі.
— Як я хачу спаць… — і прылёг ніцма, у адзенні, тварам у падушку.
Раптам ён уздрыгнуў і ледзь не махнуў рукою, як адмахваюцца ад камара, — чужыя, сухія вусны пачалі дакранацца да яго вуха, шыі, патыліцы…
— Я хачу спаць! — глуха, у падушку, прастагнаў ён, адчуваючы проста фізічныя пакуты. Але сухія дотыкі не скончыліся — жонка цалавала яго…
Снарскі рэзка прыпадняўся і ўперыўся позіркам у вільготныя ад шчаслівых слёз Галіныя вочы. «Зараз я яе ўдару!» — падумаў ён, і да болю прыкусіў губу, адвярнуўся да шафы, да люстэрка. Міжволі глянуў на свой адбітак, і раптам з усёй яснасцю яму ўспомніліся іншыя пакусаныя губы, іншы твар і поўныя, у чорным капроне, паднятыя ногі з белай паскай скуры на левай, дзе падраты капрон… У яго сэрца забарабаніла і пахаладзела спіна; ён усхапіўся, выключыў святло, хутка распрануўся, наступаючы нагамі на калашыны, сцягваючы абы-як кашулю, — і, заплюшчыўшы вочы, сціснуўшы сківіцы, уявіў, што лягае не да жонкі, а да зусім іншай жанчыны — да ТОЙ…
* * *
Снарскі чуў ад сяброў, чытаў у кнігах, газетах, што звычайна пасля жаніцьбы жонкі змяняюцца, выплываюць нейкія такія іхнія капрызы, пра якія і здагадацца было цяжка, — але не верыў, што такое можа быць і з яго жонкаю.
Ён і да вяселля амаль нічога пра Галю не ведаў: ну, непрыгожая, вучылася так сабе, духоўна наўрад ці моцна развітая, але добрая, пакорлівая — што яшчэ?.. Калі ж перабраліся ўрэшце на сваю кватэру і пачалі жыць адныя, асабліва пасля абароны дыпломаў, калі Снарскі пайшоў на працу (Галін брат устроіў яго па блату ў канструктарскае бюро), аказалася, не такая ўжо яна і пакорлівая. Не, так яна заўсёды была радасная — проста ад таго, што ў яе ёсць муж, кватэра і ўсё, як у людзей; яна прыбірала, варыла, абмывала мужа, хадзіла па магазінах, сустракала яго з работы і, увогуле, кідалася рабіць усё, што яму хацелася, але Снарскаму непрыемна было, што яна раптам пачала патрабаваць да сябе ўвагі і, галоўнае, падзякі за ўсё гэта — за тое, што, на яго думку, любая жонка любому мужу павінна была рабіць за проста так.
Читать дальше