Толькі Маховіч пачаў падманваць сам сябе, што не было ніякай дзяўчыны, ніякай размовы, што прыемнасць гэтая проста так — ні ад чога, як у гэты момант памяць ярка… у вушах прагучаў яе голас, а перад вачыма паўстаў яе твар — да таго выразна, што Маховіч зажмурыўся.
«Як дзіўна. Я не ве-да-ла, — па складах паўтарыў ён слова, якое міг назад так выразна пачулася яму. — Я ка-за-ла. Як дзіўна, што яна — дзяўчына, і так прывычна для яе „казала“ замест „казаў“… тое самае для яе „ведала“, як для мяне — „ведаў“…»
І хоць недзе ў самым куточку душы заварушылася трывога (?), нібы папярэджваючы, што дабром такія думкі і захапленні не канчаюцца, Маховіч адагнаў яе і радасна, шчасліва засмяяўся.
НАЧНАЯ ЯБЛЫНЯ
…Ён спусціўся з ганка і паціху пакрочыў па белай, светлай ад месяца вуліцы. (Чорныя, доўгія, паласатыя ад платоў, дрэў цені…)
Завулак. Яблыня. Галіны звесіліся на вуліцу. Маховіч выглядзеў яблык, вялікі, нават бачна было, які ён наліўны, жоўта-белы, і толькі хацеў падскочыць і сарваць яго, як ад нечаканасці ўздрыгнуў. Зусім побач… праз шчыліну плота… у цёмным кутку, на цёмнай лаўцы… крокаў за пяць, на цёмнай лаўцы, спінай да яго сядзела парачка (прытуленая, прытуліўшыся?). Ён хацеў нячутна… адразу пайсці, але ўсім вядомая цікаўнасць утрымала — саромная, усемагутная… Стойваючы дыханне, ён пастаяў, нічога не пачуў, нічога не ўбачыў і ўжо асцярожна павярнуўся, як на лаўцы завалтузіліся.
— Ай-йдзі, дурны, — сказала гучна дзяўчына.
Зноў зацішша, зноў валтузня, і зноў:
— Ай-йдзі… Дурное, куды ты лезеш…
У адказ мужчына (не хлопец!) зарагатаў басам.
Маховіч падскочыў і сарваў яблык, знарок не тоячыся, рэзка шморгнуўшы галіну. Яблык, праўда, аказаўся добры, і пах летам.
— … Што там такое?
N. наблізіўся. Ледзь не нос у нос пачаў разглядваць Маховіча, але так і не пазнаўшы, дабрадушна сказаў:
— Што, хлопча, адзін? Ідзі ў клуб, гуляй! (Дазваляю. Калі што — скажы, звяртайся да мяне.) Хапай любую, гуляй… А хочаш — маю бяры? — кіўнуў галавою на лаўку.
— Дурное якое, — пачулася адтуль.
(N. зарагатаў. Ён быў добры чалавек, адразу відаць. Калі б Маховіч згадзіўся, N. так бы і зрабіў — аддаў бы, саступіў бы сваю дзяўчыну.)
КРАМА
У краме — маленькай, на два вакны, старэнькай хатцы было цемнавата.
Некалькі жанчын куплялі хлеб. Разаслаўшы на падлозе хусткі, клалі на іх свежыя пахкія боханы. Калі Маховіч зайшоў і павітаўся, твары жанчын павесялелі, яны ўхапіліся хутчэй увязваць свае клункі, каб паспець павучыць Маховіча жыццю.
Тое, што яго трэба вучыць, само сабой разумелася: ёж жа піў і курыў, а значыць, быў дурнейшы за іх…
Ці, як у нас казалі, магАзін.
Быў ён адначасова і клуб, і кавярня, і медпункт, і «тэлеграф» — адзіны па ўсю вёску тэлефон, і «банкетная зала», і месца адпачынку. Нязменная бочка з селядцамі-івасямі — для людзей, і бочка з камсою — для свіней… Здавалася б, гэты селядцовы пах павінен быў перабіваць усё на свеце і пахнуць павінна было б толькі гэтымі бочкамі — не, усё, што тут было, пахла па-свойму, нават закаркаваныя пляшкі алею пахлі халвой і сланечнікамі. Пахлі скрынкі з мукою, крупамі, цукрам; у кожнай скрынцы тырчэў савок (менавіта так — савок без двукосся, у мяне ўвогуле мара вярнуць некаторым словам іх сапраўднае, нармальнае гучанне і значэнне, напрыклад, прыгожаму і абсалютна невінаватаму слову «блакітны»)… Вагі. Набор круглых гір і маленькіх гірак, якія нават даросламу такая спакуса стырыць — проста незаўважна пакласці ў кішэню, асабліва вось гэтыя, маленькія, па 50 і па 100 грамаў, на грузілы для донак. Два шкляныя, звужаныя ўніз цыліндрыкі з кранікамі, у адной ёмістасці бярозавы сок — 8 капеек, у другой таматны — 10 капеек, побач — бясплатная соль у чарачцы і лыжачка, аблепленая соллю (пра гэты таматны сок хто б з пісьменнікаў не пісаў, ніхто не праміне згадаць, што лыжачкай нехта ўжо карыстаўся).
Харошы магАзін быў, жывы, свой, цёплы. Не толькі тэмператураю ў слотныя і зімовыя дні — душой сваёй цёплы. Чаго і каго ты толькі не набачыўся, не наслухаўся за свой век, колькі гісторый ведаеш і нікому не скажаш?
Напрыклад, мой лёс. Усялякага ты мяне помніў, любога бачыў. І малога з цукеркамі, і большага з цыгарэтамі, і яшчэ большага — калі ўпершыню паспрабаваў «чарніла»-гадасці… І калі мне было 20, пасля арміі, і стаяў я на раздарожжы, ці, лепш сказаць, сядзеў на кукішках перад грубкаю. Зіма траскучая. Пляшка «чарніла» ў адной руцэ, «астрына» ў другой… Патлаты, няголены, расхлістаны — у прамым і ў пераносным сэнсе, фізічна і духоўна. І канечне ж, вакол бабы-квактухі са сваім увязаным у клункі хлебам, вочы радыя-радыя, а галасы сумныя-сумныя.
Читать дальше