У Адольфа палец нервова дрыгаўся на кнопцы, каб хутчэй скінуць званок.
— Спачатку нагрузяць — а потым не перажывай, — бурчаў ён, кідаючы тэлефон на канапу. — Што за звычка — грузіць чалавека сваімі праблемамі? Чаму я нікога не гружу? Чаму сам ва ўсім разбіраюся? Нікога не чапаю, нікому не званю, ні ў кога не прашу…
— Што там? — пытала Тома.
— Ды ў іх вечна… Лёнік прапаў! Пайшоў у лес і знік. Нашто мне гэта ведаць?! Мне ж нельга хвалявацца! Мне ж нервы трэба берагчы, сэрца… А яны грузяць!
— Можа, сапраўды, з’ездзі, — нясмела прапаноўвала Тамара.
— З’ездзі! Так гэта лёгка — сеў ды паехаў! І што за дзіця Лёнік?! Ён сто разоў знікаў! Знойдзецца… Не да Лёніка тут. Ён можа голы зімою ў лесе выжыць, як Маўглі.
Горад таксама не адставаў. Сын з дачкою як змовіліся — назвоньвалі і назвоньвалі. Адольф напярод ведаў, што будуць або просьбы, або дакоры, або просьбы і дакоры адначасова. Сын усё: «Баця, баця! Падкінь трохі, забашляю — аддам!» А дачка са сваім «азерам» — як невыносна ёй з ім, мардуе яе будзь здароў, хоча яна разводзіцца, а канчалася тым самым:
— Дай грошай, памажы!
— Я заняты… Абавязкова прыеду, — усім аднолькава адказваў Адольф.
Ён выслаў дачцэ і сыну невялікія сумы, але замест падзякі атрымаў адчайны лямант, што мала, кропля ў моры!
— Не, гэта пераходзіць усе межы, — абураўся, трымаючыся за сэрца, Адольф. — Я ведаю, чаго яны хочуць: каб па машыне ім выслаў, а наступны раз па катэджы пабудаваў, а на трэці — паклаў ім у банк па мільёну еўра! Чаму мне ніхто нічога не прышле? Чаму я ні ў кога не прашу?
І зноў пракляты Хутар, зноў гарлапаніць у трубцы вясёлы Талян.
— Дзядзя, як вы пажываеце?
— Я заняты.
Але Талян не разумеў намёкаў. Тое, што для дзядзькі было прыкрасцю, драбязой, не вартай ні званка, ні згадкі, для пляменніка з’яўлялася цэлай падзеяй, і ён спяшаўся падзяліцца ёю:
— Вы не бойцеся пра грошы! Гэта ж я вам званю, дык я і заплачу!
— Лёніка знайшлі? — спытаў Адольф.
— А хто яго шукаў? А так усё добра ў нас, вы не хвалюйцеся! Мамку Нінку абяцалі хутка з бальніцы выпісаць!
— Дык яна… у бальніцы? Як?! Чаго?!
— Кляшчы пакусалі! — весела крычаў Талян. — Мы па лісічкі пайшлі, мне хоць бы што — я ж радыяцыяй прапітаны, а мамку… Ды вы не хвалюйцеся, галоўнае, дзядзя, сэрца беражыце! Яе хутка адкачалі! З рэанімацыі перавялі ў палату… Так што ўсё выдатна!
— Я пакуль заняты… Але абавязкова пад’еду, разбяруся… Пазней.
— Не трэба, дзядзя! Вы сябе глядзіце, абы ў вас усё было добра!..
— Будзе з вамі добра, — адзваніўшыся, нервова казаў Адольф. — І чаму я павінен слухаць гэта? Пра нейкіх кляшчоў, нейкага Лёніка… Начорта мне вашыя кляшчы?
— Можа, сапраўды, з’ездзіў бы, разабраўся, — мякка раіла Тамара. Апошнім часам яна пачала пабойвацца Адольфа, не разумела яго, стала разгубленай з ім.
— З’ездзі… На ключы — едзь!
Яе ўпэўненасць у тым, што варта яму захацець, і ён вось так лёгка з усім разбярэцца, раздражняла Адольфа яшчэ больш, чым званкі. Ён бачыў, у які клубок усё гэта збіваецца: хутарскія, сын, дачка з зяцем, Тамара з Ірынай Бацькаўнай, — і выдатна разумеў, што дастаткова пацягнуць з гэтага клубка адну нітку, ён зацягнецца ў такі вузел, што сто Адольфаў не развяжуць. Толькі пачні вырашаць чужыя праблемы, хоць крыху падступіся да іх — і ад цябе самога нічога не застанецца; цябе проста імгненна расцягнуць, як мурашкі жука ў мурашніку, па кавалачках.
Усе гэтыя мітрэнгі зноў расхісталі Адольфу нервы і растрывожылі хворае сэрца.
Ён часта паціраў правую грудзіну. У вушах пачыналі звінець знаёмыя званочкі — як бы крызіс вяртаўся. Да ўсяго ён зрабіўся падазроны. Яму пачало здавацца, што і тут, у Тамары, да яго ставяцца ўсяго толькі як да таннай рабочай сілы, як да вешалкі для адзення.
У ім прачнулася цяга да выкрывання. Некаторы час ён цярпеў, капіў крыўду. А потым, каб паказаць, што ў яго ёсць уласная думка, усё пачаў рабіць і казаць насуперак Тамары. На кожнае яе слова, нават самае бязвіннае: «Бацькоў трэба на дачу завезці», — ён разгортваў цэлую лекцыю.
— …Ім бы не па дачах ездзіць, а задумацца. Яны, і ніхто больш, спарадзілі гэтае нікчэмнае пакаленне. Стварылі сістэму, якая працуе толькі на маладых і здаровых. Ну і ну! Сістэма ж, наадварот, павінна працаваць на старых і слабых, а маладыя і здаровыя самі не прападуць.
Некалі Ірына Бацькаўна заўсёды падтаквала кожнаму яго слову. Тома рашуча, катэгарычна, хоць і ў мяккіх выразах, не згаджалася літаральна ні з чым.
Читать дальше