Усе яго віншавалі, хвалілі. Сафі, якая прымала ў яго вучобе самы актыўны ўдзел, чмокнула ў шчаку. Палкоўнік-адстаўнік руку паціснуў.
Гэты поспех, такое лёгкае атрыманне таго, што здавалася яму недасягальным, акрыліла яго. Тым больш ён ведаў, наслухаўся, бачыў, як іншыя па сем разоў здаюць, нават прафесары, спартсмены, і іншыя вельмі разумныя людзі не могуць здаць, як ні біся — і хабар не памагае.
Ён любаваўся новенькім прыгожым дакументам — правамі, і думаў: значыць, і другія справы, якія здаваліся яму немагчымымі, маглі гэтак сама лёгка вырашыцца?
Можа, ён яшчэ многа чаго выпусціў з жыцця тым жа парадкам — думаючы, што гэта недасяжна? Таму нават не спрабуючы. А каб паспрабаваў — дык, глядзіш, і атрымалася б.
— Марудна запрагаю, ды хутка еду! — радасна-ўзбуджаны, хваліўся ён Тамары. — Я, відаць, нарадзіўся пад знакам жырафы — доўга даходзіць. Эх, каб мне жыццё разы ў тры-чатыры даўжэйшае! Тады б я, можа, у 140 гадоў дабіўся таго, чаго іншыя дабіваюцца ў 40.
— Усяму свой час. Даб’ешся! — не менш за яго шчаслівая, пераконвала Тамара. — Яшчэ не такога даб’ешся! Усё ў жыцці трэба паспрабаваць хаця б адзін раз. І калі не атрымаецца, спакойна адарваць ад сябе, забыць. Але ў цябе атрымаецца, абавязкова — я гарантую!
Нарэшце прыйшла чутка, што сын вярнуўся з арміі. Больш адкладваць паездку не было як. Адольф паехаў — на машыне. За гэты час ён ужо даволі прыстойна навучыўся ездзіць: то на дачу, то пару разоў у сваё эс-пэ-эм; зухавата рабіў левыя павароты, паркаваўся заднім ходам, нават пры абгоне нецярпліва сігналіў якомусь «чайніку», хоць у самога прылеплена была да задняга шкла ўзятая ў кружок лічба «70».
Тамара баялася за яго — упершыню далёкая дарога. Яна нават сама хацела з ім ехаць, ды Адольф рашуча заўпарціўся. Сустрэча Тамары з Ірынай Бацькаўнай ужо аніяк не ўваходзіла ў яго планы.
Не было яго два дні. Вярнуўся стомлены, без настрою. Ні сын, ні дачка не спадабаліся яму. Сын стаў нейкі прыблатнёны, нібы з турмы, а не з арміі вярнуўся. Рукі ў татуіроўках, гаварыў на жаргоне, машыну называў — «тачка», грошы — «бабло», да Адольфа фамільярна звяртаўся — «баця», паблажліва паляпваў па плячы, нібы яны былі роўня. «Дык ты падняўся моцна, баця!» Зноў цяжарная дачка цягнула старую песню — як кепска ёй з азербайджанцам, а тут яшчэ малая кашляе, яслі трэба мяняць, выхавацелька не спраўляецца, дзеці дурныя, дражняцца, б’юцца, з малой не сябруюць…
І абое — дачка і сын — толькі пра адно казалі і аднаго прасілі: грошы! грошы!
— А жонка? Пра яе чаму маўчыш?
Жонка не захацела з ім бачыцца. Як толькі даведалася, што ён прыязджае, адразу пайшла да сяброўкі, той самай, у якой знаходзіла прытулак і раней, калі Адольф устройваў сцэны.
— Нават не з’явілася… Дэманстратыўна сышла. Ну і хай! Хоць усе пасыходзьце! І што я ёй зрабіў? — шчыра здзіўляўся Адольф, паціскаючы плячыма. — Чалавек чалавека забівае — і то яму даруюць, а тут!..
Тамара не хавала радасці, што дома ў Адольфа не ладна, а тут яму лепш.
— Вось жа бесталковае пакаленнне! — Адольф быў пад уражаннем ад сваіх дзяцей, не мог супакіцца. — Лядачае, ні на што не вартае! А я яшчэ здуру здымкі паказаў: вось я ў машыне, вось у кватэры, дача буйным планам, шашлычкі, усе ў зборы і я, Адольф, у цэнтры… А вось я ў Парыжы… Ну, яны хутка скемілі: табе Парыж, нам — грошы. Я разумею — аліменты, да паўналецця. Але ж не ў такія гады! Я стары — і то ўладкаваўся…
— Ну які ты стары, — гулліва цягнула Тома. — Не кажы гэтага слова. Ты малады, самы свежы… І гэта толькі пачатак. Я абяцала — і зраблю з цябе ідэальнага мужчыну. Ты і ёсць ідэальны, я табе трошкі памагу — і ўсе табе будуць зайздросціць.
— А і праўда. Дарослыя здаровыя людзі. Дзяцей рабіць навучыліся, татуіроўкі набіваць, курыць, піць — жывіце! Вучыцеся і ўсяму астатняму! Дабівайцеся поспеху!
Усё ж паездка, знаёмы горад, родныя сцены моцна развярэдзілі яму душу. А сама горка, канечне, было, што жонка бачыць яго не захацела. Не ацаніла яго поспехаў, не парадавалася разам з ім.
У той вечар прыйшлі Вадзім з Сафі. Пануры Адольф прамаўчаў усё застолле, толькі пад канец папрасіў у Тамары:
— Можна мне, калі ласка, яшчэ шкварку? Вунь тую, падсмажыстую…
Тамара не пачула, ці зрабіла выгляд, што не пачула — і сыну Вадзіму падсунула жаданую шкварачку. Нічога не сказаў Адольф, але затаіў крыўду. І толькі позна ўвечары, у ложку, не ўтрымаўся і ўпікнуў Тому.
Тамара смяялася:
— Можа, механічна! Ну не сварыцца ж з-за шкваркі!
Читать дальше