— Само жыццё на баку маладых, — казала яна з мілай усмешкай. — Так і павінна быць. Маладога і здаровага — аберагай, старога і аслабленага — яшчэ больш аслабляй. Усё правільна.
Адольф гарачыўся, казаў: «Ну дзе ж правільна? А мы? Нашае пакаленне? Мы адпрацаваны матэрыял, баласт? Мы ж узялі ад жыцця яшчэ менш, чым нашы дзеці! Мы як мінімум у аднолькавым становішчы ў сваіх прэтэнзіях да жыцця!»
— Нам трэба падстройвацца пад час, — пазяхаючы, адказвала Тома. Усё ж яна была вельмі прыгожая, асабліва цяпер, у ложку, з рассыпанымі па белай падушцы валасамі. — Часы змяніліся…
— Нічога не змянілася! Ні за апошнія дзвесце гадоў, ні тым больш за мае пяцьдзясят. У дзевятнаццатым стагоддзі быў звычайны тэлефон, цяпер мабільны, у дзевятнаццатым стагоддзі ездзілі 20 кіламетраў у гадзіну, цяпер дзвесце — вось і ўсе змены. Усе вынаходніцтвы скіраваны толькі на інфармацыю і хуткасць. Каб яшчэ хутчэй разносіць па свеце сваё і чужое глупства.
— Нічога не зробіш. Трэба неяк жыць і ў такія часы. Памагаць маладым, дзецям. Нам памагалі, і мы павінны памагаць…
— Дзякую! Павінны! Я асабіста нікому нічога не павінен. У чым іхняя ў параўнанні з намі заслуга? У мабільных тэлефонах? Якія, дарэчы, прыдумала, наша пакаленне? Ці ў легалізацыі аднаполых шлюбаў!
Тома міла смяялася.
— Вось яшчэ прыдумаў! Па-мойму, гэта самае бяскрыўднае з усяго, што ёсць. Мне не замінаюць ні тэлефон, ні чужыя шлюбы. Хай жывуць на здароўе хто з кім хоча!
Яна старалася перавесці ўсё на жарт і ўзяць яго лагодаю.
— Нас жа ніхто не чапае, праўда? Я, напрыклад, толькі з табою магла б і хачу жыць… Ну, ідзі ў ложак… Тут у цябе лепш атрымліваецца, чым на трыбуне…
— А ведаеш, што твае ўнукі, — апускаўся да плявузгання Адольф, — што твая Наста казала? Якая ў яе мара ў жыцці? «Хачу стаць мадэллю, перамагчы ў конкурсе і на прызавыя грошы зрабіць пластычную аперацыю — каб сісі былі як у мамы!»
— Высокая мара! — смяялася Тома. Ці яна не разумела яго, ці не хацела разумець, альбо проста не ўспрымала яго ўсур’ёз. — Дзеці — што ты хочаш…
— А Дзімка, канечне, будзе банкірам? Нафтавым алігархам?
— Само сабою. Ну, ідзі сюды, — працягвала яна рукі, — прыдумляльшчык мой…
Тамара хоць бы слухала яго, адказвала, спрачалася. А больш не было з кім пагаварыць, выказаць усё, што накіпела: які вар’яцкі стаў свет і куды ён коціцца? Адстаўніка Адольф па-ранейшаму баяўся, ды і не стаў бы той з ім гаварыць, Вадзім і маці Томіная адпадалі, Дзімка з Настаю пачалі пазбягаць яго, адчуўшы, што з вясёлага дзядзькі Адольфа чалавек ператварацца ў старога зануду, буркатуна, больш не залазілі яму на калені і не дзяліліся сваімі сакрэтамі.
Паспрабаваў быў заядацца з Соф’яй: маўляў, віртуальнае пакаленне, не ведаеце жыцця… Але вопытная, загартаваная ў такіх пікіроўках Сафі нездарма штудзіравала брашурку «Як дасягнуць поспеху», яна была абаронена, як бранёй, і адразу паставіла яго на месца.
— Спрабуеце накідваць на вентылятар? — спакойна спытала яна. — Са мною не атрымаецца. На мне дзе сядзеш, там і злезеш.
Адольф не ведаў, што значыць — «накідваць на вентылятар», і адчапіўся ад яе.
Адольф і так, сам па сабе, заблытваўся ўсё больш. А тут яшчэ жыццё вырашыла ўзяцца за яго ўсур’ёз. Адна за адной пачалі здарацца непрыемныя рэчы. Як кляшчы, чапляліся да яго чужыя праблемы. Дачка кінула-такі азербайджанца, і ўжо з двума дзецьмі вярнулася жыць да маці — Ірыны Бацькаўны. І нібыта нават стала папіваць і пакурваць. З шалапутным сынам было яшчэ горш: ублытаўся ў нейкія цёмныя справы, каноплі прадаваў, ці мак, ці што ён там прадаваў. «Баця, баця!» — а далей пра саломкі, варкі, ацэтоны, «спайс», «бубкі»… Адольфа ад адных гэтых слоў перакручвала. Ён абрываў званок, звыкла абяцаючы прыехаць, разабрацца.
Неяк ён вярнуўся з прагулкі ў больш-менш добрым настроі. Май, сонейка, трава… Адольф гуляў і ў думках «выкрываў» усіх і ўсё. У гэтым была своеасаблівая псіхатэрапія, аказваецца. На парозе сустрэла яго ўстрывожаная Тома.
— Талян званіў!
Адольф пацёр скроні, узяўся звыкла за сэрца. Тут празвінеў на стале тэлефон, высветліўся незнаёмы нумар.
— Бяры, — падштурхнула Тома.
Зноў бадзёры Талян. У Адольфа аж шчака заторгалася. Ён не мог ужо чуць гэтага голасу.
— Дзядзя! Я з пошты са Старушак званю! Па міжгорадзе! Мабільны ўпаў, тройка западае… Дзядзя, у нас усё добра! цудоўна! Вы не перажывайце толькі… Сябе беражыце…
— Ды што здарылася?
— Мамцы Нінцы зноў блага. Але перавялі ўжо з рэанімацыі!
Читать дальше