— Што я, Адольф, і зрабіў!
Беднай Ірыне Бацькаўне, галоўнае, памагчы не было каму. Сын у арміі, дачка са сваім азербайджанцам не магла разабрацца, да таго ж зноў была цяжарная. З адчаю Ірына Бацькаўна дазванілася Ніне ў Старушкі ў бібліятэку: прыедзь! памажы! мо хоць ты на яго паўплываеш! мо цябе паслухае!
Ніна прыехала з сынам Талянам. Першае, што радасна з парога заявіў Талян, было:
— А я, дзядзя, таксама разводзіцца думаю! Мне яна трэба была, тая жаніцьба?
Ніна пастарэла, але характарам не змянілася. Такая ж аскетычная, непрымірымая, з падціснутымі вуснамі. Яна ўздыхала асуджальна.
— Усё ад багацтва… Усе злыбеды. Меркантыльнасць, мяшчанства зяцягвае людзей у вір.
І зноў Талян:
— Я ад сваёй толькі і чуў — грошы, грошы… А дзе я іх вазьму? На заводзе з цямна да цямна, як да рэвалюцыі. Вось Лёнік, брацельнік мой, малайчына — блізка да сябе дзевак не падпускае! Цяпер такія дзеўкі, што лепш аднаму! Ды і які ён адзін? — прырода, лес, вада…
А за ім Нінка:
— Усё ад няма чаго рабіць. Жыць багата сталі. Бедныя не задумваюцца, у іх няма клопатаў, жывуць як набяжыць…
І Талян:
— А мне і з маёй мамкай Нінкай добра! Развядуся — і да Лёніка, да мамкі на Хутар пераеду. Дзяцей няма, аліменты плаціць не трэба… На армейскія ільготы буду жыць. Паспытаў чужога жыцця — хопіць! Прыеду на Хутар, да мамкі з Лёнікам, брацельнікам маім… Лепш нідзе ў свеце не знойдзеш!
Жонка сама не рада была, што іх запрасіла. Нічога яны не памаглі. Наадварот, пасля іх ад’езду Адольф, бачачы, што ўправы на яго няма, усё часцей устрайваў сцэны, і гэта нагадвала ўжо не маленькую слабасць, а сур’ёзную хваробу.
Любая хвароба канчаецца бальніцай — і гэтая тым жа скончылася. Не вытрымала ў Адольфа нагрузак сэрца… «Хуткая»… Мікраінфаркт. Ірына Бацькаўна ўспрыняла гэта як знак зверху. Змянілася, ажыла, нават вочы памаладзелі. Ездзіла кожны дзень праз увесь горад да мужа ў бальніцу, начаваць гатова была каля палаты. Акрамя таго дабілася прыёму ў дырэктара камвольнага камбіната, сарамаціла: «Нельга ж так кідаць чалавека», пагражала судом, упрошвала, прыніжалася: «Хоць адведайце, слова скажыце…»
У палату да Адольфа прыйшлі з прафкама, прынеслі тры кілаграмы апельсінаў, паабяцалі выпісаць яму бясплаўтную пуцёўку ў прафілакторый, прасілі прабачэння, што пагарачыліся, звольніўшы яго.
— Нам трэба было самім здагадацца і вас адправіць у прафілакторый. Так што падлечвайцеся — і прыходзьце назад, прымем адразу, на лягчэйшую работу з захаваннем заробку перавядзем, усе ўмовы створым…
Адольф не ведаў, што гэтым візітам ён абавязаны жонцы. Ён думаў, гэта іх сумленне заела. Ён ляжаў на белых прасцінах, сам белы, прысмірэлы, упершыню за доўгі час цвярозы. Пра алкаголь цяпер не магло быць размовы.
Праз тры тыдні ён выпісаўся з кіпай рэцэптаў на руках і рэкамендацыйным заключэннем. Дыягназ гучаў так:
«Артэрыяльная гіпертэнзія І ст., рызыка 3. Пралабіраванне мітральнага клапану 1 ст. (3,4 мм) з мітральнай рэгургітацыяй 1 ст. Нярэзкая шчыльнасць АО, створак АоК. Трыкуспідальная рэгургітацыя 1 ст. Рэкамендавана: дыета № 10, гіпаліпідэмічная, гіпасолевая, рацыянальнае харчаванне, багатае на калій, кальцый, магній, ёд (курага, разынкі, грэцкія арэхі, бананы, кабачкі, грэчка, аўсяныя крупы), карэкцыя вагі, штодзённая хадзьба 40–60 хвілін, плаванне. Медыкаметознае лячэнне: селект. БАБ: небілет 5 мг. па ½ табл. раніцай пры кантролі пульсу і АД, працяглы час; метабалічныя прэпараты: мілдранат 0,25 па 1 капс. 2 разы на дзень пасля ежы, 1 месяц; седатыўныя прэпараты — пры ўзнаўленні болю ў вобласці сэрца…»
І яшчэ многа чаго было там напісана.
Дома Адольф уголас зачытаў жонцы ўсе гэтыя «рэгістурацыі» — сур’ёзным голасам, урачыста, як прысуд. Маўляў, давялі чалавека. А калі падняў вочы — убачыў, што жонка… усміхаецца!
— Затое піць цяпер нельга, — вінавата сказала яна, прытушваючы радасць, зразумеўшы, што ўсмешка выглядае недарэчы.
Але Адольф ўсё роўна пакрыўдзіўся.
І, каб пацвяліць жонку, адпомсціць ёй за праяву радасці ў такі момант і крышку падпсаваць ёй настрой, а яшчэ таму, каб не думала, што ён цяпер зламаны, бязвольны, і з яго вяроўкі можна віць, ён адклаў свой дыягназ, змяніў інтанацыю з урачыстай на гуллівую і паведаміў Ірыне Бацькаўне, што калі ляжаў у бальніцы з мікраінфарктам, у яго адбыўся мікрараман з медсястрою — так, так, з той самай, на якую касілася жонка, светленькая такая, з кароткімі валасамі і кароткай спаднічкай.
Ён гэта выдумаў, каб набіць сабе цану. Але перагнуў палку, увайшоў у смак, пачаў расказваць з дэталямі, падкрэсліваць інтымныя падрабязнасці… Кабінет, ноч, нікога няма… Кушэтка, дзверы на ключ…
Читать дальше