Адольф яшчэ і падміргваў Ірыне Бацькаўне, нібы не роднай жонцы, а кампаньёну па выпіўцы расказваў.
Гэта стала апошняй кропляй. Жонка ўспомніла паездкі праз увесь горад, прыніжэнне ў дырэктара камбіната, свае няспраўджаныя надзеі… Стала так горка, крыўдна… І яна падала на развод.
У маленькім кабінеце суддзя — Эла Васільеўна Кузьмянкова (Адольф прафесійна запомніў шыльду на дзвярах), папрасіла іх прысесці, спытала, ці дарослыя дзеці.
— Дарослыя, — адказаў Адольф.
І як яны — не дзеці, а Адольф з жонкаю — збіраюцца дзяліць маёмасць?
Тут Адольф не без долі гонару сказаў, што ні на што не прэтэндуе, усё чысценька пакідае жонцы: кватэру, дачу, нават мапед, а з сабою забярэ толькі чамаданчык з прадметамі гігіены і рознай драбязой: бялізна, брытва, кашуля, гальштук… Таксама ён згодзен аплаціць усю дзяржпошліну, хоць заяву на развод падавала жонка.
На яго думку, атрымалася сціпла, прыстойна, па-старамоднаму класічна. Але на суддзю ніяк гэта не падзейнічала. Відаць, яна ў стотысячны раз такое чула.
— Я вас разводжу без тэрміну на абдумванне, — сказала яна. — Усё. Можаце ісці.
— Ага. Добра. Зразумела. Дзякуем.
Адольф кіўнуў галавой і падняўся. Ён быў у прыўзнятым настроі, усім сваім выглядам паказваў, што так і трэба, менавіта так і разводзяцца.
А разгубленая жонка засталася сядзець, цярэбячы празрыстую хусцінку, павязаную на шыю дзеля такога выпадку. Яна ж разводзілася ў першы раз і думала, што гэта будзе неяк інакш. Яна спадзявалася, што будзе, як у маладых: тры месяцы на роздум, упрошванне, паходы па псіхолагах і ўсё такое.
«А чаму без тэрміну на абдумванне?»— хацела спытаць яна.
Вопытная Эла Васільеўна адказала і без пытання:
— Ды вы яшчэ зноў сыйдзецеся. Я па вас бачу. Іншая справа, што, можа, сапраўды некаторы час вам трэба пажыць асобна.
Тут Адольф з жонкаю нібы самі на сябе зірнулі збоку. І ўбачылі, якое глупства яны, дарослыя людзі, робяць! Цяпер, калі іхняя сітуацыя прайшла праз чужыя вочы і рукі, якой нікчэмнай, недарэчнай, нават смешнай яна падалася!
І ім абоім стала сорамна.
Канечне ж, яны сыдуцца! Бо куды ім адно без аднаго? І як цяпер паправіць?
А калі ім паставілі ў пашпартах штампы, і гэта зацвердзіла афіцыйна, што цяпер яны чужыя людзі, яны проста разгубіліся. Адольф зняў з пальца пярсцёнак, і жонка, гледзячы на яго, думаючы, што так трэба, хуценька сцягнула свой. Іх рукі без пярсцёнкаў сталі нейкія безабаронныя, асірацелыя.
— Так. Дзякую. Зразумела, — па інерцыі паўтарыў Адольф тое, што ў кабінеце.
Але нічога яму не было зразумела. Гэта перад суддзёй добра было разыгрываць ролю джэнтльмена. А тут? Лёгка сказаць: збяру чамаданчык і пайду — а паспрабуй зрабі. Ды першае пытанне — дзе жыць? Гэта ў фільмах прыгожа і без праблем: развёўся чалавек, сеў у аўтамабіль і паехаў у любы чужы горад. А куды паедзе Адольф? Каму ён трэба, хто яго будзе цярпець? Ды сам занудзіцца.
Яны стаялі і моўчкі круцілі ў руках пашпарты.
— Ну што, з’езджу пакуль у санаторый, — нерашуча сказаў Адольф. — Каб бясплатная пуцёўка не прапала. Заадно, можа, нервы папраўлю, сэрца падлячу, стрэс здыму…
— А пасля?
— Дзе-небудзь перакідаюся… Да халадоў на дачы, а там у сяброў, знаёмых, — ціха казаў прысмірэлы, прыніжаны Адольф. — Можа, у інтэрнаце пакой дадуць. Мне многа не трэба…
— Пад старасць гадоў! Па дачах, інтэрнатах, чужых людзях…
Жонка падумала. Сказала цвёрда, рашуча:
— Вось што. Сапраўды, з’ездзі ў санаторый. Адпачні, падлячыся. Здароўе галоўнае. І суддзя ж сказала — пажыць асобна… А потым вяртайся назад! Абавязкова! Чуеш?
— Чую…
— У цябе свой дом. Хопіць. Немаладыя. Я і сама добрая! Сама вінавата! Адпачывай, лячыся, а я буду чакаць! Хай разведзеныя, хіба не бывае: разведзеныя — а жывуць разам?
Дома яна энергічна збірала яго — як у дальнюю дарогу, як нічога не адбылося паміж імі. Уголас сама ў сябе перапытвала: што яшчэ? ці не забыла пакласці ножык? дзе пакецік з лекамі?
— Там жа бясплатна ўсё, — смірна казаў Адольф. — Лекі, кропельніцы… Усялякія працэдуры, душ, баракамера…
З сабой Адольф захапіў яшчэ эцюднік, бо надта сухая, прыгожая стаяла восень, а санаторый быў у лясе каля Дняпра — акурат у тых самых мясцінах, куды Адольф ездзіў на акварэлькі.
У санаторыі Адольф два дні хадзіў на працэдуры, на трэці — маляваў з берага Дняпра, а на чацвёрты пазнаёміўся каля масажнага кабінета з Тамарай.
Сорак пяць гадоў. Таксама разведзеная. Калі ў Адольфа прычына разводу — «крызіс», дык у яе — «не сышліся характарамі». Родам з Мінска. Бухгалтарка. Звычайная. Прапаноўвалі галоўнай — адмовілася: галоўбух цяпер небяспечная прафесія. Бландзінка. Падобная на Ганну Герман знешнасцю і грудным голасам. Прызналася, што любіць спяваць пад гітару. Дарослы сын Вадзім, жанаты, грузчык у ЦУМе. Нявестка Соф’я — аператар у турагенцтве. Унукі-двайняткі, хлопчык і дзяўчынка 8 гадоў, вучацца ў музычнай школе: Наста — вакал, Дзімка — альт («маэстра Співакоў»). Маці — мілая старэнькая бабулька ў добрых зморшчынках, бацька — спакойны, мудры адстаўны палкоўнік. Двухпакаёвая кватэра. Дача — зямельны ўчастак, катэдж, гараж. У гаражы «Вольва» 264 GL.
Читать дальше