— Не можа быць!
Яна толькі смяялася.
— У якім ты стагоддзі жывеш? Ніхто цяпер гэтага не пытае, гэта ўвогуле незаконна. Калі цябе не бяруць на працу, бо няма мінскай рэгістрацыі, ты можаш падаць на іх у суд.
— Ну і ну, — здзіўляўся Адольф. — І жыць можна? У самім Мінску? Без рэгістрацыі?
— Жыць нельга, але…
— Вось бачыш, — узрадваўся Адольф. — Яны свайго не ўпусцяць!
— Але — часовая рэгістрацыя робіцца за паўгадзіны. Сто пяцьдзесят даляраў.
— Часовая… Што такое часовая?
— На год.
— А пастаянная? — раптам спытаў Адольф. У прадчуванні чагосьці новага, нязведанага ў яго мацней забілася хворае сэрца.
— Трыста пяцьдзесят даляраў і тыя самыя паўгадзіны. Было б жаданне. А галоўнае, не забывай, хто мой бацька!
— А… не абавязкова жаніцца? Ці, там, замуж выходзіць? Каб атрымаць гэтую рэгістрацыю?
— Зусім не абавязкова. Было б у каго жыць.
Ах, як заманліва, чорт вазьмі! Сапраўды, адстаў ён ад жыцця. Адольфа яшчэ ніколі так не спакушалі. Тое самае новае жыццё, якога ён не прымаў, якое гнеўна «выкрываў» і якога баяўся, цяпер само лёгка ішло да яго, усміхалася яму, падзывала пальчыкам, клікала да сябе і брала ў мяккія абдымкі.
А Тома не сунімалася:
— Хочаш — давай так. Не будзем ні спісвацца, ні распісвацца. Каб не звязваць сябе. Колькі ты пражыў з жонкаю?
Адольф падлічыў уголас:
— Мне 55, ажаніўся ў 25… Атрымліваецца, роўна трыццаць. Юбілей! А я і забыў…
— Трыццаць гадоў! Вось бачыш. Яшчэ трыццаць разоў захочаш назад вярнуцца. Таму можна проста паспрабаваць. Мы ж дарослыя, разумныя, інтэлігентныя людзі. Абяцаю ні ў чым цябе не абмяжоўваць. Проста пажывем разам, паглядзім. А не спадабаецца табе ці мне — вольнаму воля.
— І ты мяне прапішаш… у сэнсе, зарэгіструеш?
— Без праблем.
Прапанова была цудоўная. Лепш не прыдумаеш. І мудра, і справядліва. А галоўнае, Тома падабалася яму. Прыемная была сваім розумам, ахайнасцю, гумарам, і яшчэ ў параўнанні з ім — маладосцю. Яна як бы скідвала з Адольфа гэты кашмарны ціск у 55 гадоў. Бо калі ты здольны спадабацца маладзейшай…
— Паедзеш? Не пабаішся? — падахвочвала, падбухторвала Тома.
— Я падобны на тых, хто баіцца? — храбрыўся Адольф.
— Тады я зраблю табе маленькі сюр-прайз. У мяне адпачынак доўгі, пасля прафілакторыя застаецца палова. Ты таксама беспрацоўны… Я зважу цябе ў Парыж. Хоць на тыдзень.
— Парыж? — тут Адольф па-сапраўднаму спалохаўся.
— Ты мастак, табе неабходна пабываць на Манмартры, пахадзіць па Манпарнасе, проста падыхаць тым паветрам… Гэта будзе табе маленькі падарунак ад мяне.
— Ды якое паветра? Хто мяне пусціць у Парыж? Мяне, які далей Баранавіч у заходнім накірунку ніколі не быў! Пашпарт? Віза? Дакументы?
Тома толькі смяялася:
— Ох, мне гэтыя правінцыялы… Я нават не ведала, што яшчэ такія засталіся. Ты забываеш, што свет даўно змяніўся. І не ведаеш, хто мой бацька. І дзе мая нявестка працуе. Мы паедзем па турыстачнай візе. Усё аформіцца за суткі разам з білетамі. І ні пра што не турбуйся. Проста будзеш хадзіць, глядзець, адпачываць, набірацца ўражанняў…
Можа, праўда, рызыкнуць? Які шанц дае яму жыццё! Прычым без усялякіх абавязкаў. Калі яшчэ такое будзе? Вось яна — нечакана атрыманая камандзіроўка на нявызначаны тэрмін, «адпачынак за свой кошт», афіцыйны допуск да бязмежнай волі, свабоды!
Заставалася адно — жонка. Як быць з ёю? Яна тэлефанавала кожны дзень двойчы: раніцай і вечарам. Што ёй сказаць?
Добра падумаўшы, Адольф вырашыў не казаць нічога. На званкі адказваў дзяжурна: лячуся, кормяць добра, хаджу на працэдуры… Голас у яго быў вінавата-смірны. Калі ў Томы скончылася пуцёўка, ён таксама не стаў чакаць. Толькі заехаў дамоў, каб пакінуць эцюднік і забраць сякія-такія рэчы. З жонкай сустракацца было страшнавата, і ён падгадаў час, калі яна была на працы. Замкнуўшы кватэру, пазваніў суседцы і папрасіў, каб тая перадала ключ Ірыне. А таксама сказала, што гармонік і эцюднік ён пазней забярэ.
— Адразу, як з Парыжа вярнуся, — удакладніў ён і пайшоў сабе спакойна ўніз па лесвіцы, пакінуўшы каля расчыненых дзвярэй анямелую суседку з ключом на пальцы.
Так Адольф замест таго, каб вярнуцца на камвольны камбінат, дзе яго чакалі, і да жонкі, апынуўся ў Мінску.
Тамарына двухпакаёўка памерам была большая за чатырохпакаёвую. Паркет, высокія столі, светлыя вокны. Але ва ўсім адчувалася адсутнасць гаспадара. Прастор і шык суседнічалі з бязладдзем. Бярэшся за пазалочаную ручку, каб адчыніць дзверы — ручка адвальваецца. У вялікай ваннай, дзе люстры на ўсю сцяну і падлога падаграецца, ступіш — плітка пад нагою ходзіць. У туалеце дарагі ўнітаз — і ржавы дроцік замест кнопкі зліву. Лоджыя вялікая, новенькай вагонкай абшытая, а цвікі павылазілі, рама рассохлася — паставілі абы хутчэй, з свежага дрэва, не прасушылі, не прааліфілі.
Читать дальше