Ну, брат Іван памёр. Дык ён старэйшы — старэйшыя і павінны паміраць раней за малодшых.
Ну, усе грошы ляснулі на пахаванне, вяселле і провады ў войска… Дык на тое яны і капіліся…
Тут Адольф зноў пачаў думаць, што вось ён ужо дзед. А чаго ён дасягнуў у жыцці ў параўнанні з іншымі? І са здзіўленнем сам сабе адказаў — нічога.
Пакуль ён пісаў акварэлькі, граў на гармоніку «Чобаты» і аддаваўся «маленькай слабасці», прайшлі, прабеглі, праімчаліся самыя цікавыя, пераломныя гады! Хітры час падмануў яго. І ён, па-сутнасці, звычайны няўдачнік. Горкае слова!
Хіба такога жыцця ён хацеў? Не. Ён марыў, каб з ім здарыўся які-небудзь цуд. Напрыклад, буйны выйгрыш у латэрэю. Каб яму хоць крыху пашанцавала. Хацеў пававагі да сябе з боку іншых. Не зашкодзіла б таксама — чаго ўжо тут? — лёгкай зайздрасці, звычайнай, чалавечай… І каб спакойна было за заўтрашні дзень.
А так — ён дзед, без грошай, з ненапісаным шэдэўрам, з гармонікам і лысінай… Неўзабаве на пенсію. І што — сесці на лавачцы і няньчыць азербайджанскіх унукаў?!
Думка, што ён няўдачнік, што жыццё магло б скласціся інакш, а ў яго не склалася і наўрад ці ўжо складзецца, не давала Адольфу спакою.
І праўда, настаў нейкі крызіс. Так, жыве. А чаго жыве? Пытанне! Адольф нават узяў за свой кошт адпачынак, каб у адзіноце паспрабаваць з усім гэтым спакойна разабрацца.
Дзе ён зрабіў памылку? Што было не так? Ну, «маленькая слабасць», ну, беларуская нацыянальная хвароба лянота… Не такія вялікія грахі.
Маўклівы зрабіўся Адольф, задумлівы, рассеяны. Пасвістваў уголас, а на жончыну заўвагу не свістаць, бо грошай не будзе, з гатоўнасцю адказваў:
— Іх і так няма! — і ў голасе яго чуўся дакор, нібыта ён адзін грошы зарабляў, а жонка тое і рабіла, што траціла.
Выпіваць пачаў часцей, чым да крызісу. У галаве тады адразу святлела, і ён дзяліўся з жонкаю сваімі думкамі.
Ён ёй тлумачыў у даходлівай форме пра перавагі іхняга старога добрага часу перад цяперашнім:
— Раней як было? Праца і сціпласць. Два словы, два кіты, на якіх усё трымалася. Будзеш працавіты і сціплы — усё астатняе само да цябе прыплыве. І грошы, і слава, і павага, кар’ера… Усё цябе само знойдзе. А цяпер? Усё наадварот. Спачатку дайце мне грошы, славу — а тады я адразу стану сціплы і працавіты. Усё пастаўлена з ног на галаву!
Жонка слухала, згаджалася, падтаквала.
Але Адольф бачыў, што яна не разумее яго. Яна не магла ўзвысіцца да тых пытанняў, якія вярэдзілі яму душу, бо прымітыўна лічыла, што самае галоўнае — гэта здароўе, ды спакойны сон, ды добры настрой, ды каб лад у сям’і. У яе не было крызісу. Яна па-ранейшаму бегала на свой камвольны, не забывала вясці хатнюю гаспадарку і сачыла, каб муж не заставаўся галодны.
— Гэта раз, — казаў Адольф. — А другое — праца абясцэнена! Яна страціла ўсялякі сэнс. Яна не развівае, не бадзёрыць, а прыніжае і атупляе. Працаваць дзеля ежы, дзеля запісу ў працоўнай кніжцы — абраза чалавека, найвялікшы здзек з яго!
— Нічога, — суцяшала жонка. — Ты яшчэ усіх за пояс са сваім розумам і талентам затыкнеш. Эх, часу каб табе! — усё шкадавала яна.
Але Адольф ад гэтых слоў крывіўся. Яе падтакванне, пакорлівая згода з ім ужо не цешылі яго самалюбства. А згадкі пра недахоп часу — вечная адгаворка гультаёў, бездараў і няўдачнікаў — толькі раздражнялі яго. Увогуле, яго адносіны да жонкі змяніліся пасля таго, як яна стала бабуляй. Простая, сціплая, але мілая, як васілёк у жыце, цяпер яго Ірына Бацькаўна неяк выцвіла і паблякла. Не тое, што знікла яе ранейшая вабнота, а як бы змяніўся фокус і парушылася сіметрыя.
Яна не стала непрыгожай, усе тыя ж рысы засталіся, але калі раней яны выклікалі ў душы ціхую заміранасць, дык цяпер — толькі жаданне шкадаваць яе. І гэта было непрыемна.
Раптам усё абрыдла Адольфу. І жонка, і кватэра, і балкон, і панарама з балкона, і гармонік… А сама больш праца. Нават думаць пра камвольны камбінат стала моташна.
Адольф цвёрда вырашыў, што калі адпачынак скончыцца, ён падасць заяву.
— Напішу «па ўласным», — аб’явіў ён жонцы.
— І правільна! І даўно пара! Хай пабачаць, як без цябе…
— Паеду ў Маскву двары падмятаць. Ці цэглу на будоўлі падносіць.
— Яшчэ чаго! Не дачакаюцца! Я цябе не пушчу. І так не прападзем. Агарод свой, дзеці дарослыя. Колькі нам трэба? А ў цябе затое час з’явіцца — на акварэлькі, на палатно…
Адольф моршчыўся, бо і акварэлькі, і палатно яму абрыдлі. Адзінае, што яму не абрыдала, дык гэта спіртное. Яно давала вастрыню розуму і яснае адчуванне ўсяго, што адбываецца. У такія хвіліны Адольф разумеў усё — усе пачаткі і канцы.
Читать дальше