Зрэдку Іван з Нінай прыязджалі да Адольфа ў госці. З братам было лёгка, ён паводзіў сябе, як і належыць чалавеку ў гасцях. Асцярожна ступаючы ў шкарпэтках, хадзіў па кватэры, усё хваліў, усім захапляўся, гаспадыні Ірыне не шкадаваў шчодрых кампліментаў, нават такога ўзроўню:
— Які цукар у вас салодкі! — казаў, калі пілі гарбату.
А калі гарэлку:
— Якая гарэлка мяккая — у горле не стаіць!
Гладзіў па галоўках дзяцей, і аж вочы ў яго вільгатнелі ад замілавання:
— Ну чыстыя анёлы нябёсныя!
Сядаючы на канапу, не забываў сказаць:
— Бач ты, якая зручная для сядзення канапа…
І на балконе, прыкурваючы цыгарэту, Іван не маўчаў:
— Шырокі ў вас, прасторны балкон! А прыгажосць якая зверху!
Хаця «прыгажосць» была — вершаліны дрэў, аўтобусны прыпынак ды воддаль — квадратны аблезлы дах камвольнага камбіната. Калі ж справа даходзіла да братавых малюнкаў і Іван падымаў вочы на сцяну, на акварэлькі — тут ужо яго захапленню не было межаў, проста слоў не знаходзілася. Ён толькі прыцмокваў языком.
— Ай і карціна! Як на фатаграфіі! — і варушыў пальцамі, нібы збіраўся памацаць ствол намаляванага дрэва ці пагладзіць травінку.
Затое Ніна, яго жонка, вельмі стрымана, суха паводзілася, нічога не хваліла. Нават багата сабраны стол ёй не падабаўся. Толькі падціскала вусны і казала з лёгкім дакорам:
— Ці трэба ўжо такі меркантылізм?
Ірына Бацькаўна слалася, не ведаючы, як ёй дагадзіць, і ўсё дарэмна. Нават Адольф, гаспадар, і той ніякавеў перад братавай, пабойваўся яе за падцісканне вуснаў, катэгарычнасць, аскетызм, а яшчэ — за незразумелыя паводзіны. Напрыклад, яна мыла рукі не калі заходзіла ў кватэру, як усе людзі, а калі выходзіла, перад ад’ездам.
— Ну, — казала, — трэба ісці мыць рукі, ды будзем развітвацца.
Адольф з жонкаю кожны раз потым ламалі галовы, што б гэта магло значыць, і не знаходзілі тлумачэння, акрамя асацыяцыі з выразам — «умываю рукі».
Прыезды сваякоў былі рэдкія, раз на год максімум. Да таго ж і сустрэчай гасцей, і ўладкаваннем, і пачастункам, і адпраўкай — усім займалася жонка. А Адольф, натура творчая, як толькі выпадаў вольны час і дазваляла надвор’е, закідваў мальберт за плечы, заводзіў мапед, і — на акварэлькі.
— З’езджу на акварэлькі! — казаў ён, як рыбакі кажуць — «на акунёў», ці паляўнічыя — «на качак».
З берага Дняпра адкрывалася прыгожая, шырокая панарама. Адольф ставіў мальберт, або з эцюднікам хадзіў па беразе, выбіраў ракурс, накідваў на паперу эскізы, замалёўкі. Зрэшты, які б ракурс ён не выбіраў, на якое б месца не станавіўся, выходзіла адно й тое ж: выгін Дняпра, лугавіна за ім, купка асін, дарога ў полі, кавалак неба і купал цэркаўкі.
Ён так на гэтай тэме натрэніраваў вока і набіў руку, што, у прынцыпе, яму і на натуру выязджаць не было асаблівай патрэбы — дома маляваў па памяці, і ўсё роўна атрымлівалася вельмі прыгожанька, проста копія як у сапраўдных майстроў пейзажу, асабліва калі акварэль узяць у рамку пад шкло або ў звычайнае паспарту.
Акрамя маральнага задавальнення, малюнкі здорава выручалі ў сэнсе эканоміі грошай. У Адольфа ніколі не было клопату перад 8 сакавіка, ці на Новы год, ці проста — калі сам ідзеш у госці, або да цябе прыходзяць — заўсёды гатовы падарунак-сувенірчык.
Мелася ў яго яшчэ адно хобі. У выхадныя ён любіў выпіць і паіграць на гармоніку, што застаўся ад бацькі. Асабліва прыемна было ўвосень, калі вечар, за вакном непагадзь, вецер ірве лісце з дрэў… А дома так утульна, суха. На стале выпіўка, закуска… І ўсё ў яго так спакойна, ладна. Дзеці добра вучацца. Жонка тут.
Адольф выпіваў чарку гарэлкі, адчуваў, як цяплее на душы. Браў гармонік. Гладкія перламутравыя кнопкі слухаліся пальцаў, пакой запаўняла мелодыя песні «Чобаты вы мае».
Хоць яму крыху сорамна было, што замест пісання шэдэўра марнуе час, траціць яго на пустое, але надта любіў ён такія вечары. Ён называў іх «маленькай слабасцю».
Здаралася, што «слабасць», акрамя выхадных, прыхоплівала яшчэ і панядзелак. Потым, у аўторак, на пытанне: дзе быў? чаму прагул? — Адольф з вінаватай усмешкай адказваў:
— Ну вы ж ведаеце — ёсць у мяне гэтая маленькая слабасць!
І яму даравалі.
Вось так да крызісу жыў чалавек. Не горш, а бадай, лепш за іншых. Меў хлеб і да хлеба, жонку, мапед, дзяцей, працу і мару пра шэдэўр, якім рана ці позна спадзяваўся здзівіць калі не ўсё чалавецтва, дык хаця б некаторых знаёмых з камвольнага камбіната.
А час — як толькі ён адзін умее — бег сабе і бег. Ды не проста бег — ляцеў! Усё змянялася вакол. Адольф даўно ўжо карыстаўся мабільным тэлефонам, і патрошку — інтэрнэтам. Прадукты хадзіў купляць не ў гастраном, а ў супермаркет. Надпісы на шыльдах для начальніцкіх дзвярэй не пісаў тушшу каліграфічна, а набіраў на камп’ютары якім хочаш шрыфтам і выводзіў на прынтары. Разбіраўся ў тэрмінах «крэдыт, лізінг, іпатэка» — прынамсі, ведаў, што яны абазначаюць. Камунальныя паслугі аплачваў у філіяле банка замест ранейшай ашчаднай касы. Зарплату атрымліваў па картцы ў банкамаце, прычым, здымаючы грошы ў беларускіх рублях, абавязкова хоць нейкую частку з іх вылучаў на пакупку даляраў, а потым дома разыгрываў жонку: то выдумляў, што даляры ўкралі, ці што ён іх згубіў, ці няправільна іх налічылі, ці што фальшывыя яны — і жонка кожны раз паддавалася, рабіла выгляд, што верыць, вохкала, божкала, а ён у апошні момант спаважна даставаў некалькі замежных купюраў. Яны любілі так пагуляць.
Читать дальше