Двор іхні пакрысе, з кожным годам запаўняўся новенькімі машынамі самых розных памераў, марак і колераў, — ужо нават па тратуарчыку немагчыма было прайсці, а трэба праціскацца бокам. А некалі Адольфаў мапед быў адзіны траспарт на ўвесь дом.
Раней з усяго дома толькі ў іх кватэры быў зашклёны балкон — цяпер ва ўсіх стаялі еўрапакеты, а іхні балкон калі чым і выдзяляўся, дык хіба што перакошанай драўлянай рамаю і трэснутай шыбкай, заклеенай скотчам.
Яшчэ не так даўно са сваімі малюнкамі Адольф быў ледзь не адзіны на ўвесь раён «бізнесмен». А цяпер — куды ён са сваёй акварэлькай, кошт якой пляшка гарэлкі? — неяк сорамна было ўжо нават бясплатна дарыць.
Дача іхняя цяпер выглядала хлеўчыкам у параўнанні з катэджамі-камяніцамі, што ўзносіліся побач.
Дзеці, гэтыя анёлы нябёсныя, таксама шпарка раслі. Вось ужо і сыну Адольфа — Адолі, прыйшла позва ў ваенкамат. Старэйшы Адольфаў пляменнік, Талян са Старушак, той увогуле ўжо год як адслужыў і нават паспеў ажаніцца — жыў у жонкі ў Гомелі. Дачка Ірачка непрыкметна вымахала ў дарослую дзеўку, рыхтавалася да выпускных экзаменаў, капрызнічала і псіхавала. Тут да ўсяго яшчэ брат Іван памёр.
На пахаванні першае, што кінулася Адольфу ў вочы, — як змянілася Ніна: у чорным, заплаканая, пастарэлая, прыгорбленая. І побач з ёю Талян, такі дарослы! Талян быў у ваенай форме, толькі з адпоратымі пагонамі і без шаўронаў. Хоць вярнуўся ён з войска даўнавата, з формай не хацеў развітвацца, яна пасавала яму. Прыгожы, падобны на маладога Адольфа, толькі ростам больш гонкі. Засмучэння вялікага не было на яго твары.
Гаварыў Талян з дзядзькам па-мужчынску. Закурыў цыгарэту, расказаў шэптам, азіраючыся, што служыў у сакрэтнай роце. Малако давалі, плюс ільготы, прыроўненыя да «чарнобыльскіх» і «афганскіх».
— А чым займаліся?
Талян азірнуўся, прыціснуў палец да вуснаў: маўляў, цыц! што вы! ваенная тайна! Паказаў на адной руцэ два пальцы, на другой растапырыў усе.
— Дваццаць пяць! Пацярпіце, дзядзя, — зашаптаў на вуха. — Праз дваццаць пяць гадоў усё даведаецеся. Не раней! Дзядзя, — зрабіў страшныя вочы, — я вам нічога не казаў — вы нічога не чулі. Усё. Рот на замок, ключ ў ваду.
Лёніка нідзе не было відаць. Ні на могілках, ні ў двары, ні ў хаце. За жалобным сталом Адольф пацікавіўся, дзе ён. Ніна адвяла вочы.
— У лесе сядзіць, хаваецца, — неахвотна сказала. — Потым прыйдзе на магілку, калі ўсе разыдуцца. Дзіўны ён у нас. Ранімы. Сярод людзей яму не ўтульна… Не кожны разумее… Смяюцца з яго. А гэта хвароба такая, сацыяфобія. Прасцей кажучы — людабоязь.
— Во мая мамка Нінка дае! — з захапленнем абняў маці Талян. — Усё на свеце ведае! Больш за энцыклапедыю! Другой такой разумнай на планеце не знойдзеш!
Талян знешнасцю ўдаўся ў дзядзьку, а характарам — у нябожчыка-бацьку, не скупіўся на пахвальбу.
Цяпер ён, выпіўшы, то хваліў маці, то завочна бараніў брата:
— Лёнік у нас, дзядя, во такі! Вам не перадаць! Кожную сцежачку ў лесе ведае! Такі геній, якіх не было і не будзе!
— А ты чаму адзін? — спытаў Адольф. — Без жонкі? Ці ўжо? — ён акругліў рукі каля жывата.
— Не, яшчэ на курорт не адпраўляў, — засмяяўся Талян.
— Як?
— Ну, пытаюць: «Чаму ў цябе дзяцей няма?» — «Ды ніяк жонку на курорт не збяруся адправіць!»
— А-а, — Адольф таксама засмяяўся, потым пасур’ёзнеў. — Трэба месяц не папіць, — сказаў ён тое, што яму раілі, калі Іра год не магла зацяжарыць. Адольф паслухаўся, месяц не піў — сапраўды памагло.
Пасля гэтага пахавання і пачалося, і пасыпалася!
Толькі правялі ў армію сына, тут дачка Ірачка раптам аб’явіла, што яна на «чацвёртым месяцы», а віноўнік — азербайджанец, які на мясцовым базары трымае кіёскі. Так што яна пасля экзаменаў збіраецца замуж.
Жонка ламала рукі, і плакала, і біла яе, і на каленях прасіла апамятацца… Ды што ўжо тут. Усё роўна атрымалася па даччыному, улетку выйшла замуж, перабралася да азербайджанца, а неўзабаве ашчаслівіла бацькоў чарнявенькай унучкай.
Адольфа з усяго калейдаскопа падзей найбольш уразіла, што ён ужо дзед.
Вось дык навіна!
Ён пазіраў на сябе ў люстэрка. Ну які ён дзед? Калі выглядае на 40, а адчувае сябе на 18? Праўда, трошкі пачаў лысець. Валасы кучаравіліся вакол лысінкі, як лаўровы вянок, а нос з гарбінкаю ў профіль рабіў яго падобным на рымскага патрыцыя. Не, ён яшчэ мужчына хоць куды.
У чым жа справа? Што яго круціць?
Ну, дзеці. Дык яны і павінны вырастаць, служыць у арміі, выходзіць замуж… Рана ці позна іхнія лёсы выступяць на першы план, засланяючы бацькоўскія. Тым больш дзецьмі, калі шчыра, Адольф і так не займаўся, выхоўвала іх Ірына Бацькаўна, таму цяпер ён з чыстым сумленнем перакладваў віну за тое, што здарылася з дачкою, на жонку — не ўпільнавала, не дагледзела.
Читать дальше