Паступова дзед ажывіўся і яшчэ больш загаварыў. З яго ўспамінаў вынікала, што ўсё ранейшае было не такім, як цяпер, а намнога лепшым.
Трава была такая сакавітая, пахкая, духмяная, што каровы пасля яе давалі не малако, а масла. Куры дзічэлі і жылі без гаспадароў, у зарасніках, самі па сабе. Захочаш есці — пойдзеш недалёка, назбіраеш яек поўны кош, а яйкі — большыя за гусіныя. І куры дзікія надта смачныя! Лаві любую, смаж, вары, ніхто слова не скажа. Цукру не купляў ніхто, бо на поплаве дзе ні купіна — там чмяліныя соты, ды якія! — чорныя, цяжкія шары, мёд густы, цвёрды — нажом не ўрэжаш! Соладу з аднаго шарыка цэлай сям’і на зіму хапала.
Пшаніца давала колас — зерняты як кулі, ядраныя, сцябліны гнуліся. Прывозілі малаціць, дык жорны не вытрымлівалі, трашчалі. Бывала, хто малаціў, а хто ленаваўся, дык так і пускаў неабмалот на саламяную страху. А потым, у галодны год, успаміналі, абдзіралі стрэхі, малацілі — і гора няма, поўныя мяхі зерня!
Бульбу садзілі без гною — так, кінеш зверху і забудзеш, і не палолі, не абганялі; а праз два-тры месяцы з аднаго карча — вядро, з другога — кош, ды такі, што чалавеку не падняць — двое трэба. Не ведалі, што рабіць з той бульбы — і брагу ставілі, і крухмал адцэджвалі, і кабанам высыпалі. Кабаны на бульбе выгадоўваліся па паўтоны, не давалі рады забіць, а былі спецыяльныя байцы, цэлая брыгада, толькі і займаліся, што свіней білі і рэзалі; мяса хапала і на продаж, і сабе на цэлы год, ды не на адну сям’ю — на тры, чатыры, а ў сям’ях па восем — па дзесяць чалавек.
Каноплі выганяла вышэй за два чалавечыя росты, масла з іх націскалі бутлямі, і такую яно мела лекавую сілу, такое было гаючае, што палец сярпом адрэжаш, памажаш — прырастае! ні драпінкі, ні следу. А смачнае, карыснае! — з раніцы лыжку вып’еш — да вечара есці не хочаш.
— Цяпер усё здрабнела. Рэчка высахла, млын разваліўся, рыбы няма, кабаны худыя, яйкі маленькія, мука не белая, а шэрая… Масла на хлеб не намазаць — крышыцца. Цяпер усе толькі грошы. А што такое грошы? Вось твая бабуля разумее… Любі яе, унучак, глядзі, шануй. Бо цяпер такіх больш няма, і невядома, ці будуць. Людзі здрабнелі. Нараджаюць такіх, як самі, а то яшчэ і горшых…
— І рыбы тут не зловіш, — закончыў дзед Якаў тым, з чаго пачаў. — Яна толькі на глыбокім жыве. Табе б вышэй прайсці, туды, пад аэрапорт, там бабры засталіся, мо і рыба таксама…
Петрык памог яму падняцца, падаў палку. Пры гэтым нібы выпадкова дакрануўся да гарба і загадаў жаданне: «Хай бы ўсё заставалася, як ёсць! І яшчэ каб баба Домна паправілася».
Петрык з маці па-ранейшаму ездзілі раз на тыдзень мыцца да дзядзькі Стаха.
Неяк выбраліся ў горад утрох: ён, маці і бабуля. Домне трэба было ў паліклініку — здымкі, аналізы, агляды, паперы… Прыехалі ўдзень. Каля кожнага кабінета — чэргі, многа людзей, усе старыя і ва ўсіх ільготы.
— Чаго ты тут будзеш нудзіцца, — сказала маці. — Я цябе да Стаха на працу завяду, усё весялей. Памыешся, потым сам прыедзеш — ты ўжо вялікі. А я з Домнай пабуду — як яе адну кінуць?
І павяла Петрыка на будоўлю. Хаця нічога там яшчэ не будавалася. За высокім плотам стаялі толькі вагончыкі-бытоўкі, і адзіны экскаватар каўшом капаў катлаван. Пятрусь прымасціўся ў ценю пад дрэвам каля плота, далей ад рабочых, і пачаў назіраць, як дзядзька Стах працуе. Нарэшце ён на ўласныя вочы пабачыў, што ж за такая таямнічая спецыяльнасць — браніроўшчык.
Да катлавана вяла вузкая траншэя, глыбінёю ў метр. На дне ляжаў таўстенны кабель. Рабочыя падносілі на насілках цэглу, дзядзька Стах, стоячы ў траншэі па пояс, браў адну за адной цагліны, клаў іх зверху на кабель і прытупваў нагою. Гэта і называлася браніроўка — закрыць, «абараніць» кабель перад тым, як траншэю засыплюць зямлёй.
Але вось увесь адрэзак траншэі быў забраніраваны. Дзядзька Стах выбраўся, пахадзіў з заклапочаным выглядам па будаўнічай пляцоўцы, у кутку знайшоў кавалак паржавелай трубы, паклаў на плячо і панёс на другі канец, прычым шлях выбраў такі, каб прайсці акурат перад вокнамі бытоўкі з надпісам «Прарабская». З паўгадзіны яго не было. Потым паказаўся з кавалкам дроту ў руцэ. Ізноў — заклапочанасць на твары, ізноў — пад вокнамі «Прарабскай». Так працягвалася з 15-ці да 17-ці. Ні разочку чалавек не прысеў, нават не пакурыў, усё тупаў сабе і тупаў. У канцы працоўнага дня іржавая труба апынулася там, дзе і ляжала, дрот — таксама на сваім месцы.
А ўвечары была ванна, Ціша, стол. Дзядзька, выпіўшы пару шклянак віна, забыўшы на пляменніка-сведку, расказваў жонцы:
Читать дальше