Адзвінелі капяжы, сінія сакавіцкія ранкі з хрупкім лядком пад нагамі змяніліся на зялёныя — красавіцкія. Увесь двор зелянеў травою. У траве, ціўкаючы, бегалі чорныя шпакі з жоўтымі дзюбкамі. Ластаўкі абляплялі правады, і было страшна за іх — як яны з такімі тонкімі лапкамі не баяцца электрычнага току? Вішні, баючыся прапусціць вясну, зацвілі раней, чым выпусцілі лісце, а паўднёвы абрыкос марудзіў, набіраў сілы і соку, каб ужо ў маі ў адначассе адкрыць і свае шырокія лісты, і буйныя белыя кветкі — да таго пахка-дурманныя, што пчолы п’янелі ад іх нектару і пасля ляцелі крыва, а некаторыя, не могучы ляцець, нават падалі пад дрэва.
На Радаўніцу Петрык хадзіў з бабуляю Домнай на магілку дзеда Андрэя. Фарбаваў ужо сам унук. Баба сядзела на пагорачку, аддыхвалася. Яна моцна здала за гэтую зіму, хварэла, кашляла, хадзіла з палкаю, нават сюды, на могілкі, ледзь даклыпала. Вячоркі ў іх даўно не збіраліся, не было каму больш спяваць «ой, не пакіну гарэлачку піці»… Марта ляжала ў бальніцы, вясёлы Зміцер раптоўна памёр. Якаў яшчэ соўгаўся, але ўжо не з музыкальнай пілою, а таксама, як і Домна, з палкаю. Хутка скончылася іх пенсіянерскае шчасце, кароткае, як і ўсё добрае ў гэтым свеце.
Унук старанна працаваў пендзлем, і ўсё пытаў:
— Добра, баба? Я так раблю?
— Вельмі добра, унучак, усё так ты робіш! — хваліла бабуля, а ў самой позірк блукаў між магіл, і неяк асабліва пільна спыняўся на адной латачцы зямлі — побач з сваім Андрэем, нібы яна ўжо выглядвала сабе месца.
Фарба на гэты раз была тэракотавая — карычнева-чырвоная. Петрык, фарбуючы, гуляў у палітычную карту свету. На ўроках ім давалі такія карты — белыя, пункцірам падзелыя краіны, якія трэба было расфарбаваць па палітычнай прыналежнасці: сацыялістычны лагер — чырвоным колерам, капіталістычны — чорным. Пэндзаль лёгка хадзіў у руцэ, адным узмахам ператвараючы зло ў дабро. Прыемная тэракотавая фарба ўсё больш захоплівала тэрыторыю фарбы старой, бляклай, шэра-зялёнай.
Потым яны вярталіся краем могілак, і бабуля расказвала, хто дзе пахаваны. Магілак было столькі многа. Унук слухаў і думаў: «Як гэта людзі без мяне будуць жыць, калі я памру?» Гэта ўявіць было немагчыма. І выцякала другое пытанне: а як ім, памерлым, без яго — Петрыка? Як яны могуць гадамі нерухома ляжаць у сваіх магілах і не ведаць, што ён жыве, ходзіць, думае? Што з ім адбываецца?
І хацелася сказаць ім, тым даўно памерлым, што ляжаць цяпер спарахнелыя, — пашкадаваць іх, пабадзёрыць:
«Не бойцеся, я жыву заместа вас! Я ўсё гэтак сама, як і вы, цюцелька ў цюцельку, адчуваю!»
Ніхто, мабыць, з такім нецярпеннем не чакаў канікулаў, як Тамаш Капора. Не змог ён палюбіць школу. Цяжка давалася яму навука. Да таго ж дысцыпліна моцна кульгала. Ён прынёс у клас карабок з-пад запалак з вялізнай кропляй ртуці, падобнай на шарык з падшыпніка. Ёю можна было гуляць у «хакей»— ганяць яе стрыжнямі. Праўда, калі прыціснеш, яна распадалася на дробныя шарыкі, але ўсе як адзін ідэальна круглыя, з прыемным ззяннем. Настаўнік, убачыўшы, жахнуўся, пачаў крычаць, што пары ртуці шкодныя. Яго адразу ж абсмяялі — дарослы чалавек, а кажа нейкае глупства; як гэта ртуць — ды шкодная? Усё ж настаўнік пабег да дырэктара, і ў Тамаша яшчэ дадалося непрыемнасцей, нават пайшла чутка, што яго могуць пакінуць на другі год.
Увечары зайшоў Карл Капора. Петрык з маці толькі павячэралі. Бабуля не выходзіла, яна цяпер многа ляжала ў сваім пакойчыку. Карл пачаў здалёк — пра суботнік 22 красавіка, як яго прымусілі сеяць кукурузу, а ў той дзень быў замаразак.
— Кажу: не зямля — лёд! Кажуць — сей. Добра, пасеяў. Бо не пасееш — не пажнеш… Не ўзышла. Два, тры тыдні — ні расточка. Кажуць — перасявай. Сёння перасяваў. Вось так яно бывае ў жыцці. Ва ўсім перастрахоўка… Падстрахоўка… Не падманіш — не пражывеш, не падмажаш — не паедзеш… Вось і твайго сына настаўнік на «Яве» падвозіць, — нязграбна падбіраўся да тэмы Капора. — У каго які талент. Каму што дадзена. Аднаму розум, другому хітрасць… Табе — прыгажосць, вабнасць дадзена прыродаю, — цягнуў ён, пазіраючы на маці так, што сліна набягала яму ў рот, і ён, забываючыся, крыху паплёўваў.
— Што ты хочаш сказаць? Скажы па-чалавечы! — злавалася маці.
Аднак яшчэ доўга кружляў Карл, падступаўся і з таго боку, і з гэтага, намякаў, што «воран ворану вока не выклюе»… Нарэшце высветлілася, што ён прыйшоў прасіць за сына.
— Каб гэта, значыць, Петрык з настаўнікам словам перакінуўся… Пра сына майго. Каторы Тамаш. Паслабку яму трэба ў школе. Хітрасці для навукі ў яго малавата. А я б за гэта — тое-сёе… Мех кукурузы адборнай ўвосень…
Читать дальше