Стараннасць яго не прапала. Хутка яго заўважылі, пачалі хваліць і нават ставіць у прыклад іншым.
— Ох ты і спрытнюга! — уражваўся Тамаш Капора. — Адно слова — хітруган!
Сам Тамаш за ўсю доўгую восень так і не навучыўся чытаць нават па складах. Табліца множання таксама не давалася яму. Да таго ж у яго была тая самая праблема, што і ў Петрыка напачатку: ён ніяк не мог зразумець арфаэпіі — чаму ў літар розныя гукі? Напрыклад, чаму эс, але пэ? — і ўпарта трымаўся толькі аднаго варыянту: «эк, эл, эм, эн, эп…»
Трэцякласніца Галька апекавалася імі, забягала на перапынках, прыносіла яблыкі, цукеркі, коржыкі, дзяліла пароўну, пыталася, як вы тут. На галаве ў яе былі два прыгожыя «хвасты» і на канцы кожнага па белым матылі касніка.
— А ты чаму такі няздатны? — упікала брата. — Паглядзі, як Петрыка ўсе хваляць.
— Ага — яму добра, ён хітры! — апраўдваўся Тамаш.
— А ты чаму не хітры?
— Сама ведаеш, чаму…
Яшчэ раней, адразу пасля першых паездак да дзядзькі Стаха, Петрык на перапынках пачаў круціцца каля настаўніцкай. Неўзабаве ён вылічыў Леаніда Міхайлавіча, і потым, дзе б той ні трапляўся яму на вочы, спадцішка разглядаў яго. Настаўнік быў падобны на маладога Змітрака Бядулю, партрэт якога Петрык бачыў дома ў кніжцы пра маленькіх дрывасекаў і пяць лыжак заціркі: такі ж сімпатычненькі, кучаравы, губаценькі і з выпуклымі, добрымі і сумнымі вачыма. Леанід Міхайлавіч насіў джынсы і кароткую скураную куртку. Яму было гадоў дваццаць пяць. Знешне зусім не страшны! А па характары? Бацька-мяснік у запэцканым крывёю фартуху і са шчарбатай сякерай у руцэ па-ранейшаму маячыў за спінай сына-настаўніка.
Неяк перад Новым годам Пятрусь бег з буфета на ўрок, у клас, пазіраў пад ногі — і наляцеў на маладога настаўніка, проста галавой яму ў жывот. Леанід Міхайлавіч аж войкнуў. Падняў указальным пальцам Петрыка за падбародак:
— А я цябе недзе бачыў. Ты ў мікрараёне бываеш?
— У дзядзькі Стаха… Гэта мой родны дзядзька.
Настаўнік узяўся за скроні, потым за лоб, і вочы заплюшчыў.
— Уяўляю! — прамовіў упалым голасам.
З таго часу, калі сустракаліся ў калідоры ці на двары, Леанід Міхайлавіч заўсёды лавіў Петрыка за рукаў ці за плячо.
— У дзядзькі быў?
— Быў…
— М-мм… Не крыўдуй, але твой дзядзька… Гэта проста хоць рэж мяне, хоць еж мяне. Уяўляю!
Пятрусь добра разумеў, чаго Леанід Міхайлавіч баіцца: што языкасты, балбатлівы дзядзька плявузгае пра яго сям’ю, а Петрык будзе разносіць гэта па школе. Але Петрык трымаў рот на замку, да таго ж меў смірныя паводзіны, добрыя адзнакі, аб чым, канечне, Леаніду Міхайлавічу хутка стала вядома, і настаўнік адразу павесялеў, і пры сустрэчах пачаў пытаць ужо не пра дзядзьку, а проста: як жывеш? што чытаеш? чым цікавішся? Зваў яго Леанід Міхайлавіч коратка і прыгожа — Піт. Паміж імі нават узнікла нейкая сувязь, як у людзей, у якіх ёсць агульны сакрэт.
— І тут ты пралез, — канючыў назіральны Тамаш Капора. — Усіх абвёў вакол пальца! З настаўнікамі сябруеш… Хіцёр Зміцёр!
Леанід Міхайлавіч кожны перапынак выходзіў пакурыць на ганак. Размінаў у тонкіх пальцах цыгарэту з залатым абадком на фільтры. Зацягваўся апетытна, прыгожа. Побач Піт у якасці пасіўнага курыльшчыка прагна лавіў ноздрамі чужы дым. Па меры сіл і магчымасцей Леанід Міхайлавіч стараўся скарыстоўваць гэтыя перакуры для таго, каб хоць трохі «абчасаць» свайго маленькага сябра. Відаць, ён лічыў, што чым больш упіхне ў Піта культуры, тым лепш будзе яму, настаўніку, бо тым менш Піт будзе ўспрымаць дурноту і хамства свайго дзядзькі. Хамства Леанід Міхайлавіч не пераносіў фізічна. Асабліва абражала яго густ прастанародная грубасць, розныя мясцовыя прымаўкі-прыказкі, нават самыя нявінныя, напрыклад: «У дурнога салаўя — дурная песня», «Ну ты дзіва — век не бачыў, а пабачыў — засмяяўся», «Пра цябе ў Маскве ў лапці звоняць»; не кажучы ўжо пра тое, як калі дзеці гулялі ў «квача» ці ў здаганялкі, дык крычалі на ўвесь двор:
— Не спаймаў, не спаймаў — сваю матку прыкапаў!
Тут Леаніда Міхайлавіча проста перасмыкала; рэзала па ім, як лязом; ён моршчыўся, крывіўся, як ад зубнога болю.
— Які жах… Няўжо вы не разумееце, што нельга так!
Піт рабіў выгляд, што не разумее.
— Такая чароўная прырода вакол, такія мясціны, такі залаты ўзрост — і так бяздарна марнуецца ўсё. Абкрадваеце самі сябе. А як пасля ўспомняцца гэтыя часы! — з салодкімі дрыжыкамі, са слязамі захаплення! з пакутамі раскаяння! — ды не вернеш…
Ён прыкурыў і кінуў запалку. Піт прасачыў за яе палётам і ўспомніў гісторыю дзядзькі Стэфана пра пеўня. Яму захацелася пахваліцца, расказаць Леаніду Міхайлавічу, што яны таксама жывуць вельмі цікава.
Читать дальше