Пятнаццатага лістапада Петрыку спаўнялася восем гадоў. Напярэдадні, за дзень, маці вырашыла з ім з’ездзіць да Стаха ўжо не ў ванну, а проста ў госці.
— Скажам, што дзень нараджэння заўтра… Мо зробяць падарунак, ці грошай дадуць… Бо ты ж ужо вялікі.
Да гэтага ніякія яго дні нараджэння не адзначаліся, ды так і не казаў ніхто — «дзень нараджэння», а казалі — імяніны. Петрык нават не памятаў дакладны дзень гэтых сваіх імянін, ведаў толькі, што яны позняй восенню, калі дэсэафаўцы перастаюць ездзіць на аэрадром і скакаць з парашутамі, грыбнікі знікаюць, калі неба імжыць дажджамі, а то і ранішнім прымаразкам аббівае лісце, — толькі адзінокі трактар вуркоча на полі, і нявядома, што ён там робіць, бо ўсё даўно зжата і прыбрана.
Маці зноў напакавала сумку, на гэты раз з разлікам на Стахавых суседзяў. Дзеля такога выпадку закалолі гусака, баба Домна абскубла, абсмаліла і палову акуратна ўкруціла ў чыстую марлю.
Дзверы адчыніў Стах. Ён пахістваўся, і ад яго несла віном. На Петрыкава з маці «добры дзень» адказаў:
— Чулі, Броню «хуткая» забрала?
На пытанне, дзе жонка, ён зноў адказаў пра Броню:
— Баяцца, што спералізуе. Я ж вас спералізую!..
— Дзе Таня, я пытаю?
Высветлілася, што Таня сёння ў начную змену. Распрануліся, сумку распакавалі. Нязвыкла было бачыць голы стол, на якім толькі пляшка віна і шклянка. Пакуль Петрык забаўляўся з Цішаю, якая хадзіла на задніх лапках, маці пачала заварваць гарбату, а дзядзька Стах сеў за стол і выпіў віна.
— Хто ў вас памёр?
— Усе жывуць, — стомлена сказала маці. — Вось восем гадоў хлопцу заўтра…
— Заўтра?!
Стах імгненна стаў сур’ёзны. Апусціў галаву, задумаўся. Потым сказаў:
— Годы сваё бяруць, — яшчэ падумаў крыху і паўтарыў: — Усё цячэ, усё змяняецца… Ах, ты мая Ціша.
— Малы… падарунка чакае.
— А я яго ў лазню, у парылку зваджу.
— Куды яго ў парылку, сэрца лопне, ён жа малы!
Маці з Петрыкам селі піць гарбату. Дзядзька Стах быў зусім развезены і нязвыкла маўклівы. Потым ні з таго ні з сяго ўспомніў пра «кулака» — брата Стэфана, і ўзарваўся:
— Ты сама бачыш, як я жыву! А ён?!
— Бачу, бачу — багата жывеш.
— А ён хваліцца, што ў яго зямля! Ды ў яго, як у латыша — хрэн ды душа!
— Паехалі, сынок…
Маці з Петрыкам ўжо сабраліся, апрануліся, стаялі з пустой сумкай у парозе, а Стах, хістаючыся, з Цішаю на руках, усё не мог супакоіцца, і паўтараў, што ў Стэфана «як у латыша». Потым пусціў Цішу, пайшоў у пакой. Вярнуўся з гітараю ў руцэ.
— На! Табе падарунак. На дзень нараджэння. Будзеш скрыпачом. Лена некалі іграла…
У Петрыка сэрца зайшлося ад радасці. Ён і марыць не мог пра гітару! Гітара была хоць не новая, але ад таго здавалася яшчэ лепшай, як чытаная-перачытаная кніга здаецца лепшай, цікавейшай за новую. На двары, на вуліцы, і потым, калі стаялі на прыпынку, хаваючыся ад восеньскага ветру, маці ўсё не магла даць веры, што вось так, з адной гітараю, Стах іх адпусціў.
— Можа, калі мы на кухні сядзелі, паклаў табе ў кішэню? Каб мы не бачылі? Сюрпрыз каб зрабіць? Паглядзі, сынок, у кішэнях…
Разам абшукалі, абмацалі кішэні паліто. Пуста! Зрэшты, Пятрок не разумеў матчынай засмучонасці.
— Мама, — радасны, брынькаў на гітары, — чуеш, якія струны тугія? Мяне дзед Аўрам іграць навучыць, калі ў бабы вячоркі будуць…
— Ды якія вячоркі? — адказала маці, думаючы пра сваё. — Даўно ж ужо не збіраюцца. І баба, бачыш, як хварэе…
На другі дзень, ужо на сапраўдныя імяніны, маці выправіла сына да другога дзядзькі. О, туды Петрык пабег з радасцю! Ён любіў дзядзьку Стэфана больш, чым дзядзьку Стаха, і хоць маці наказвала яму прыглядацца да Стаха і ў яго вучыцца, як жыць, Петрык быў упэўнены, што прыглядацца і вучыцца трэба акурат у Стэфана.
Яму падабалася, як Стэфан зваў яго — нябож. Падабалася, што ён кажа не веласіпед, а «веламашына», не прыпынак, а «аўтастаянка», не аэрапорт, а «рапорт», не запальнічка, а «машынка для здабывання агню», не нажніцы, а «ножны», не падстрыгчы, а «апратаць»… Падабалася, што ён верыць у Бога — ніколі не біў кабана, не перахрысціўшыся, і нават калі даваў папругі свайму Валіку, як той быў яшчэ малы, — таксама перад гэтым асяняў лоб крыжам. Цяпер Валік служыў у арміі, у Бірабіджане, прынамсі, адтуль прыходзілі лісты, але дзядзька Стэфан чамусьці быў упэўнены, што гэта для канспірацыі, а на самой справе яго сын служыць у Афганістане, таму ўважліва праглядаў газеты, слухаў навіны па тэлевізары і круціў рожкі настройкі свайго «Акіяна», прыпадаючы да яго вухам. Звычайна прыёмнік трашчаў, пішчаў, шыпеў, але аднойчы Петрык стаў сведкам, як прагучала чыста, гучна, выразна:
Читать дальше