— …«И в афганских песках белеют косточки советских ребят…»
Голас маладзенькай дыктаркі быў да таго нязвыклы, настолькі адрозніваўся ад афіцыйных галасоў савецкіх дыктараў, што па інтанацыі абсалютна не зразумець было, злараднічае яна ці шкадуе тых савецкіх хлопцаў.
Кароткі прагляд газет, тэлевізар і «Акіян» з’яўляліся для Стэфана адзіным адпачынкам. Увесь астатні час ён не мог без працы — усё нешта габляваў, стукаў, капаў, альбо, калі ўжо зусім не было чаго рабіць, падмятаў двор, на якім і так ні акурачка, ні трэсачкі, ні саламінкі; але дзядзька Стэфан усё роўна гадзінамі мог вышкрэбваць зямлю венікам. Цётка Поля, яго жонка, па сакрэце расказвала Петрыкавай маці, што нават уночы ў ложку ён не мае спакою, варочаецца, уздыхае, не любіць спаць, лічачы сон марнай тратай часу.
— Нервенны чалавек, — напаўголаса дадавала цётка Поля.
Яна была ціхім ценем мужа — такая ж працавітая, гаспадарлівая, эканомная, як руплівая мыш, і надта была ахвотніца рабіць запасы. У сенцах, каморках, баковачках, па ўсіх кутках, дзе дазваляла месца, паліцы былі застаўлены слоікамі варэння, розных закрутак, закатак, саленняў, марынадаў, мачэнняў; цесна стаялі палатняныя мяшэчкі з сухімі грушамі, яблыкамі, абрыкосамі, вішнямі, слівамі; на глухой сцяне ў верандзе віселі на цвічках і давалі прыемны пах пучкі зёлак, усялякі зверабой, мята, меліса, чыстацел, каліна, рабіна; на кухні каля пліты, у кутку, прыкрытыя чыстай марляю, звісалі з жэрдачкі нізкі цыбулі, часнаку, сухіх белых грыбоў… Свае запасы яна трымала ў надзвычайнай акуратнасці, ведала месца кожнаму слоіку, але здаралася, што Стэфан, доўга што-небудзь шукаючы і не могучы знайсці, не вытрымліваў, ставіў на паліцу руку і змахваў за раз на ўсё падлогу. Ляцела, звінела, білася!.. Ён называў гэта — «грабянуць». І калі ён, будучы не ў гуморы, памаўчаўшы, папярэджваў:
— Зараз грабяну! — як толькі вымаўляў гэтае слова, Поля з усіх ног ляцела бараніць сваё дабро, целам яго закрывала.
«Нервенны які, з характарам», — шаптала яна, а ўголас сказаць баялася.
Дзядзька Стэфан, калі прыбег да яго імяніннік, падграбаў пад яблынямі ў садзе лісце і складаў на тачку, каб вывезці потым на вуліцу на сметнік. Петрык увязаўся за ім. Дзядзька Стэфан ссыпаў лісце ў кучу. Закурыў.
— Во-о-сь, — сказаў ён. — Капораў певень сюды панадзіўся хадзіць. У тым годзе. Я лісце выводжу, ворах насыпаю, а ён ходзіць і ходзіць. Чаго ты ходзіш? Неяк я сабраўся гэты ворах спаліць. Плюхнуў бензіну, ляп-ляп па кішэнях — сернікаў няма, толькі машынка. А з машынкаю ж не падступішся. Пайшоў па сернікі. Вяртаюся — а певень залез на кучу, стаіць і бензін нюхае. Мяне не бачыць. Я ззаду падкраўся — чырк запалку! кідзель! як ударыла полымя! як шуганула! як узвіўся певень! Во-ось.
Ён дастаў з кішэні маленькія нажнічкі, адшчыкнуў чорны канец цыгарэты, паклаў недакурак назад у пачак. Паўза была неймаверна доўгая.
— На дванаццаць метраў уверх! — сказаў нарэшце Стэфан. — Так, значыць, спалохаўся. Ён жа не чакаў! Капора потым пытае — што з маім пеўнем, не есць, пер’е пачало выпадаць? Я кажу, я ж не ведаю, што ў твайго пеўня ў галаве. Так пакрысе схуднеў, абліняў — і памёр, бедны. Ад стрэсу. Вядома, памрэш! А то ў гэтага Капоры яшчэ сабака вые дзень і ноч, — паскардзіўся дзядзька Стэфан, беручыся за тачку. — Смерць наклікае… Няма каму па губах надаваць. А вы куды ўчора ездзілі? Зноў да таго Меднага?
Петрык, пад ўражаннем гісторыі з пеўнем, які перажыў стрэс, не адразу пачуў пытанне.
— Да яго… А ў мяне імяніны сёння! — успомніў ён.
— Колькі табе?
— Восем.
— Вялікі расці, — ветліва сказаў Стэфан.
Вярнуліся ў двор. Дзядзька, крэкчучы, нагнуўся пад яблыню, падняў антон.
— На, — выцер аб штаны і працягнуў Петрыку. — Вялікі расці. Ну, як там той дзяляга пажывае? Што казаў?
— Казаў, што ў вас як у латыша — хрэн ды душа, — міжволі наіўна вырвалася ў Петрыка. Ён прыкусіў язык, ды позна.
Дзядзька Стэфан памаўчаў, памыляў губамі.
— Во-ось што я табе, нябож, скажу. Другі раз пабачыш яго, дык перадай, — скажы, дзядзька Стэфан перадаў, што гэта не ў мяне, а ў яго, як у латыша — хрэн ды душа! Так і перадай! Не забудзеш?
— Не забуду.
У дзядзькавым голасе чулася не толькі крыўда, а яшчэ як бы і зайздрасць — надта ж трапным, дасціпным падалося яму выслоўе. Стэфан яўна перажываў, што не сам да такога дадумаўся. Таму, праводзячы пляменніка, ён расхваляваўся і ўсё паўтараў:
— Толькі не забудзь! Так і перадай! Так і скажы — гэта ў цябе, скажы, як у латыша! Чуеш? Во-ось…
Читать дальше