— Я ж на браніроўцы!.. Дваццаць пяць пагонных выклалі — палічы!.. Ах, мая Ціша… Я ж вас, скажы, забранірую!.. Броню ў бальніцу кладуць — чуў? — да Петрыка. — А Лёня ўсё ў АВІР ходзіць… Я ж вам пахаджу…
Петрык ужо навучыўся амаль не слухаць дзядзькавую балбатню, і звярнуў увагу на гэтае новае слова, АВІР, бо яно выклікала ў яго асацыяцыі з вірам, пра які расказваў дзед Якаў, — дзе сом людзям спіны хвастом ламае, а шчупакоў можна чэрпаць вёдрамі зімой і летам.
У той раз яму так спадабалася быць самастойным, што ён пачаў прасіцца ў маці, каб часцей адпускала яго ў горад аднаго.
— Ты ж сама кажаш — я вялікі! Мне ж хутка дзевяць!
І маці пачала адпускаць. У яе і так хапала клопату. Перад гэтым яна доўга раздумвала, нават раілася з ім, з Петрыкам, як быць з бацькам? Як яго выманіць адтуль? Нарэшце напісала коратка: вяртайся хутчэй, бо цяпер у нас поўна грошай. Адказ прыйшоў імгненна; бацька паведамляў, што яму трэба «кроў з носу летнюю навігацыю адхадзіць!»
— Каму трэба, каб ты адхадзіў навігацыю? — разгублена, уголас разважала маці. — Не, не грошы яго там трымаюць — характар такі!
А Піт пачаў ездзіць у горад. У гэтай самастойнасці было многа прыемнага. Ён знарок прыязджаў удзень, каб быў час пагуляць да вечара. Ішоў у парк, ці на любімую плошчу. Там стаялі цагляныя і каменныя двух— і трохпавярховыя будыначкі, аздобленыя немудрагелістай ляпнінай, сціплымі завітушкамі, прымітыўнымі дэталямі франтонаў, але разам з тым кожны будынак быў не падобны на суседа. Усе яны туліліся бліжэй да плошчы і адзін да аднаго, ціснуліся так, што і праходу не было паміж імі, а як бы суцэльная сцяна. На другіх-трэціх паверхах жылі людзі — у кватэрах з вакенцамі. Вакенцы, нібы байніцы, зверху канчаліся паўкругам, і пад кожным меўся балкончык з чыгуннай разьбою, малюсенькі — на яго можна было паставіць хіба што гаршчок з геранню. А ўнізе, на першых паверхах, розныя шыльды сведчылі, што менавіта тут гандлёвы і культурны цэнтр. Ішлі «Кулінарыя», «Спорттавары», драўляны будынак рачнога параходства з двума шпілямі па баках, цырульня, фотаатэлье «Сілуэт», прамтаварны, бакалея, школьныя прыналежнасці, а таксама магазін «Іголка-нітка», прадуктовы, бюро рытуальных паслуг «Вянок», дзіцячая бібліятэка імя Самуіла Маршака, і нарэшце з самага краю плошчы ненавязліва ўпісваўся ў старадаўнюю архітэктуру новы трохпавярховы будынак гаркама партыі. Вузкі тратуар ад плошчы агароджвалі парэнчы — дзве жалезныя трубы, прывараныя да невысокіх стоек. Яны цягнуліся ўздоўж усёй плошчы, і калі вуліца на рагу заварочвала, парэнчы паслухмяна паўтаралі яе паварот. Былі яны сям-там крыху пагнутыя, адпаліраваныя да белі і надзвычай зручныя для сядзення.
Пятрусь сядаў на верхнюю, ногі ставіў на ніжнюю, і сузіраў. Так цікава было! За спінаю па плошчы ездзяць машыны, па тратуары ходзяць людзі… Ён мог гадзінамі так сядзець. Усё вакол стварала атмасферу ўтульнасці, дыхала нейкай мілатой, роднасцю, было так недалёка ад уласнага дома, што не верылася, што ты ў горадзе, а ўяўлялася проста як пераход тваёй роднай Чэшскай Слабады ў твой жа родны горад. І яшчэ — веданне, што ты такі самы, як і ўсе вакол, што ў цябе свой дом і ты ў любы час можаш туды вярнуцца. Людзі паходзяць і вернуцца дамоў, і ты вернешся. Вось ты ў гарадской кватэры, у дзядзькі Стаха, слухаеш яго п’яненькія байкі, а праз якіх дваццаць хвілін ужо босы ідзеш па цёплай траве да дзядзькі Стэфана… Ну не дзіва?
Дзядзьку Петрык знайшоў на агародзе з рыдлёўкаю. Стэфан ужо каторы тыдзень ваяваў з невядомымі жывёламі, якія захапілі агарод, тачылі норы, знешне падобныя на кратовыя, але па даўжыні і глыбіні не намнога меншыя за тыя траншэі, што браніраваў Стах. Вайна вялася з пераменным поспехам. Стэфан пасыпаў норы мыш’яком, абсаджваў каноплямі, палыном, памідорамі, выпальваў бензінам — нічога не памагала. Убачыўшы пляменніка, дзядзька стомлена абапёрся на рыдлёўку.
— Гэта ж трэба — распладзілася паскудства… Помесь пацука з нутрыяй. У рэчцы жыве, і на сушы жыве. А норы глыбозныя, ступіш — нага падае! І курэй душаць.
— А хто гэта? Як яны завуцца? — згараючы ад цікаўнасці, спытаў Петрык.
— Не ведаю і ведаць не хачу. Паскудства яны завуцца. А то бабёр прыходзіць маліны есці, — скардзіўся на свае беды дзядзька Стэфан. — Вунь сцежку ў траве пратаптаў, як слон.
— З нашай рэчкі? — не паверыў Пятрок.
— З нашай. Яны ж там вышэй, каля рапорціка, усё перагацілі — чаму ў нас і рэчка абмялела. Ён адтуль ходзіць, па начах, пакуль раса на траве — так яму ісці лягчэй.
Читать дальше