— Недарэчнае пытанне. Я заўсёды адзін, я заўсёды вольны гаварыць.
Я табе расказваў пра яе. Яна маладзей за мяне амаль на дзесяць гадоў. Выкладае літаратуру і рускую мову ў школе. З’явілася неяк нечакана. Прыходзіць, знікае. Ніякіх прэтэнзій. Мне гэта падабаецца.
— Адкуль я ведаю, адзін ты ці не,— адказвае яна. — Да цябе можна зайсці? Я тут непадалёк.
— Прабач, Галя, але сёння не трэба. Разумееш, у мяне лепшы сябар памёр. Я табе расказваў аб ім, хацеў вас пазнаёміць.
— Захочаш — пазвані. Я доўга не буду спаць. Сшыткі.
Кароткія гудкі. Я выйшаў на балкон. Падстааіў галаву пад тугія, халодныя струмені вады.
Зноў званок. Глухі голас Андрэевіча. Ты часта гаварыў, што ў інстытуце табе яго не хапае.
— Як справы, напісаў?
— Амаль што. Заўтра здам.
— I вось яшчэ. Знайдзі добрую фатаграфію, У цябе павінна быць. У фоталабараторыі не знайшлі нічога такога, каб падышло.
— Добра, я пашукаю, Андрэевіч.
— I не сарві графік. Пахаванне паслязаўтра, ты памятаеш?
— Памятаю. I наогул я памятаю ўсё і даўно не зрываю графікаў.
— Заўтра ў дзесяць труну ўстановяць у клубе журналістаў.
— Я буду роўна ў дзесяць.
Па голасе я разумею Андрэевіча, ён баіцца, што ад адзіноцтва я магу запіць. Ён спецыяльна даўжэй са мной размаўляў, каб услухацца ў мой голас. Але я на яго ніколі не крыўдую. У яго ёсць падставы або, па крайняй меры, былі, ты ведаў пра гэта.
Тэлефон у гэты вечар вырашыў даканаць мяне.
3 трубкі паліўся настырны жаночы голас:
— Добры вечар, таварыш Барковіч. Мне паведамілі, што вы пішаце некралог пра Сяргея Уладзіміравіча. Я старшыня мясцовага камітэта інстытута інфармацыі, дзе, як вядома, Сяргей Уладзіміравіч чатыры гады працаваў намеснікам дырэктара. Будзе крыўдна, калі гэтая значная частка яго дзейнасці выпадзе з некралогу. Вам жа ён вядомы, у вузкім асяроддзі, як журналіст. Мне як старшыні мясцовага камітэта дырэктар таварыш Фёдараў, партыйная арганізацыя даручылі ўнесці неабходныя дапаўненні ў некралог.
— Карацей, даручылі стаць маім сааўтарам?
Яна не звярнула на мае словы ніякай увагі.
— Я гатова перадаць тэкст. Вам дыктаваць павольна ці хутка? — працягвае яна.— У мяне атрымалася каля машынапіснай старонкі.
— Калі можна, скажыце сваімі словамі,— шчыра прашу я яе.
— Сваімі словамі?! Але ж ёсць надрукаваны і зацверджаны дырэктарам і партыйнай арганізацыяй тэкст.
— Добра, чытайце.
— ...Сяргея Уладзіміравіча вызначалі чулыя адносіны да людзей, прынцыповасць... Заўсёды з адказнасцю, высокім пачуццём абавязку ставіўся да даручанай справы...
...Многае зрабіў для развіцця інфармацыі...
— Скажыце, а каго і пра што ён інфармаваў? — не вытрымаў я.
— Вы, напэўна, м... м... м.., прабачце, таварыш Барковіч, дрэнна або не ў поўным аб’ёме ўяўляеце, чым займаецца наш інстытут. Гэта, як бы вам сказаць, квінтэсенцыя ведаў, атрыманых у розных галінах навукі, без якіх немагчыма далейшае...
— Дзякуй, я ўсё зразумеў. Вельмі ўдзячны вам за дапаўненні,— сказаў я і, не чакаючы адказу, паклаў трубку.
I як ты мог працаваць з такімі дзеячамі? Ты мяне заўсёды дзівіў. Я не ведаў, адкуль ты бярэш сілы заўсёды быць у форме, нават у тыя мінуты, калі на душы ў цябе робіцца невядома што...
Ты любіў паўтараць:
— Трэба растварыцца ў рабоце. Іншага выйсця няма.
Калі ты ўпершыню сказаў гэту фразу?
Яна, гэта фраза, адразу ж залунала ў паветры, павісла над табой чорным непраглядным воблакам, калі ўзнікла на гарызонце твая Валянціна, высокая, проста нейкая празрыстая, у чорным шоўкавым японскім халаце. Яна сказала, што халат прывёз з Японіі тата, акадэмік Расмагін, што яна слухала цябе на вечары ва універсітэце, дзе сама вучылася на біяфаку, і ёй прыемна мець справу з перспектыўнымі маладымі людзьмі (ківок і ў мой бок), бо ў наш час чалавек, які не мае яснай жыццёвай перспектывы, практычна не мае права на існаванне. Я амаль цябе перастаў бачыць у тое злашчаснае «дзікарскае» лета ў Крыму. Ты прападаў з Валянцінай на корце сярод людзей з дома Літфонда паэта Бушмакова, усяго «запаянага» ў «фірму» і ў джынсавую сіняву, нашага рэжысёра Ермановіча, які стварае ні то тэатр ценяў, ні то кінаакцёра, яшчэ нейкага маладога вучонага, які падае такія надзеі ў біяструктуры, што нават бацька Валянціны, акадэмік Расмагін, пасуе перад яго напорыстасцю.
Аднойчы ўвечары, атрымаўшы па тэлеграфу грошы — перавод за падборку вершаў,— ты зацягнуў мяне з гэтымі свяціламі ў бар і, шапнуўшы: «Не будзь правінцыялам», пазнаёміў з імі. Гаварылі пра ўсё — пра цэны на рынку ў Ялце, пра новы раман Маркеса, пра запісы ансамбля «Бі Джыз», пра Высоцкага... Валянціна ззяла. Нават яе маскоўскія сябры, сапернікі і настаўнікі па корту, слухалі яе з павагай. Ты падміргваў мне і пытаўся:
Читать дальше