Ева ўвесь час штурхае пад бок маладога. Той пасля кожнага катурха асцярожна ставіць на стол чарку, тлумачачы гасцям:
— Аріганізма нешта не дазваляе. Прабачце ўжо!
— Не можна яму, — падхоплівае Ева. — У яго галава пасля выпіўкі баліць. Валянціна Іванаўна, доктар, сказала, што гэта гарлатанія.
Вера ледзь стрымлівае ўсмешку: любіць Ева мудрагелістыя словы, а вымаўляць іх не ўмее.
— Піце, госцейкі, ешце, не крыўдзіце маладых, — запрашае гасцей Максімава маці.
Пад вокнамі і на ганку таксама ідзе гамонка.
— Не думана, не гадана —вяселле.
— Кумачка, цяпер дзеўкі не тыя. Гэта мы, дурныя, чакалі, пакуль у сваты прыедуць. Самі на шыю вешаюцца.
— Такому, як Максім, не надта павесішся.
— Пагаварвалі ж, што Башукевічаў сын лістамі з арміі яе закідваў.
— Башукевічаў?.. Добры хлопец, няма чаго казаць.
— I добра зрабіла, што не чакала. Калі яшчэ прыедзе, ды ці ўзяў бы?..
— I то праўда.
VI
А Макар Башукевіч ішоў пехатою, не падазраючы нават, што пра яго ідзе гаворка ў Закружжы. Емкаваты салдацкі чамадан здаваўся лёгкім. Ссумаваўся Макар па Закружжы, па маці, па вечарынках, ды, што грахі таіць, і па Еве. I хоць ён быў яшчэ далекавата ад Закружжа, але ўсё навокал ужо напамінала аб ім. I дарога, што збягала з аднаго пакатага ўзгорка толькі, відаць, для таго, каб зноў узабрацца на другі, яшчэ больш круты; і парадзелыя лясы, і маленькія ручайкі-рачулкі, дно якіх зусім перасохла; і нават неба, такое неабдымнае і сіняе...
Макару вельмі хацелася, каб трапіць у Закружжа днём. Прайшоўся бы па вуліцы на зайздрасць хлопцам. Як ні кажы, а шырокай чырвонай палоскі на пагонах і трох значкоў на гімнасцёрцы яшчэ ні ў кога не было з закружскіх хлопцаў! Нажаль, на ранішні аўтобус спазніўся, і вось давядзецца прысці дамоў у прыцемках, калі вуліца бывае пустой.
Макар уяўляў, як здзівіцца маці, калі ён пастукае ў шыбу. Ён ужо чуў яе ўстрывожаны голас: «Хто там?» «Пусціце пераначаваць, калі ласка. 3 дарогі збіўся», — адкажа ён падробленым, чужым голасам.
Маці адчыніць акно, пляскане рукамі, прыцісне далоні да грудзей: «Макар, сыночак, паслухаўся ўсё ж... Не пакінуў мяне адну».
Яна выбежыць на двор, абхопіць яго за шыю, і яны пацалуюцца. Потым маці захоча адабраць чамадан, каб абавязкава самой занесці яго ў хату.
Цяпер ён чамадан ёй не аддасць. За тры гады паразумнеў. Не тое, што тады, як ішоў у армію. Тады ён выпіў і маці несла яго чамадан, а ён ішоў, абняўшы Ксеньку за плечы, і кляўся ёй у каханні. Пасля, калі пачалі развітвацца і маці хацела пацалаваць яго, дык ён адвярнуўся, чамусьці засаромеўшыся матчынага пацалунку. Праўда, ён развітаўся за руку і з Ксенькай, але з ёю ён нацалаваўся напярэдаідні. Цяпер яму добра вядомы смутак растання і радасць сустрэчы.
У думках добра маляваліся ўсё новыя і новыя дэталі сустрэчы. Маці спячэ яечню, паставіць на стол міску смятаны, нарэжа хлеба і, вядома, прынясе бутэльку гарэлкі. Ён будзе есці, а яна расказваць. Паскардзіцца на Даміру, перакажа вясковыя навіны.
«А што яна будзе казаць пра Еўку, — тое пісьмо надта засмуціла Макара. — Няўжо і яна хлусіла мне ў пісьмах». Мусіць, маці проста недалюблівае Плескачыху, таму і спаганяе злосць на Еве. Што, каб прайсці ля клуба. Можа, Ева будзе яшчэ там. «Макар, — здзівіцца яна, — чаму ты мне не напісаў? Я цябе сустрэла б». Можа і праўда, зрабіў глупства. Трэба было б напісаць. Ева сустрэла б. Яна такая. Баявая дзяўчына.
Макар яскрава ўявіў сустрэчу з Евай. Пакуль ён вітаецца са сваёй маці, Еіва стаіць воддаль, яе прыпухлыя вусны паўраскрыты, карыя вочы пабліскваюць хітравата і задзірліва: а са мной пацалуешся? Ён падыходзіць, абнімае яе і моцна цалуе ў тыя спакуслівыя пунцовыя вусны.
Макар зусім не заўважыў, што падышоў да вёскі. А яна была ўжо недалёка, за рэчкай, чарнела на пагорку сілуэтамі прысад і пабудоў. Перамяняючы чамадан на другую руку, Макар на імгненне спыніўся і тады выразна пачуў у начной цішы млявы голас гармоніка.
«Вечарынка!» — мільганула ў галаве думка. Ён паставіў чамадан, прыслухаўся. 3 вёскі, прыглушаны далечынёй, далятаў да яго аднастайны говар ладоў, ценькае піліканне скрыпкі, — шум вялікай вечарынкі.
«Проста на вечарынку трапіў», — падумаў ён. Уладна пацягнула туды, дзе сабраліся хлопцы і дзяўчаты. Макар пакрочыў яшчэ больш жвава.
На вуліцы трапляліся людзі. Праходзілі міма, не вельмі звяртаючы ўвагу на Макара. Ужо непадалёк ад клуба незнаёмыя хлопцы перагарадзілі яму дарогу, зацягнуліся папяроскамі, каб хоць пры цьмяным святле разгледзець, хто ідзе.
Читать дальше