Малец быў хударлявы, рослы хлапчына, не надта прыгожы, але прыемны з твару. Як былы франтавік, ён яшчэ не разлучаўся са сваёю суконнай гімнасцёркай. На грудзях у яго красавалася планка з ордэнам і трыма медалямі. Левае плячо ў Мальца было прыкметна ніжэй за правае — у вайну разрыўною куляй яму раздрабіла лапатку.
Малец стаў знаёміць Русіновіча з дзяўчатамі. І адна і другая, падаўшы яму руку, акрамя свайго імя, як завучанае, дадала: «Вельмі рада». Русіновіча здзівіла Мальцава аператыўнасць: калі ён паспеў знайсці гэтых дзяўчат? І як сышоўся з Рамашкам? Русіновіч ведаў, што ў іх пакоі на Нямізе Рамашка не паказваўся даўно. Да таго ж чалавек ён быў замкнуты, негаваркі, не любіў шумных зборышчаў, а выпадковых знаёмстваў — тым болей.
Русіновіч, ужо супакоіўшыся, ішоў побач з Мальцам, час ад часу зазіраючы на дзяўчыну, тую, што была крыху вышэйшая ростам і ішла пад руку з Мальцам.
Яна, калі добра прыгледзецца, была нават нішто сабе дзяўчынка: зграбная, з кірпатым носікам. На яе рухомых тонкіх вуснах час ад часу блукала стрыманая ўсмешка,— здавалася, дзяўчыне нешта перашкаджае, нешта ёсць у яе душы такое, што не дазваляе смяяцца шчыра, на ўвесь рот. І гэта якраз і вабіла ў ёй, хоць нічога крыклівага ў яе знешнасці не было, і ў такім тлуме яе проста не заўважыў бы.
Гаварылі, можна сказаць, на вечную для студэнтаў тэму: хто больш патрэбны на зямлі — філолагі, матэматыкі ці біёлагі, бо высветлілася, што дзяўчаты вучыліся на другім курсе біяфака, Малец і Русіновіч былі філолагі, адзін Рамашка — матэматык.
Дзяўчаты ў адзін голас даказвалі, што свет без філолагаў абыдзецца, без матэматыкаў таксама не згіне, а без біёлагаў адразу прападзе. Нават маўклівы матэматык Рамашка не стрымаўся, каб не сказаць колькі слоў у абарону дакладных навук, без якіх, як ён адзначыў, нельга ўявіць нічога існага на зямлі. Але ён дыпламатычна не закрануў біялогіі, паставіўшы побач з велічным гмахам біялагічных навук не менш прывабны матэматычны парфенон, даючы зразумець, што кожны цвярозы чалавек зможа сам адрозніць, дзе лепшае, а дзе горшае.
«Гімн філалогіі» праспяваў Малец, Русіновіч толькі сяды-тады ўстаўляў слова, поўнасцю даверыўшыся густу старэйшага таварыша.
Малец гаварыў, не перастаючы ўзмахваць праваю рукою:
— А я вам скажу, паважаныя дыспутанты, што філалогія — маці ўсіх навук, што чалавек тады стаў філолагам, калі ўпершыню сказаў «а», так што наша навука самая старажытная. Без яе нельга развіваць ні матэматыкі, ні вашага прыродазнаўства, бо першаэлементам усякай навукі з’яўляецца мова. Без мовы ўвогуле нельга жыць. Ці вы думаеце, што можна? Давайце зробім так: не дамо вось гэтым людзям гадзіну гаварыць,— і вы ўбачыце, што атрымаецца.
— Табе не дай гаварыць пяць хвілін — і ў цябе падскочыць ціск да пяці атмасфер,— уставіў Рамашка.
— Не пярэчу, але хачу яшчэ сказаць... Вось... Пяхота! Не хачу вас крыўдзіць... Хоць наша навука і альма матэр усіх навук, у тым ліку і вашых, павінен прызнаць, што вашы навукі маюць поўнае права жыць на гэтай грэшнай зямлі, бо людзей многа, і ўсе яны не могуць у сілу абставін ці па сваіх задатках займацца адною філалогіяй. Таму тыя, каму гэта, як кажуць медыкі, супрацьпаказана, ідуць у матэматыку, біялогію ці якую іншую навуку, і мы ўжо не ведаем, якую карысць яны там прыносяць, але што яны не ў філалогіі, ад гэтага карысць самая вялікая...
Малец змоўк і зрабіў страшную міну — нібы чакаў сама мала добрага кухталя за такія словы. Усе зарагаталі. Малец пакруціў галавою, абвёў усіх вачыма і зарагатаў сам мацней за ўсіх.
Не смяялася толькі дзяўчына, што ішла паміж Мальцам і Русіновічам. Яна раптам вырвалася з шарэнгі, стала тварам да хлопцаў і звонка сказала:
— Стойце!
Хлопцы спыніліся. На хвіліну ўтварыўся затор.
— Галка, не станавіся на дарозе! — Дзяўчынка ў карычневай сукенцы падбегла да Галкі і абняла яе за шыю.— Нас тут растопчуць.
— Хай топчуць! —сярдзіта адказала Галка.— Але я не сыду з месца, пакуль гэты студыёзус не папросіць у нас прабачэння за абразу.
Відаць, усе падумалі, што гэта не надта ўдалы жарт, а Русіновіч нават здзівіўся — якая прынцыповая!
Малец не ведаў, што рабіць: каяцца ў грахах — усур’ёз прасіць прабачэння ці адбрыквацца жартам?
— Хай гэта зробіць за мяне мой малодшы брат Русіновіч,— праспяваў на манер малітвы Малец і зрабіў жэст у бок Русіновіча.
— Так несумленна,— умяшаўся Рамашка.— Не звальвай з хворай галавы на здаровую, адказвай сам за сябе.
Читать дальше