— Ну, добра. А на што?
— На два літры рускагоркай. Заўтра разап’ем у складчыну, а пасля ты яшчэ паставіш. Хо, такая тут справа! Ды я каго хочаш абкручу. Я столькі дзевак перабраў, што табе, Цупрон, і не снілася. Аднойчы з гэтай, з Матрунай,— і Міцька зашаптаў сябру на вуха.— А Рагіна — думаеш, яна святая? Як жа, трымай! Гэта яна толькі так, а па праўдзе, дык і не так. Ну, давай руку!
Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Міцька зноў заспяшаўся да Ганны, бо зайгралі вальс.
— Табе ісці далёка, дык я правяду,— сказаў Ганне Міцька.— Там на мосціку ля ручая пасядзім удваіх, пагаворым. Цяпер там прыгожа,— загаварыў Міцька, успомніўшы, што з-за гэтае ж прычыны ён усё ўгаворваў пайсці туды Рагіну, ды тая наадрэз адмовілася.— Ужо вольхі во-во пачнуць асыпацца, а пад мосцікам ручай увесь час булькоча. Сёння ноч цёплая,— і ён міжвольна яшчэ мацней прыхінуў Ганну да сябе.
— Мама будзе непакоіцца,— сказала Ганна і дадала: — Добра, удваіх пойдзем.
— Пасля гэтага танца,— шапнуў Міцька,— Выйдзем як бы праветрыцца дый пойдзем. А чаго тут, у клубе?
— Ага,— сказала Ганна і кіўнула галавою.
Вальс нешта хутка скончыўся, Ганна змахнула хусцінкаю з твару пот, зусім так, як гэта рабіла нядаўна Рагіна, Міцька падхапіў яе пад руку, запыхкаў, як вожык, і ўсім было відно, як яны падаліся на двор. Толькі адышлі ад клуба, толькі выйшлі з паласы клубнага святла, як Міцька абхапіў рукою Ганну за стан, прыціснуў да сябе, і яны пайшлі.

— Глядзі, якія зоры!.. — сказаў Міцька.
Зоры і сапраўды былі яркія, прыгожыя. Ад небасхілу і да небасхілу пераміргваліся яны і нават як бы варушыліся. Захад даўно патух, на тым месцы было цяпер неба, як празрыстае цёмна-сіняе шкло.
— Гэта праўда, што ты зволіўся з кацера? — раптам запыталася Ганна.
— Зволіўся, — сказаў Міцька і, паклаўшы левую руку ёй на грудзі, пачаў хінуць яе галаву да сябе.
Так прайшлі яны крокаў з дваццаць.
— Цяпер у калгасе будзеш працаваць?
— Не, чаго там, — адказаў Міцька. — Хай маці працуе — у яе пляц. А я падамся ў горад грошы зарабляць.
— Нядобра, — па-гаспадарску сказала Ганна. — У нас жа новы старшыня, трыццацітысячнік. Цяпер будзе ў нас па тры кілаграмы хлеба на працадзень і па дзесяць рублёў грашыма. Сама працаваць. Я ўжо дзвесце працадзён зарабіла — болей, як хто. Я дарма што з выгляду...
— Хо! — даверліва сказаў Міцька і зноў пачаў хінуць яе галаву да сябе.
Рагіна даўно адпіхнула б яго і даўно ўцякла б, а Ганна саромелася, але ўвачавідкі радавалася гэтаму. Яе ў гэты час нават браў гонар за самую сябе. Тады Міцька спыніўся і пацалаваў яе ў губы. Ганна паціху войкнула, а потым паціху задаволена засмяялася. Так доўга ішлі яны пад жнівеньскімі зорамі, аж пакуль не дыхнула на іх сырасцю, пахам гнілога лісця, альховымі карчамі і вадой. Вольхі і сапраўды пачалі ўжо асыпацца, і гэта нават у цемені адчувалася. Міцька яшчэ раз памкнуўся быў пацалаваць Ганну, але яна сказала:
— Хопіць, Міця. Хопіць!
Яму стала смешна, але ён стрымаў сябе.
Селі на нізкія парэнчы мосціка. Над мосцікам булькатала вада. У вадзе купаліся неба і зоры. Міцька прыхінуў Ганну, накрыў нават яе крысом свайго пінжака, і абаім стала ўтульна і добра. Міцька паклаў ёй руку на калені і ведаў, што яна нічога не скажа, і яна сапраўды нічога не сказала. Тады ён яшчэ шчыльней прытуліў яе да сябе і ўзяў яе рукі. Блізка нікога не было, адно плескатаў ручай. Міцьку ніякавата стала ля гэтай даверлівай Ганны, але ён успомніў Цупрона, абяцаных два літры гарэлкі. I вось у гэты самы час нават у цемені ён убачыў, як Ганніны вочы ўспыхнулі раптоўным страхам. Яна раптам падхапілася, з усяе сілы штурхнула яго ў грудзі і, не аглядаючыся, кінулася бегчы ў бок свайго двара.
Дзяўчаты і Цупрон, што вярталіся з пагулянкі і падыходзілі да лога, міжвольна жахнуліся, калі паўз іх праімчалася Ганна.
— Глядзіце, Пабіраха як смалянула. 3-за чаго б гэта? — сказаў Цупрон.
Але ў гэты час пярэднія дзяўчаты спалохана закрычалі і падаліся назад.
— Ой, дзевачкі, што гэта? — крыкнула адна з іх.
У ручаі, пад мастком, і сапраўды нешта варушылася і плёхалася ў гразі жывое. Вось яно выбралася на бераг і пайшло амаль на чацвярэньках, пыхкаючы, равучы.
— Мядзведзь! — як не з плачам крыкнула Рагіна.
— Мядзведзь! — адразу падхапіла некалькі галасоў, бо ўсе ўспомнілі, што блізка запаведнік, дзе мядзведзяў водзіцца нямала.
Читать дальше