— Айцец Сцяпан, вы даяце такое слова?
— Я не ўраднік, да вашага ведама... Вы, Сташэвіч, залішне смелы, от што я вам скажу.
— Так, айцец Сцяпан, я не баязлівец, вы гэта даўно ведаеце. Хадзем, Ладымер. Ты чуў, што сказаў айцец Сцяпан?
— Чуў, не глухі яшчэ. Бацюшка абяцаў. Два разы абяцаў, я гэта чуў.
Калі яны выйшлі ад папа, на дварэ пасвяжэла. Вецер павярнуўся з паўночнага боку. На небе рассейваліся хмары. Абрыўкі іх яшчэ плавалі ў вышыні, але адтуль пазіралі на зямлю халодныя зоркі. Капеж са стрэх кончыўся, зрэдку толькі падалі з ледзячкоў апошнія кроплі і замярзалі на зямлі. Пад нагамі скрыпела.
Андрэй думаў пра папа. Сукін сын, адабраў у іх усю надзею. Куды цяпер пойдзеш! Сапраўды, хіба яны дастануць у доктара такі дакумент? Ці можна без знаёмства наогул дастаць яго? Эх, няма Марціна Крываблоцкага. Той бы нешта зрабіў... Доктарам у Старочыне быў нейкі Кнопф, не то паляк, не то немец. Гэта быў суровы чалавек, які вельмі мала гаварыў, але вельмі добра лячыў. Ён быў хірург, і не раз яго выклікалі ў Слуцак, калі там трэба было зрабіць сур’ёзную аперацыю. Акрамя таго, пра яго гаварылі, што ён не робіць розніцы між багатымі хворымі і беднымі. Для яго ўсе хворыя аднолькавыя. Андрэй ведаў гэтага доктара, як ведала яго не адна Старочынская воласць, але знаёмства з ім не меў ніякага. А што, каб звярнуцца да яго?! Можа што і выйшла б.
Раптам у Андрэеву галаву прыйшла думка: чаму гэта Сулкоўскі некалькі разоў памянуў урадніка? І памянуў не толькі без прыязні, але нават з нянавісцю. Што ж гэта такое? Проста не мірацца або ёсць нешта большае, глыбейшае?
— Ведаеш што, Ладымер,— сказаў ён.— Хадзем да Беразоўскага.
— Да ўрадніка?
— Але.
— Ачмурэў ты, Андрэй!
— Не... Ёсць у мяне думка, адна. І калі мы пачалі ўжо, то не будзем спыняцца на паўдарозе. Удасца ці не ўдасца, а паспрабаваць трэба. На папу свет клінам не сышоўся.
— А добра ты кажаш! — ажывіўся Ладымер.— Калі пойдзеш ты, то і я з табою. Можа, скажам, і ўраднік тое самае скажа, што і поп... А ў халернага папа і закурыць не прыйшлося...
Час быў не ранні. Андрэй не вельмі спадзяваўся, што ўраднік не спіць. Напэўна, ужо ў ложку з маладой жонкай.
На кухні іх сустрэў Арлоўскі і ўзрадаваўся. Адразу два чалавекі. Чаго яны прыйшлі так позна? Вядома, купіць гарэлкі. Менш за дзве бутэлькі не купяць. Справа ў тым, што як толькі Арлоўскі прыняў урадніка ў прымы, чыжэвіцкія мужыкі, ды і наогул усе, пачалі радзей заходзіць да сядзельца і купляць гарэлку. Гэта вельмі не падабалася Арлоўскаму. А тут прыйшлі два.
Андрэй адразу заўважыў, што рыжай Мар’яны ўжо няма. Замест яе ў мыцельніку кешкалася пажылая жанчына. Мабыць, у хаце нядаўна павячэралі, і яна мыла посуд.
— Чаму ж так позна, панове? — запытаў Арлоўскі.— Але вы не часта да мяне заходзіце.
— Мы па справе, пане Арлоўскі,— прамовіў Андрэй.— Нам трэба пабачыць пана ўрадніка.
У сядзельца выцягнуўся твар.
— Пана ўрадніка? — запытаў ён і памыляў тонкімі губамі.— Не ведаю, панове, ці прыме вас пан ураднік. Ён жа не на службе, а дома.
— А мы не па службовай справе, пане Арлоўскі,— растлумачыў Андрэй.— У нас прыватная справа.
— Але, пане сядзелец,— падтрымаў Ладымер.— У нас не зладзейства і, скажам, не рабаўніцтва.
— Вы яму скажыце, пане Арлоўскі.
Сядзелец нехаця выйшаў.
Ладымер нарэшце выняў тытунь і люльку.
— А я ўсё роўна закуру,— сказаў ён.— Горш не будзе... Бо калі мы ў папа нічога не выхадзілі...
Тым часам Арлоўскі сказаў свайму зяцю, які сядзеў за сталом з маладой жонкай і гуляў з ёю ў карты, што да яго прыйшлі з Малінаўкі Андрэй Сташэвіч і Ладымер Некрашэвіч. Гэта трохі здзівіла ўрадніка і вельмі зацікавіла. Ён павярнуўся да жонкі і, лагодна ўсміхаючыся, сказаў:
— Андрэй Сташэвіч — гэта твой былы кавалер, Адэля? Прыняць яго ці не прыняць?
Адэля састроіла нездаволеную грымасу, каб паказаць, што ёй не падабаецца гэты напамінак.
— Ён жа не да мяне прыйшоў, гэты мой былы кавалер.
— Не сярдуй, дарагая, я пажартаваў. Я прыму іх абодвух. Скажыце, хай зойдуць. А ты, дарагая...
Адэля нездаволена зірнула на мужа, устала з-за стала, крутнулася і выйшла ў суседні пакой.
— Вельмі ж у іх ногі брудныя,— буркнуў Арлоўскі.— Можа б у кухні прыняць...
— Яны шляхта. У кухні іх прымаць нельга.
Беразоўскі, не ў прыклад папу, прыняў малінаўцаў ветліва, ледзь не па-сяброўску, адразу запрасіў сесці. Ён уважліва слухаў, што расказваў Андрэй, і не менш уважліва вывучаў яго твар. «Не, ён не злодзей,— думаў ён, успамінаючы Халустаў данос.— А дазвол на вобыск у яго і ў Ашакевіча ўжо атрыманы... Складаная справа, чорт вазьмі».
Читать дальше