Гляджу, а ён да той прыгажуні кінуўся, якой зайздросцілі мы, прывітаўся і пацалаваў руку. У мяне аж у вачах пацямнела. Ён мяне кліча да сябе, а я павярнулася і - дадому. Божа мой, як я тады перажывала, гледзячы ў люстэрка і параўноўваючы сябе з ёю. Я ледзь не праклінала сваіх бацькоў, чаму не нарадзілі мяне такой, як яна, прыгожай. Тады ж вырашыла, што з Хведарам жыць не буду. Няхай ідзе да гэтай каралевы прыгажосці. Як толькі ён вярнуўся дамоў, я яго гнала прэч ад сябе і плакала. Ён мяне ўсю ноч пераконваў, што гэта была ваша дзяўчына і што вы лепшы за яго. Я не верыла, і толькі калі ён назаўтра схадзіў да былых вашых гаспадароў, дзе вы жылі на кватэры, і прынёс адтуль фотакартку, на якой вы зняты з ёю разам, я крыху астыла, але ўсё роўна хацела вам пісаць пісьмо на рэдакцыю. Адгаварыла мяне адна знаёмая настаўніца, якая працуе разам з Галубкай-Надзяй. Яна паведаміла, што сапраўды Надзя некалі кахала сябра Хведара, а выйшла замуж за інжынера і ўжо даўно разышлася з ім. Пасля таго мы яе заўсёды бачылі адну. Такія паводзіны адзінокай жанчыны здзіўлялі нас і ўзвышалі яе ў нашых вачах.
Рыпнулі дзверы, і ў пакой увайшоў Хведар. Убачыўшы Рамана, кінуўся да яго, і сябры на хвіліну застылі ў абдымках.
- Марына, дык чаму ты не запрасіла госця распрануцца?
- Няхай прабачыць, у нас адразу завязалася такая цікавая размова, што я нават забылася.
- Канечне, пра Галубку. Ну, спадзяюся, цяпер ты канчаткова пераканалася, што не мне было важдацца з ёю?
- Што гэта ты пра мяне так... Знайшоў нейкага выключнага прыгажуна, - усміхнуўся Раман.
- Я заўсёды радаваўся, што такая зорка, як Галубка, кахала майго сябра. І цікава, як толькі мы з ёю сустракаліся дзе, з яе твару адразу ж знікала строгасць і яна кідалася да мяне. І хаця з сарамлівай асцярожнасцю, але заўсёды пыталася ў мяне, ці не чуў я, як жыве Раман. Аднойчы, прачытаўшы ў газеце твой верш, Надзя расчулілася і кажа мне: «Няўжо Раман шчаслівы? Такія людзі, як ён, звычайна не могуць быць шчаслівымі. Цяпер, калі я зразумела больш жыццё, зразумела глыбей і Рамана. Ён з чулай і тонкай душою, бескарыслівы і добры чалавек. Але, як кажуць педагогі, у яго вельмі рухавы характар. Яго гонар можна адным цёплым словам зняць і пакінуць каля сябе добрага чалавека. Але варта яго папракнуць чым-небудзь, як ён робіцца яшчэ больш ганарысты, недасягальны. Ой, як я яго ведаю».
- Здаецца, не так многа часу мінула, а якія мы ўсе сталі філосафы, - працягваў Раман. - Тады мы летуценнічалі, малявалі нейкія прыгожыя ўзоры жыцця. Але варта было ўступіць у сапраўднае жыццё, і ўсе гэтыя ўзоры расплыліся, расталі. А цяпер круціся, глядзі, які намаляваны ўзор узяць, каб захаваць яго навечна, каб ён не паплыў, не знік. Я памятаю моманты з тагачаснага жыцця, калі перад сабой бачыў толькі туман. Гэта было ў сорак чацвертым. Мы з табой атрымалі ўзнагароды і ішлі з партызанскага штаба злучэння. У нашых рэчавых мяшках былі нейкія амерыканскія рызманы, што атрымаў Беларускі штаб па ЮНРУ, па дзве бляшанкі тушонкі. Мы закончылі вайну, але на чым спыніцца, не ведалі. Ты быў надзвычай узнёслы і радасны. І я тады сказаў табе: «Можа, яшчэ пашкадуем, што міма нас праляцелі варожыя кулі». І сапраўды, у далейшым мне праз Надзю давялося пацвердзіць тую, тады так безгрунтоўна выказаную думку. Я ж так любіў яе, а што выйшла...
- Прызнацца, мне іншы раз было цяжка, але я пра смерць не думаў. Першы раз ажаніўся, ты ведаеш, не па любві, але жыў, і мне было някепска, - сказаў Хведар.
- Я не зайздросціў тваёй жаніцьбе і нават здзіўляўся. Хаця ты з усіх навучэнцаў рачнога тэхнікума вылучаўся. Насіў скураное паліто і быў падобны на бывалага капітана. Я думаў, што Маша не ведае пра тваю першую жонку, і асцерагаўся прагаварыцца. А дзе яна, твая першая жонка?
- Яна аказалася несумленным чалавекам. Працавала ж бухгалтарам у тэхнікуме. Я хадзіў у плаванне, яна недагледзела дзіця, і яно памерла, сама запіла, пачала гуляць. І, больш таго, залезла ў дзяржаўную касу, судзілі. Адсядзела і сюды не вярнулася.
- Гм, дык гэта тое, што атрымалася з твайго ружовага малюнка ў жыцці?
- Я думаю, што ўсе, хто ваяваў, сваё будучае сямейнае жыццё ўяўлялі ў ружовым святле. Вайна не кідала на распусту людзей, а крышталізавала, чысціла і вучыла ставіцца сур'ёзна да дзяўчыны. Я маю на ўвазе сапраўдных воінаў...
- Загаварыліся, а чалавек з дарогі, можа, паесці хоча, - заўважыла Маша.
- Ты ў мяне разумніца, правільна, правільна. Зараз збегаю ў краму.
- І я прайду з табой, - сказаў Раман.
- Ты лепш пасядзі.
Читать дальше