Капітан усё ж нешта натрос з кішэняў і скруціў тоненькую скупую цыгарку. Астатнія моўчкі і, як здалося лейтэнанту, з затоеным сумам назіралі за сваім камандзірам.
— Як запальнічка, уцалела? — запытаў капітан, запіхваючы ў сінія галіфэ вывернутыя кішэні.
— Якая запальнічка? — здзівіўся Іваноўскі.
І раптам усё прыпомніў.
Сапраўды, месяц назад пад Касачовам, дзе яны стаялі тады ў абароне, неяк перад світаннем начальнік разведкі палка прывёў на батарэйны НП незнаёмага камандзіра ў фуражцы і з ордэнам Чырвонага Сцяга на габардзінавай гімнасцёрцы. Як трошкі развіднела, яны пачалі нешта разглядваць у стэрэатрубку на нямецкім баку, нешта адзначалі на карце. Пасля разам паснедалі. Капітан яшчэ пачаставаў Іваноўскага «Казбекам» і, прыкурваючы, звярнуў увагу на яго трафейную запальнічку ў форме будыйскага манаха. Запальнічка сапраўды была даволі забаўная: націснеш на спружынку — і ў манаха адскоквала палавінка чэрапа, з якога ўспыхваў далікатны агеньчык полымя.
Запальнічка была пры ім, Іваноўскі дастаў маленькую чорную фігурку манаха, вялікім пальцам ціскануў на спружынку. Але ў гэты раз агеньчык не паявіўся, мабыць, не было бензіну.
— Цікава, цікава, — сказаў капітан. — Шкада, курыва кот наплакаў.
— У нас таксама ні каліва, — сказаў Іваноўскі.
Іх твары ўраз пасур'ёзнелі, капітан нацягнуў на плечы сваю прадраную ў некалькіх месцах куртку. Адчуваннямі завалодала невясёлая франтавая будзённасць.
— Даўно бедствуеце? — запытаўся капітан.
— З семнаццатага. Як разбілі пад Касачовам.
— Што ж, пойдзем разам. Вось тут, на маёй карце, азначаны стык, сюды і паспрабуем сунуцца.
Яны прабіраліся яшчэ чацвёра сутак, але ніякага стыку ў нямецкай лініі фронту не знайшлі, як, зрэшты, не знайшлі і самога фронту. Стаяла глыбокая восень, лісце з дрэў усё абсыпалася, пасля сцюдзёных зацяжных дажджоў наступіла ранняя золкая сцюжа. Дарогі былі забіты абозамі, аўтамабілямі, фурманкамі перадавых і тылавых нямецкіх часцей. Байцы падбіліся ад шматдзённай хадзьбы па бездаражы, схуднелі ад голаду. Некаторых пачалі дапякаць прастуда, кашаль. Лейтэнанта мучыла скуллё па ўсім целе. А пасля ў групе з'явіўся паранены ў нагу разведчык, які не мог ісці, і яны па чарзе неслі яго на звязаных з жэрдак і палаткі насілках. Па гэтай прычыне яны не маглі ісці хутка, але камандзір не хацеў пакідаць разведчыка. Гэта быў выдатны разведчык, светлавокі і светлавалосы атлет па прозвішчы Фіх, які лёгка размаўляў па-нямецку. Паранілі яго выпадкова, калі яны ўдзень заскочылі ў вёску, каб распытацца пра дарогу і разжыцца чаго-небудзь з ежы, і ўжо ў самым пачатку вуліцы наткнуліся на немцаў. Першага немца, які выйшаў з падворка, капітан зваліў ударам нажа ў шыю. Гэта аказаўся афіцэр з сумкай, і Волах па старой звычцы разведчыка перш-наперш схапіўся за яго палявую сумку. Але следам за афіцэрам ішлі яшчэ двое, адзін з іх стрэліў з пісталета і трапіў Фіху ў сцягно. Добра, што Балаенка тут жа крамсануў чаргой, немец упаў, і яны ўсе кінуліся на гарод, падхапіўшы параненага, які пасля гэтага стрэлу не ступіў болей ніводнага па зямлі кроку. Напэўна, нямецкая куля пашкодзіла які-небудзь цэнтральны нерв, нага павісла, бы нежывая. Да таго ж неўзабаве паднялася тэмпература, мабыць, пачалося заражэнне. Бясконцыя пераходы прычынялі нясцерпныя мукі параненаму, павязка ўвесь час спаўзала, рана крывяніла. Фіх, сцяўшы зубы, трываў, усё болей хмурыўся і не хацеў размаўляць.
Аднойчы яны спыніліся адпачыць на нейкім зарослым маладым дубнячком прыгорку. Лісцяны лес ужо стаяў увесь голы і непрытульны, толькі пакручастыя дубкі шалясцелі на ветры сваёй надта пажухлай, але яшчэ па-летняму густою лістотай. Тут было трохі зацішней: дубняк надзейна хаваў іх ад чужых вачэй. Як толькі спыніліся, разведчыкі пападалі на зямлю. З маўклівай адчужанасцю на схуднелым твары ляжаў на насілках Фіх. Есці не было чаго, курыць таксама. Два разведчыкі пайшлі шукаць якое жыллё, каб разжыцца на ежу і пакарміць параненага.
— Слухай, Фіх, — раптам сказаў капітан. — Ты не бойся. Мы цябе не пакінем. Мы цябе вынесем, і ўсё будзе добра. Галоўнае — не падай духам.
— Аддайце мой пісталет, — слабым голасам прамовіў Фіх.
Два дні запар ён патрабаваў свой пісталет, які, западозрыўшы кепскае, выняў у яго з кабуры Волах. Цяпер кожная размова з ім пачыналася і канчалася патрабаваннем Фіха вярнуць пісталет.
— Ну во, ты зноў за сваё! Аддам я твой пісталет. Але спярша трэба цябе данесці да сваіх.
Читать дальше