Але Дзюбін усё не даганяў, а хвойнік нечакана скончыўся, яны нарэшце дасяглі заходняга краю лесу. Далей сасновы ўзлесак паварочваў на поўдзень і, закругляючыся, адступаў кудысь на паўднёвы ўсход. Гэтага толькі чакаў Іваноўскі. Ён нават уздыхнуў з палёгкай і, спыніўшыся, увагнаў палкі ў снег: трэба было зарыентавацца з картай.
— У каго там… Півавараў, у вас палатка?
— У мяне, таварыш лейтэнант.
— Дай сюды.
Не саступаючы з лыж, Іваноўскі прысеў на снезе. Півавараў старанна накрыў яго плашч-палаткай — пасля мільготнае белізны снегу зрабілася надзвычай цёмна і ціха. Слабай плямкай святла з ліхтарыка лейтэнант павёў па скамечаным аркушы карты, і адразу яму стала ўсё зразумела.
Рака тут рабіла вялікі паварот направа, таму ён згубіў яе ў цемры і наткнуўся на лес. Але наўрад ці была такая патрэба агінаць усе яе павароткі, напэўна, разумней было ўзяць адразу на поўдзень і тым зрэзаць немалы крук. Праўда, без ракі будзе трудней арыентавацца ўначы, тым болей што карта мела свае недакладнасці. Хвойны лес, які яны абышлі, зусім не быў азначаны на ёй, тапографы нанеслі тут толькі некалькі дробных кружочкаў, якія азначалі кустоўе. Калісьці, можа, гэта і было кустоўе, а цяпер вунь разросся лес — на добрыя два кіламетры ўдоўжкі, - які ледзьве не ўвёў яго ў зман.
Зразумеўшы, дзе знаходзяцца, лейтэнант скінуў з сябе палатку.
— Старшыны няма?
— Няма яшчэ. Можа, пачакаем? — спытаўся Лукашоў.
З апошняй надзеяй Іваноўскі ўгледзеўся ў ноч, прыслухаўся, але ззаду нікога не было чуваць. Доўгая адсутнасць старшыны пачала не на жарт трывожыць, з'явіліся розныя благія меркаванні, але ён гнаў іх, бо хацеў верыць, што Дзюбін дагоніць. Цяпер жа трэба было ісці далей, і патрэбны быў замыкаючы. Старшым у групе па званні пасля камандзіра быў сяржант Лукашоў, і лейтэнант сказаў:
— Лукашоў, пойдзеш замыкаючым. І каб ніякіх адставак. Паняў?
— Панятна, — цвёрда адказаў сяржант і саступіў з лыжні, каб прапусціць наперад астатніх.
— Тады марш! Яшчэ пару рыўкоў — і сініца ў шапцы.
Тады таксама сініца ледзьве не апынулася ў шапцы.
Яшчэ не сцямнела, як на мокрую зямлю пачаў падаць мокры сняжок. Было ціха. Спярша ён ішоў рэдзенькі, пухнаты — прыгожыя сняжынкі раздумна кружыліся ў паветры, плаўна асядаючы долу. Пасля снег пагусцеў і на змярканні паваліў так густа, што за пяць крокаў нічога не было відаць. Разведчыкі цярпліва сядзелі ў кустоўі і чакалі. За некалькі гадзін усе дужа азяблі. Параненага Фіха накрылі мокрай палаткай, і ён ціха пад ёй стагнаў. Калі крышку сцямнела, Волах і сяржант Балаенка пайшлі паназіраць за складам: з кустоў ужо нямнога было відаць.
Праз якую чвэрць гадзіны ўзрушаны Балаенка вярнуўся і перадаў загад капітана: Фіха з Рукавіцыным пакінуць на месцы, а астатнім бегчы на ўзлесак. Яны ўскочылі і хутка прыбеглі да свайго камандзіра. Да склада адсюль было зусім блізка, але снегапад і вечаровае сутонне не давалі нічога згледзець. Ажыўлены капітан рашуча аб'явіў, што дзейнічаць пачнуць зараз жа, не чакаючы ночы, бо пільнасць нямецкіх вартавых яшчэ аслаблена няўлёглай мітуснёй разгрузкі. Ніхто не запярэчыў капітану, разведчыкі заўжды слухаліся першага яго слова і ўсё выконвалі моўчкі і дакладна. Іваноўскаму ж у гэтай дыверсіі ўсё было новае і незвычайнае, ва ўсім ён спадзяваўся на Волаха і стараўся як мага дакладней выконваць яго загады.
— Якраз дарэчы сняжок, — сказаў лейтэнант, апускаючыся ля камандзіра.
Той павярнуў незадаволены, заклапочаны твар.
— Не дужа дарэчы. Нас не відно, але і мы ні д'ябла не бачым. А база вялікая.
Цяжка было ўгадаць, як лепш, аднак снег не пераставаў, і капітан рашыў пачынаць. Чацвярых з трафейным МГ пад камандай Іваноўскага ён пакінуў на ўзлеску з задачай прыкрыць на выпадак адходу, а сам з двума разведчыкамі, забраўшы ўсе гранаты, накіраваўся да базы. Не было ніякага развітання, проста Іваноўскі правёў іх даўгаватым позіркам, счакаўшы, пакуль усе трое адзін за адным не зніклі ў густых, белых ад снегу прыцемках. Ціхенька зарадзіўшы кулямёт, лейтэнант пачаў чакаць на ўзлеску.
Нейкі час наперадзе было цёмна і ціха, марудна цягнуліся хвіліны самотнага, напружанага чакання. У думках Іваноўскі ішоў за капітанам, уяўляючы сабе, як той пераадолеў адкрыты ўчастак поля, набліжаўся да ўзлеску. Пасля ён павінен, напэўна, спыніцца, каб агледзецца. Але што гэта?..
З ветранай снегавой цемры раптам даляцеў нейкі дзіўны спалоханы крык, за ім следам наступны, і перш чым Іваноўскі паспеў што падумаць, бахнуў блізкі вінтовачны стрэл. Тут жа над вяршынямі сосен пырхнула ракета, яна не шмат асвяціла на белым, затканым завеяй прасцягу, але Іваноўскі сцяміў: задума капітана сарвалася.
Читать дальше