— Аддайце мой пісталет! Нашто ўзялі? Для апраўдання сумлення? Плюнь, капітан…
Угаварыць яго было немагчыма, капітан, відаць, разумеў гэта і асабліва не ўгаворваў. Іхняе становішча не пакідала зашмат ілюзіі, ды яны і не мелі патрэбы ў ілюзіях. Безнадзейнасць Фіхавага стану была відавочнай як для самога Фіха, так і для ўсіх васьмярых у групе, у тым ліку і старога дружка Фіха сяржанта Рукавіцына, які ўсю дарогу даглядаў параненага, як толькі было магчыма. Бяда, аднак, заключалася ў тым, што магчымасці гэтыя былі надта малыя, а Фіх хутка згасаў, і Рукавіцын нічым не мог яму памагчы. З прыгнечаным выглядам ён сядзеў над таварышам і бруднай насоўкай выціраў яго бледны спатнелы лоб.
— Да-а, дзяла! — сказаў капітан. — Што ж нам з табой рабіць?
Пытанне было чыста рытарычнае, ніхто не мог і не спрабаваў на яго адказаць. Зрэшты, капітан і не чакаў адказу — проста ён разважаў услых. Аднак на гэты раз разважаць яму давялося нядоўга — вярнуліся два разведчыкі і паведамілі, што вёсак паблізу няма, а недалёкая адсюль леснічоўка стаіць пустая — нічым, што было б можна з'есці, пажывіцца там не ўдалося. Але, ідучы назад, разведчыкі ўбачылі, як па дарозе ў суседні лясок адна за адной ішлі гружаныя нямецкія машыны, якія хутка там разгружаліся і ўлегцы вярталіся ранейшай дарогай. Відаць па ўсім, у лясок перабазіруецца які-небудзь вялікі нямецкі склад.
Вядома, яны разумелі, што склады могуць быць розныя: з фуражом, боепрыпасамі, палівам, рэчавай, інжынернай або нават хімічнай маёмасцямі. Але могуць быць таксама і з прадуктамі. Напэўна, верагоднасць апошняга меркавання здалася згаладнелым байцам найбольшай, і капітан жвава ўскочыў на ногі.
— Ану, дзе? Далёка?
— Ды кіламетры за два адсюль.
Яны хутка зняліся з месца, мінулі дубнячок, пасля абышлі па краі равок, перайшлі макраватую лугавінку, зноў улезлі ў калючае густое кустоўе, на выхадзе з якога па камандзе Волаха ўсе разам сталі. Праз сучча алешніку было відаць, як па калдобістай разбітай дарозе ў рэдкі сасновы лясок паўзлі сямітонныя «б'юсінгі», недзе там яны разгружаліся і хутка кацілі ўніз, мабыць, за новай партыяй грузу.
Капітан адразу ж сеў, дзе стаяў, дастаў з-за пазухі бінокль. Разведчыкі апусцілі насілкі з Фіхам.
— Ух ты, што там наварочана! Во гэта да! — здзівіўся капітан. — Дротам абносяць, так, так. А падыходы ўвогуле неблагія. Ось бы, калі сцямнее… На, зірні, - сказаў ён, перадаючы бінокль Іваноўскаму.
Лейтэнант адшукаў у голым суччы прагаліну, накіраваў у бок лесу бінокль. Выразна стала відаць, як там разгружаліся машыны. Працавалі, здаецца, палонныя, на невялікай адлегласці ад іх тырчэлі цёмныя постаці ў даўгіх шынялях, з вінтоўкамі ў руках. Пад высокімі хвоямі на ўзгорку выцягнуліся даўгія грувасткія рады зялёных і жоўтых скрынак. Некалькі раней уладкаваных штабялёў былі ўжо накрыты і абвязаны брызентам.
— Цікава, што? — разважаў капітан. — Але ўсё роўна. Зробім феерверк на ўсю Смаленшчыну. Рукавіцын, супрацьтанкавая граната ў цябе цэлая? Дабро! А тол ты яшчэ не выкінуў, Паграбняк? Ракеты трэба падрыхтаваць таксама. Спатрэбяцца.
Ён тут жа, у алешніку, абвясціў свой імправізаваны план нападу на склад, размеркаваў абавязкі паміж васьмёркай змораных, галодных людзей. З параненым пакінуў спярша двух байцоў, а пасля аднаго Рукавіцына. Сваім намеснікам назначыў яго, Іваноўскага. Рашылі пачынаць, як толькі крыху сцямнее.
— Вясёленькая будзе ноч! — радаваўся капітан, тручы азяблыя рукі. — Закурыць бы цяпер, ды нечага…
Напэўна, лепш будзе ўзарваць. Пад дротам працягнуць зарад са шнурам, падкласці пад штабель. Вартавога заманіць у другі бок — як гэта зрабіць, Іваноўскі ведаў, некалі вучыў капітан Волах. Ёсць некалькі спосабаў. Вядома, лепш бы зусім зняць вартавога, але калі аб'ект вялікі, вартавых будзе некалькі, усіх не знімеш.
Так разважаючы, Іваноўскі няхутка спускаўся на лыжах з непрыкметнага ўначы пагорачка. У снегавой цемры наогул не разгледзець было, дзе пагорак, а дзе лагчынка, ён толькі адчуваў гэта па вазе лыж на нагах, якія то цяжэлі, і тады з'яўлялася патрэба памагчы сабе палкамі, то беглі па снезе ахвотней. Іваноўскі ўвесь час кіраваўся на поўдзень, час ад часу правяраючы кірунак па компасе. Справа ў туманнай імгле, то набліжаючыся да лыжні, то аддаляючыся ад яе, выгіналася ўсё тая ж рачулка, якую ён пазнаваў здаля па няроўным шнурку кустоўя на яе берагах. Злева да яе спускаліся схілы невысокіх пагоркаў, якія даводзілася перасякаць лыжнікам.
Читать дальше