З іржавым скрогатам расчыніліся грузкія жалезныя вароты, як пасць астрога. Цёмным калідорам падзямелля, дзе смутна блішчалі агеньчыкі ліхтароў, а побач змяшчаліся карцэры і розныя клятушкі-камеры, павялі Нявіднага ў рагавую вежу. Прайшлі калідор, павярнулі ў цесную шчыліну, у вузкі праход між тоўстых мураваных сцен, прайшлі яшчэ адны дзверы, і Нявідны апынуўся ў круглай маленькай камеры. У камеры было пуста, холадна і сыра. На цэментавай падлозе стаяў дзервяны тапчан-койка, а высока ўгары была зроблена невялічкая ніша, забітая жалезнымі кратамі. Праз яе скупа прабівалася святло ў камеру. Турэмшчыкі выйшлі. Загрымеў ключ у замку, дзверы цяжка зачыніліся, і Нявідны астаўся адзін, адгароджаны ад свету, людзей і волі. Ён прысеў на голы тапчан, азірнуўся… тупік. Далей ходу няма!.. Канец!..
Нявідны не цешыў сябе ніякімі ілюзіямі. Смяртэльная маркота ахапіла яго. Адзін, ні жывой душы. Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся тут… Там, у Гомельшчыне, засталася старая маці. Ніколі ў жыцці не адчуў ён такой вострай жаласці да яе, як у гэты момант. Яна так дрыжала над ім, так старалася ўсцерагчы яго. Два сыны яе загінулі на імперыялістычнай вайне. Дзве дачкі павыходзілі замуж і паўміралі. Чарга за ім, а маці застаецца адна ў свеце, перажыўшы дзяцей і мужа-чорнарабочага. Не бачыла яна радасці ў жыцці, і не ведае яна, што ён, апошні сын яе, яе радасць і апошняя сувязь яе з жыццём, адзін сядзіць у гэтай дамавіне… Лічаныя дні, а можа, гадзіны аддзяляюць яго ад цёмнага, жудаснага ў сваёй пустаце і маўклівасці нябыту.
Ён апёр галаву на рукі. Паток вострага болю і пакуты падхапіў яго і закружыў у мутных сваіх хвалях… Прэч, прэч слабасць і маладушнасць! Ён рашуча зрываецца з тапчана. Твар яго робіцца суровым і зацятым. Цвёрдымі крокамі ходзіць ён па камеры. Раз, два, тры. Раз, два, тры. Камера цесная — тры крокі і — паварот. Хада і рух сунялі яго нервы, ён трохі заспакоіўся. Ён думае аб тым, што робіцца там, на Палессі, думае, у якой ступені выбыццё яго з строю работы адаб'ецца на самой рабоце. Работа не спыніцца. Яго месца зоймуць дзесяткі, сотні, тысячы новых барацьбітоў, роджаных у буры вайны і рэвалюцыі, тысячы новыў сейбітаў буры і змагання.
Доўга хадзіў ён і думаў. Стомлены хадою, думкамі і ўсім перажытым за апошні час, ён прылёг на голы тапчан і заснуў, заснуў цяжкім сном чалавека, змучанага маральна і фізічна.
Скрогат ключа ў замку разбудзіў Нявіднага. Адразу ж успрыняў ён гэту ўсю жахлівую рэчаіснасць. У камеру ўвайшлі трое турэмшчыкаў.
— Ану, падымайся! — груба штурхануў яго адзін.
Яго павялі на допыт.
Нявідны з цікавасцю паглядзеў на следчых. Праціўныя, ненавісныя. Гэта — прагавітыя п'яўкі. Яны будуць высмоктваць сокі мазгоў яго, нерваў. Было іх тут двое. Адзін нарыхтаваўся запісваць. Другі будзе дапытваць. Нявідны паглядзеў на пісара і падумаў: "Многа ты не напішаш". Ён адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найболып цікавіць.
— Хто ты і як тваё прозвішча? — было першае запытанне.
— Рэвалюцыянер. Прозвішча ў мяне няма.
— Нявідны — гэта твой псеўданім? — запытаў следчы.
— Так я называю сябе сам.
— А прозвішча ты сказаць не хочаш?
— Лічу, што гэта непатрэбна.
— Аб тым, што патрэбна і што непатрэбна, судзіць не табе.
— Я думаў, што ў "дэмакратычнай" панскай Польшчы права судзіць дано ўсім, — іранічна заўважыў Нявідны.
— Што можна ваяводзе, то не тобе, смродзе, — так жа спакойна адказаў следчы.
— Дасканалая "дэмакратычная" прыказка, — засмяяўся Нявідны.
Следчы пачынаў злавацца.
— Мы аб табе маем вялікі дакументальны матэрыял, — пачаў ён. — Тваё злачынства нам дасканала вядома, і запірацца тут не мае сэнсу. Нам вядома, што ты на тэрыторыі Польшчы, на тэрыторыі, заваёванай польскай арміяй, вёў падрыўную злачынную анархабальшавіцкую работу, накіраваную на звяржэнне польскай улады, на арганізацыю хлопскіх банд для ўзброенага выступлення, на падпал маёнткаў і на тэрор у дачыненні да іх законных уладароў і адміністрацыі польскай дзяржаўнасці. Прычым гэту злачынную дзейнасць вёў у Палессі, аб'яўленым на ваенным палажэнні. Цяжар кары за ўсе гэтыя злачынствы можа быць зменшаны, калі ты скажаш, хто твае хаўруснікі.
— Вы хочаце гэта ведаць? — падкрэсліваючы слова "гэта", запытаў Нявідны.
— Так, гэта.
— Хаўруснікаў маіх многа. Калі б я назваў тых, каго я ведаю асабіста, то гэта была б якая-небудзь адна мільённая частка іх. Мае хаўруснікі — паўстаўШы супраць сацыяльнай несправядлівасці, спрадвечнага гнёту і эксплуатацыі народ, многамільённая маса працоўнага сялянства і рабочых. Мае хаўруснікі — мільёны прыгнечаных Полыпчы!..
Читать дальше