Бабка Наста, трасучыся, як у ліхаманцы, нацягнула на сябе дзяружку і пужлівым недаўменным поглядам азірала невядомых вайскоўцаў. Панас ляжаў нерухліва, агорнуты цёмным неакрэсленым страхам.
— Хто начуе тут? — запытаў рыжавусы. Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ.
— Хто начуе тут? — не адступаўся рыжавусы. Гэты перапалох і страх, здавалася, яшчэ болей надаваў рыжаму пыху.
— Усе… свае, — заікаючыся ад страху, падаў голас Максім. А ў гэты час другі, юркі і віхлявы, таксама запаліў ліхтарык і свяціў ім па хаце, заглядаючы на печ, у запечак і пад палок. Трэці стаяў моўчкі і нерухома наглядаў і слухаў.
— Усе начуюць? — перапытаў Максіма той жа рыжавусы. I ніхто ў хаце не азваўся.
Тады рыжавусы падышоў да Панасавага берлажку і штурхануў яго кулаком у плячук.
— Ну, ты… падымайся! — закамандаваў ён.
Панас пакорна прысеў на пасцелі.
— Ты хадзіў да бацькі на забачэнне?
Як нажом, разанула Панаса гэта запытанне. У галаве борзда-борзда замітусіліся думкі. Раз ён так пытае, то, значыць, ведае, што ён, Панас, хадзіў да бацькі.
Першыя прыступы страху прайшлі.
— Хадзіў! — цвёрда, пасля кароткага маўчання адказаў Панас.
Рыжавусы пахваліў яго за праўдзівасць і запытаў ужо болей лагодна:
— А дзе ест твой ойцец?
— Не ведаю.
Рыжавусы паглядзеў на Панаса строга, галавою паківаў.
— Як-то не ведаеш? А ты ж сёння ўдзень ладзіўся ісці да бацькі?.. Ну?..
Што было казаць Панасу? Праўда, ён збіраўся да бацькі. Але ў Панаса мільгнула думка, ці не бярэ яго на хітрыкі гэты рыжы д'ябал. Ён у сваю чаргу таксама кідаецца на хітрасць.
— Удзень я да бацькі не хаджу.
— Брэшаш! — прыкрыкнуў рыжавусы. — А куды ж ты ўдзень ходзіш? — Ён думаў, што падлавіў Панаса, а Панас цвёрда адказаў:
— Хаджу на балота гучкі і вецце рэзаць, худобу карміць. У нас забралі сена.
Гэты адказ збіў з тропу рыжавусага.
— А што табе казаў бацька?
— Казаў, каб я да яго болей не хадзіў.
— А дзе ты сустракаўся з бацькам?
— У лесе.
— Аб чым жа вы гаварылі?
— Аб усім: пра худобу, пра корм…
— А яшчэ што казаў бацька?
— Казаў, што да вясны ён дадому не вернецца.
— Брэшаш, лайдак! — загрымеў рыжавусы.
— Паночку! — падаў голас Максім. — Бацька наш стары. Яму семдзесят гадоў. Пагарачыўся, сам страху набраўся, а цяпер баіцца дома паказацца.
— Го-о, пся маць! Баіцца!.. А бальшавік чаму стаяў тут на кватэры?
I, яшчэ болей павысіўшы тон, кінуў у твар Максіму:
— Дзе стары пёс?
Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану.
— А паночак, а залаценькі! А за што ж на нас напасць такая? Апошняе сена забралі, худоба з голаду дохне. Стары з дому збег. А ён жа не вінаваты. Яго білі, штурхалі… А за што ж вы калоціце нас?
Рыжавусы зняважліва павярнуў з вышыні свайго пыху разбойніцкую морду ў бок бабкі Насты, і на гэтай мордзе адбілася пагардлівасць. Нічога не сказаў, як бы бабка Наста і не заслугоўвала таго, каб азвацца да яе, і калі яна зноў стала маліць яго, ён крыкнуў:
— Мільч!
А потым спакойна і жорстка закончыў свой візіт.
— Ну, хлопча, — павярнуўся да Панаса, — збірайся!
А калі выходзілі з хаты і вялі Панаса, сказаў цвёрда і выразна:
— Пшыдзе до нас ойцец — бэндзе мял волю хлопак!
Дзед Талаш і Мартын Рыль, расказаўшы адзін аднаму аб сваіх прыгодах, сталі радзіцца, што рабіць далей і куды ісці. Дзеда непакоіла думка аб доме, аб Панасу. I пытанне, чаму не прыйшоў Панас, стаяла перад ім у трывожнай і цёмнай зацятасці. Яно выклікала непакой у дзедавым сэрцы і клалася цяжкім каменем на яго старыя плечы.
Мартын Рыль таксама думаў аб сваім доме, аб жонцы і дзецях, аб сваёй гаспадарцы. Аднаму і другому трэба было на нешта наважыцца, выясніць сваё становішча, пазбавіцца гэтай няпэўнасці.
Мартын Рыль сустракаўся з рознымі людзьмі, і людзі расказвалі аб жорсткасцях польскай ваеншчыны, аб яе бязлітасных учынках. А гэта жорсткасць выклікала агульнае абурэнне там, дзе панская ўлада заводзіць свае парадкі, дзе яна асабліва жорстка ставіцца да беднаты, да асоб, замечаных у бальшавіцкай рэвалюцыі. Гэта абурэнне супраць паноў і польскай ваеншчыны месцамі вылівалася ў паўстанне, і палякі прыкладаюць усе намаганні, каб выкараніць дух непакоры. А гэты выпадак з раззбраеннем польскага канвоя, дзе браў удзел Мартын Рыль, яшчэ болей раз'ярыць іх злосць і змусіць іх стаць на шлях пільнасці, помсты і бязлітаснай расправы з тымі, хто пападаў пад іх падазрэнне. Слухаў дзед Талаш і тросся ад злосці на паноў, на польскую ваеншчыну, на несправядлівасць. Гэта нянавісць і злосць агнём расцякалася па яго жылах і поўніла ўсе закарвашкі яго душы. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў.
Читать дальше