— Часамі адзін чалавек даражэй за цэлыя дзесяткі людзей.
— Эге ж!.. Але адзін чалавек без грамады — малая сіла.
Зноў прыціхлі на кароткі час.
— А ці чуў ты, — пытае дзед, — што па лясах зброя схавана з нямецкай вайны, калі салдаты фронт пакідалі?
— Ходзяць такія чуткі… Напэўна, ёсць… Кажуць, і кулямёты прыхаваныя ёсць… Ды шмат яе і паразбіралі, па дварах хаваюць.
— Калі б сабраць людзей, — дзед сваю думку праводзіць, — то і зброя знайшлася б.
Змяніўшы і знізіўшы тон, ён прыступае да самага важнага моманту свае гутаркі.
— Чуй, голубе! Бадзяемся мы, як непрыкаяныя, туляемся, як прусакі па шчылінах, у сваю хату, як злодзеі, крадземся. А што мы зрабілі? У чым наша віна? За што ж будуць калаціць і трэсці нас? За што?
— Пачакай, дзядзька Рыгор, прыйдзе вясна, загойдаецца дрыгва на балотах, загудзе лес, ды так загудзе, як ён яшчэ ніколі не гуў.
— Але ж само яно не зробіцца, Мартын.
I, панізіўшы голас да шэпту, дзед Талаш нутраным крыкам, што ішоў з глыбіні набалелага сэрца, гаворыць далей:
— Давай, Мартын, за работу возьмемся.
— Ну што ж? Я згодзен, толькі не ведаю, што дзядзька надумаўся.
— Народ збіраць, бухторыць яго на вялікае рушэнне супраць катаў, гвалтаўнікоў. Чаго мы цярпець будзем, навошта спадзявацца? Чакаць, покі нас пераловяць па адным? Бо што такое мы, параскіданыя па адным? Пыл, сухі ліст, што вецер ганяе па полі. I першае, што я хачу зрабіць і ўчымпрашутвае дапамогі, — мой Панас. Дзіця ж ён яшчэ, — дзедаў голас задрыжаў. — За што ж ён пакутуе? Я не буду мець спакою, не адступлюся, хоць галаву палажу, покі не вырву з іх паганых рук Панаса. А як вызваліць яго? Сілаю! Людзі патрэбны. Хоць бы дзесятак адважных абаружаных людзей. Я пайду шукаць гэтых людзей, але шукай іх і ты. I Божа цябе барані расказаць аб гэтым ворагу! Я пракляну цябе праклёнам бацькі, і ты згінеш!
Мартын зірнуў на дзеда Талаша і адчуў мімавольны страх. Дзед Талаш гаварыў не на вецер. Вочы яго гарэлі неспакойным злавесным агнём і зачароўвалі Мартына, адбіралі яго волю.
— Дзядзька Рыгор, за пяць чалавек я ручаюся, знайду іх. Скажы толькі, дзе знайсці цябе і калі.
Дзед Талаш ссунуў з ілба шапку, нібы яна замінала яму думаць, нахмурыў бровы, вочы яго зноў уставіліся ў неакрэсленыя прасторы, як бы аглядаючы хвалі падзей у гэтыя бліжэйшыя дні, і пасля кароткага разважання сказаў:
— Адлічы ад сённяшняй раніцы роўна тры дні. У трэці дзень, калі добра змеркнецца, будзь на Доўгім Бродзе і чакай, покі не завые воўк: гэта буду выць я (дзед Талаш умеў вельмі добра выць па-воўчы). Я завыю тры разы з перапынкамі. Вось як ты знойдзеш мяне. Запамятай жа гэта цвёрда.
— З сённяшняй раніцы адлічыць роўна тры дні. На трэці дзень, калі добра сцямнее, быць на Доўгім Бродзе і чакаць, покі завые воўк. Воўк будзе выць тры разы з перапынкамі, і тады я падыду да дзядзькі.
— Эге, так! — пацвердзіў дзед Талаш і зірнуў доўгім выпрабоўваючым поглядам у вочы Мартыну Рылю. Мартын таксама глянуў у дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы.
— Чаго, дзядзька, так пазіраеш на мяне?
— Хачу ўпэўніцца ў табе, і вочы твае мне кажуць, што ты не лжэпг.
Мартын моўчкі кіўнуў галавою.
— А калі я не пачую, як вые воўк каля Доўгага Броду? — запытаў ён.
— Тады чакай мяне дома. Я найду цябе, калі я не спраўлюся за гэты час.
— Добра.
— Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо, можа, шукаюць. Я буду спадзявацца на цябе. Ідзі ж даведайся, што ў цябе дома. I памятай, аб чым гаварылі мы. Дык трэці дзень у змярканні… Доўгі Брод. Вые воўк.
Мартыну рабілася не па сабе, калі ён слухаў гэтыя словы і цвёрды голас старога Талаша. Дзед крэпка, як клешчамі, сціснуў ручышчу свайго спадарожніка і змоўніка. Ён гэтым даваў яму знаць, якая сіла захавана яшчэ ў цвёрдай і жорсткай старой руцэ.
I ўжо трошкі счакаўшы, калі прысадзістая постаць дзеда Талаша загубілася між шурпатых камлёў, Мартын сам сабе падумаў: "Куды ён пайшоў? Чаму я не запытаўся ў яго?"
Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры.
План дзедаў просты: перайсці на лінію Чырвонай Арміі. А там ён распытаецца, дзе знаходзіцца камандзір батальёна, што стаяў у іх вёсцы, — дзед назаве гэту вёску. На шчасце, ён ведаў і прозвішча камбата — Шалёхін. Дзед раскажа яму сваю бяду, сваё бацькоўскае гора. Таксама раскажа і пра белапольскае войска — аб ім сёе-тое ведаў дзед Талаш, ведаў некаторыя пункты, дзе яно стаіць, і шмат ведае аб паводзінах польскіх легіянераў і іх афіцэраў. Хіба гэтыя весці не будуць цікавы для камандзіра войска? I на большае пойдзе дзед Талаш: ён пасуліць свае паслугі быць разведчыкам, збіраць патрэбныя весці аб размяшчэнні легіёнаў. Хто, як не ён, пакажа дарогі ў лясах і праходы ў балотах? А самае важнае, што скажа дзед Талаш, гэта тое, што ён мае намер і ўжо робіць першыя крокі ў гэтым кірунку — падняць паўстанне супраць лютага ворага сярод шырокіх пластоў працоўнага сялянства. А чаго ж патрабуе для сябе за гэта дзед Талаш? Ён будзе прасіць камандзіра даць яму хоць з дзесятак смелых ахвотнікаў-чырвонаармейцаў, каб зрабіць нечаканы раптоўны напад на павятовага "камісаржа", на астрог, дзе пакутуе яго зняволены Панас. I яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта — добрую, настаяшчую салдацкую стрэльбу. Калі пашанцуе адбіць яе ў палякаў, то ён верне назад пазычаную стрэльбу. Ён раскажа камандзіру і пра свій план нападу — гэты план смелы і просты, і страты ў людзях не будзе… Няўжо ж ён не схіліць на свой бок камандзіра?
Читать дальше