У вёсцы пачалі паяўляцца невядомыя людзі, шныраць, як цені, прыслухоўвацца, дзе што гаворыцца, дзе што робіцца. I ходзяць чуткі, што палякі будуць рабіць мабілізацыю. А войт распытваў яго, Панаса, дзе стары Талаш. Але Панас не такі дурань, каб сказаць яму праўду. Адным словам, дзеду Талашу ніяк няможна варочацца дадому — такі быў нязменны прыпеў Панасавых навін.
Слухаў дзед Талаш гэтыя навіны, і яго ўласная крыўда заціралася, адступала на задні план, і стажок, што забралі палякі, паслужыўшы прычынаю ўсёй гэтай бяды, здаваўся цяпер маленькаю купінкаю і губляўся ў дзедавых думках. Справа абарочвалася значна горай, а на першае месца выпіналася агульнае ліха сялянскай галечы. I што рабіць? Трывала жыла ў ім надзея на тое, што палякаў пагоняць назад, а цяпер паяўленне іх, якое ўспрымалася яшчэ некалькі дзён таму назад як раптоўны налёт на кароткі час, пагражае стаць зацяжным, а можа, назаўсёды фактам нямілай чужацкай няволі. I няўжо ж яму, дзеду Талашу, адрэзаны дарогі да свайго дому?.. А калі б пайсці ды павініцца ў сваім учынку? Ды ў чым, якая віна яго? Яго пакрыўдзілі, зняважылі, а ён будзе кланяцца ім? Ды згінь, прападзі іх доля!
Дзед Талаш быў зацяты і горды, як дзікі арол.
Было гэта ў той дзень, калі дзед Талаш прыйшоў на ўмоўленае месца спаткання з Панасам. Звычайна Панас прыходзіў першы і пасвістваў, чакаючы бацькі. На гэты раз першы прыйшоў дзед Талаш. Прыслухаўся — жуткая, злавесная цішыня. Можа, ён паспяшаўся? Дзед заняў пазіцыю пад старым, прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Час ішоў. Панаса не было. Прачакаў дзед гадзіну, прачакаў другую. Мулкая глухая трывога залягла ў дзедавым сэрцы. Якая прычына перашкодзіла Панасу прыйсці сюды? Дзед Талаш прыпамінае апошняе спатканне з Панасам — ці не магло тут быць якой памылкі, ці сапраўды на гэтым месцы ўмовіліся яны спаткацца? Не, памылкі не было. I тоўсты дуб ускрай Сухога поля — гэта добра памятае дзед Талаш. Нават Панасавы словы, што былі сказаны на адвітанні, гучаць у дзедавых вушах:
— Дык пад тоўстым дубам каля Сухога поля.
Дзед Талаш падняў вочы на гэты каржакаваты гузасты дуб з магутнымі лапамі, як бы чакаючы адказу на свае сумненні. Дуб стаяў нерухома ў сваёй паважнай застыласці, трымаючы ў развалінах ёмкі ком снегу. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце. Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах. I толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі.
Маркотна рабілася старому. У яго ўяўленні замітусіліся розныя праявы і малюнкі, рысуючы яму самыя панурыя здарэнні, якія маглі налучыць Панаса, Максіма і бабку Насту. А кожная хвіліна часу востраю стрэмкаю ўядалася ў яго сэрца. Дзедаваму цярпенню прыходзіў канец — трэба кудысь ісці, трэба нешта рабіць.
На Палессе хутка насоўваўся зацяты ў сваёй маўклівасці вечар, прыводзячы цямранаю посцілкаю лес, дальнія балоты і Сухое поле. Кусты і асобныя дрэвы на полі трацілі свае абрысы, пераходзілі ў постаці няясных расплыўлівых сілуэтаў.
Дзед Талаш ускінуў плячамі, ямчэй падаў стрэльбу, яшчэ раз абвёў вачыма навакол і ўжо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні, і раптам занямеў: з глыбіні лесу пачуўся шоргат па снезе нечых ног і прыглушаны лускат сухіх галінак пад нагамі. Шорганне чаргавалася размерна ірытмічна — раз-два! раз-два! Часамі рытм парушаўся, але ўсё ж захоўваў агульны свой тэмп. Па чаргаванню гукаў дзед Талаш устанавіў, што гэта ішоў чалавек, але гэта былі не Панасавы крокі: ступаў хтось грамозны грузна і цяжка. Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася гэта шорганне ног невядомага чалавека. Высокая цёмная чалавечая постаць мільгнула ў навісі зацярушаных снегам галін і паволі выплывала на прагал, вырысоўваючыся ўсё болей і болей ясна з лясной вячэрняй цемры. Дзед Талаш стаяў у напружанай постаці чакання. Аклікнуць ці не? Што за чалавек? I супраць дзедавай волі вырваўся голас яго:
— Хто ідзе?
Высокі чалавек спуджана запыніўся, спасцярожліва гледзячы перад сабою.
— Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага.
Дзеда Талаша не было відаць з-за дуба.
— Пытаю я! — азваўся дзед Талаш.
— А хто ты?
— А ты хто?
Па голасе і па гаворцы дзед Талаш дазнаўся, што гэта чалавек свой, тутэйшы. Дзедава напружанасць і страх крыху ачахлі, але ўсё ж такі ён покі што і надалей захоўваў сваё інкогніта, і таму, калі наступіла недаўменная і няёмкая маўчанка ў іх распытваннях, дзед Талаш зноў падаў голас:
Читать дальше