Апошняе — словы пра "нэпманаўскага сваяка" — Ганну кальнула, але яна адагнала думкі пра гэта. Шчырая гаворка Башлыкова ўзрушыла яе: акрамя таго, што ёй неабыякавым было ўсё, што яму давялося паспытаць, шчырасць яго кранула Ганніна сэрца тым, што ён, не тоячыся, шануючы, як бы ўвёў яе ў сваю сям'ю, у сваё жыццё. Яе ўсхвалявала, што жыццём сваім ён падобны на яе, можна сказаць, блізкі ёй. З удзячнасцю яму за шчырасць яна пачула блізкасць сваю яму.
Ад звычкі за дабро плаціць дабром яна, хоць і стрымана, коратка, расказала яму пра сваіх — бацьку, мачыху, Хведзьку. Расказала таксама шчыра, праўдзіва, ні словамі, аднак, не згадала Яўхіма і Васіля. Да тайны гэтай яна не захацела дапусціць яго. Тайна гэта, здалося, лягла між іх як нейкая вельмі чутная мяжа.
Ён ці не пачуў гэту тайну, ці не надаў ёй значэння. Абняў Ганну за плечы, прытуліў да сябе. Яна не здзівілася, не спрабавала вызваліцца. Не дзеўка, ведала, што гэта будзе. Раней ці пазней — будзе. Тоячы сваю тайну, чутную ёй цяпер, маўчала, паслухмяная ў яго абдымку.
Каб не тайна гэта, ёй было б зусім хораша. Але тайна была, жыла ў ёй. Мімаволі прайшло ў думках: няўжо ён так і не ведае нічога пра Яўхіма? Для іх, для партыйцаў, гэта, здаецца, важна ж? Ці — ведае і не зважае? Смелы такі? Любіць так? Праўдзівая і смелая, яна, аднак, не наважвалася высвятляць. Баялася рызыкаваць тым, што ёсць. Адагнала думанне, неспакой, моўчкі цешылася яго ласкай, цішынёй, бегам вазка, шараватай упоцемку дарогай.
Толькі калі пачула яго далонь пад кажухом, на грудзях, адвяла руку Башлыкова.
— Не трэба.
Ён паслухаўся.
Мелькам адзначыла: ехалі незнаёмым полем. Шлях на Юравічы быў даўно ўбаку. Ішло і ішло гэта шэрае, нібы зажуранае поле. Потым поле скончылася, палезлі насустрач хаты, кінуўся пад каня сабака. Калі хаты адступілі, пачаў выбягаць чорнымі купамі нейкі лазняк. Вазок стала моцна хіліць з боку на бок, так што самой трэба было туліцца да Башлыкова.
За лазняком пайшла роўная дарога. Рака, напэўна. Штосьці бліснула ўперадзе, як бы на ўзгорку, — агеньчык нейкі. Потым яшчэ адзін, другі. Раптам вырасла, амаль усутыч, не відная раней града-бераг. Нейкім ярам сталі ўздымацца на яе, уехалі ў вуліцу. Чым далей, больш свяцілася агнёў. Башлыкоў адхінуўся. Сядзеў ужо роўна, трымаў аберуч лейцы.
Ля нейкага чалавека Башлыкоў прыпыніў каня, запытаў, дзе тут сталовая. Дзядзька расказаў, як праехаць да яе. Башлыкоў падзякаваў, рушыў далей. На плошчы яшчэ спыніў чалавека, запытаў. Нарэшце прытрымаў каня каля нейкіх светлых вокан. Загадаў ёй пачакаць, саскочыў на зямлю. Вярнуўся давольны:
— Тут. Прыехалі!
У велікаватым пакоі, дзе стаяла поўна сталоў, было амаль пуста. Пасля змроку і холаду дарогі весела было мружыцца ад святла, чуць утульнасць, цяпло жылля. Святло і цяпло нібы зычылі радасць.
З чаканнем гэтай невядомай радасці Ганна і села за стол, які выбраў Башлыкоў. Ён зняў шапку, але не сеў, стоячы ля стала, заклапочана азірнуўся. Быў ён цяпер засяроджаны, строгі, падобны на таго, якім яна бачыла яго на сходзе ў Глінішчах.
Паявілася аднекуль, штосьці дажоўваючы, таўставатая цётка з фартушком, кінула нядобра позіркам на Башлыкова, на дзверы, крыкнула недавольна: хто адчыніў дзверы! Рушыла проста да іх, не гледзячы, адрэзала:
— Усё. Зачынено.
Яна аб'явіла так, што пярэчыць было лішне. Башлыкоў не варухнуўся. У твары яго з'явілася нешта цвёрдае. Ён, відаць, стрымаў сябе, прамовіў спакойна:
— Мы з дарогі. Нам перакусіць.
Цётка ікнула. Жалезна паўтарыла:
— Сказано. Зачынено.
Твар Башлыкова яшчэ пацвярдзеў.
— Дзе загадчык?
— А што загадчык? Няма загадчыка!
— Тады паклічце буфетчыцу.
У голасе яго чулася такая цвёрдасць, што таўстуха, каб не дурная, павінна была б скеміць, з кім мае гаворку. Але не адступала, усё насядала са сваім: "Сказано!"
Башлыкоў, нібы не лічыў годным весці з ёй спрэчку, моўчкі, рашуча пакрочыў да буфета. Буфетчыца корпалася за доўгім сталом сваім са шкляным верхам, сустрэла таксама не надта ветліва, але адказала яму, і ён смела адчыніў дзверы побач. Паявіўся ён з дзвярэй з маладым, хударлявым чалавекам, што пакульгваў. Чалавек гэты штосьці сказаў буфетчыцы і пазваў афіцыянтку, тая была ўжо ля аднаго століка, разлічвалася з людзьмі. Яе, аказалася, звалі Надзяй.
Афіцыянтка, не хапаючыся, строячы з сябе няшчасную, паклыпала да буфета.
Усё гэта здарэнне адазвалася ў Ганне такой прыкрасцю, што яна глядзець на гэта не хацела. На яе характар, яна з такой ласкі ўстала б даўно і, пекануўшы належным слоўцам дурную таўстуху, з пагардай на твары выйшла б сама. Трэба яна ёй, такая вячэра, калі такі прывет. Але разам з тым, бачачы ўсё гэта, яна не магла не адзначыць, як трымаўся ў паганай гэтай гісторыі Башлыкоў. Тое, як ён годна гаварыў, як настойліва дабіваўся і дабіўся свайго, выклікала не толькі павагу да яго, але і ўдзячнасць: так клапаціўся, можна сказаць, пра яе. З гэтым жылі і прытоенае захапленне, гонар: з такім можна не баяцца нічога, такі не дасць у крыўду.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу