— А то, можа, у мястэчка давай? — Апярэджваючы яе пытанне, дадаў: — У мястэчку лягчэй будзе вучыцца.
Яна ўмомант убачыла мястэчка, чыстае, святочнае, сябе ў ім, прыбраную, незнаёмую. Мястэчка было, што там ні думай, як бы вышэйшым светам, яно вабіла. І словы Башлыкова завабілі, аж нібы закружылася галава ад прадчування нязнанага, цудоўнага… Яна намаглася, адолела непатрэбнае захапленне, прамовіла разважліва, з насмешачкай:
— Што я там рабіць буду?
— У нас арцелі там, — сказаў Башлыкоў стала, надзейна. — Работніцай можна будзе ўладзіць. Спачатку — падвучыцца трэба будзе, канечна. Пабудзеш вучаніцай. А там — майстрам станеш. Спецыяльнасць і прафесія рабочая! Рабочы клас, можна сказаць! Ну, а там і далей можна пайсці. Адтуль табе ўсе дарогі адкрыты.
— Унё, так проста! — стрымала яна сябе, хоць ад слоў яго ўсё ж нібы кружылася галава.
— Не проста, і не так страшна, як ты думаеш. — Ён, чула, зазлаваў на яе недавер'е, загаварыў гарачэй: — Я, ты думаеш, з чаго пачынаў? З таго ж, можна сказаць, што і ты. Распісацца ледзь умеў! Але рашыў: вазьмуся, адолею ўсё! І ўзяўся! Гурткі, курсы, камсамол! Работа і самаадукацыя! І дабіўся!
— Дык то вы! — знарок запярэчыла яна.
— Галоўнае: захацець і праявіць настойлівасць. І ўсяго даб'ешся. Ты зможаш, я бачу!
Праз некалькі хвілін ён раптам перарваў гарачую гаворку, сказаў клопатна:
— Ну, мне трэба ехаць. Справа чакае.
— Трэба дык трэба, — згадзілася яна, тоячы шкадаванне.
Ён завярнуў каня, тузануў лейцамі. Вазок лёгка, нячутна паплыў да шляху, перацяў шлях. Ужо калі па баках разышлася роўнядзь шэрага поля, ён аб'явіў:
— Заўтра выберуся на больш. Зможаш?
— Прыйду.
— Туды ж?
— Добра.
Башлыкоў падвёз яе да гумнаў і адразу завярнуўся. Хутка вазок яго знік упоцемку.
Яна прайшла некалькі крокаў і стала на сцежцы, поўная тлумнага, супярэчлівага хвалявання. Стаяла адна сярод цемнаватага поля між загуменнем і школаю, сярод цішыні, у якую адно ўбіваліся п'яныя галасы, аднекуль з сярэдзіны сяла. Там спрабавалі спяваць. Яна не думала ні аб чым, не спрабавала разабрацца ў тым, што адбылося. Нібы разумела, што ні да чаго ўсё роўна цяпер думанне, не дадумаецца ні да чаго.
Проста хацелася пастаяць адной, пабыць з сабою. Пабыць пад гэтым паяснелым небам, з якога перастала сыпаць снегам. Цешачыся халаднаватаму ветру, што свежа абвяваў твар, парадавацца адчуванню волі, прасторы, якія так мілы цяпер душы.
Можа, ёй пасля Башлыкова нядобра было бачыцца цяпер з Параскаю. Можа, было і такое. Але яна не думала ясна пра гэта. Не хацела думаць ні аб чым. Нейкі час яна цешылася адно ноччу, цішынёю, воляю.
Неахвотна падалася да школы. Акно ў Парасчыным пакоі свяцілася, і яе кранула вінаватасць. Узяла няёмкасць перад Параскаю, і яна ўжо ясна адчула, што не проста будзе пабачыцца, глядзець у вочы ёй. Падумала мімаволі: лепш было б, каб яна спала ўжо. Каб не бачыцца цяпер, не сарамаціцца.
Нацятаю была, калі, прыцішваючы крокі, прайшла паўз паску святла з Парасчынага пакоя. Чакала з насцярожанасцю, што выйдзе з дзвярэй сама, паглядзіць, зразумее ўсё. Не выйшла. На кухні Ганна намацала лямпу, запаліла, больш для таго, каб прыглушыць сумяціцу ў душы, няцвёрдасць, стала пераціраць чысты посуд, перастаўляць тое, што было на месцы.
Рабіла так, нібы вярнулася з нейкіх адведак з сяла. Параска ўсё не выходзіла, гнулася, пэўна, над сваімі сшыткамі. Ці, можа, разумела ўсё, што на душы ў яе, Ганны, не хацела даваць прыкрасці. Ганна ж ужо як бы пачула дакор свайму хаванню, якое прыніжала яе, кранала яе гонар.
З вяртаннем гонару вярталася ўпэўненасць. Ужо як бы захацелася пабачыцца вочы ў вочы, выказаць годнасць сваю. Няхай не думае пра яе, Ганну, чаго не трэба!
Смела адчыніла дзверы.
— Слепіш вочы ўсё? — прамовіла амаль задзірыста.
Параска як бы неахвотна адарвалася ад стала. Але сустрэла неспадзявана давольнаю, нават шчасліваю ўсмешкаю:
— П'еску выкапала! Такая смешная! Рогату будзе на ўсё Глінішча! Тут адна ролька ёсць, удавы-барыні! Хочаш, дам табе, па знаёмству?
— Найшла пра што! — папракнула Ганна.
— Не, я праўду! Згаджайся, пакуль не позна! А то перадумаю, сама вазьму! Зайздросная ролька! Кар'еру можна зрабіць адразу! Адразу славутай артысткай стаць! На ўсё Глінішча праславіцца! Ну?
— Хопіць мне той славы, што ўжэ е.
— От дзівачка! Удачы сваёй не бярэш! Ну што ж, я сказала! Дзела тваё! Кусай потым локці сабе! — Параска памаўчала, амаль не мяняючы тону гаворкі, сказала: — Заязджаў твой, былы. — "Былы" прамовіла з націскам, з насмешачкай.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу